Аліна Бялова піша на budzma.by пра перспектывы развіцця электратранспарту ў нашай краіне.
На мінулым тыдні ў краіне адбыліся аж дзве падзеі, якія, па ідэі, павінныя стымуляваць развіццё экатранспарту, — прынамсі электрамабіляў. Па-першае, прадпрыемства «БелДжы» заявіла пра закупку пробнай партыі Geely Geometry A — кітайскага электрамабіля, што выпускаецца ў дзвюх версіях: «стандарт» з далёкасцю хода да 410 кіламетраў на адным зарадзе і топавай версіі на 500 кіламетраў. «БелДжы» мае намер правесці выпрабаванні і вывучыць попыт на гэты від транспарту на нашым рынку, каб прыняць рашэнне аб запуску масавай вытворчасці.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра падтрымку развіцця электратранспарту. Дакумент усталёўвае нулявую стаўку ПДВ пры ўвозе электрамабіляў (пры гэтым удакладняецца: тым, хто раней набыў аўто з ПДВ, гэты падатак будзе вернуты ў межах 500 базавых велічынь), вызваляе ўладальнікаў электрамабіляў ад выплаты пошліны на допуск да ўдзелу ў дарожным руху (так званы «дарожны падатак»), а таксама ад платы за паркоўку ў абсталяваных месцах да 2026 года.
Добра забытае старое
Блізкі да ўлады тэлеграм-канал «Пул Першага» навіну пра ўказ падаў пад вядомым мемам: «Як табе такое, Ілан Маск?». І спрагназаваў размову Сінявокай з уладальнікам кампаніі Tesla: «Беларусь: Ёсць яшчэ такое ў свеце? — Ілан Маск: Uh no». Але на самай справе Маск мог бы адказаць і інакш: «Спачатку зрабіце, потым хваліцеся».
Рэч у тым, што дакладна такі ж указ з аналагічнымі захадамі быў падпісаны ў 2018 годзе. Згодна з тым дакументам, электракары таксама вызваляліся ад «дарожнага падатку». Апроч таго быў пункт пра вызваленне ад ПДВ пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі прыладаў сілкавання, што не вырабляюцца на тэрыторыі краіны. Гэта мусіла пашырыць колькасць зарадных станцый.
Але асаблівага развіцця электратранспарту ў краіне не было. Вядома, значна пашырылася колькасць месцаў, дзе можна «заправіць» электракар. У лістападзе мінулага года, па словах намесніка галоўнага дырэктара «Беларуснафты», якая займаецца ўсталяваннем станцый сілкавання, у краіне іх было пабудавана 130 штук. Да канца 2019 года лічба мусіла павялічыцца амаль удвая — да 250 штук, але пакуль невядома, ці здзейснілася гэтая мара. У любым разе, нам абяцалі 500 станцый да 2021 года. З чаго вынікае, што зарадзіць электрамабіль недзе па-за межамі сталіцы — усё яшчэ праблема.
Таму не дзіва, што ў Беларусі зарэгістравана толькі каля 360 электрамабіляў, з іх 200 — у Мінску. Больш чым палова станцый сілкавання (70 са 130, што былі ў наяўнасці на лістапад 2019-га) таксама знаходзіцца ў сталіцы.
Істотны плюс для ўладальнікаў электракараў у тым, што пакуль падсілкаваць свае машыны яны могуць бескаштоўна. Год таму ў краіне ўвялі адмысловы тарыф на электраэнергію для станцый сілкавання электракараў. Ён складае 0,15693 рубля (без ПДВ) за 1 кВт/г, што амаль удвая ніжэй за агульны тарыф для арганізацый, якія працуюць у сферы паслуг. Але «Беларуснафта» ўжо анансавала ўвядзенне платы — 30 капеек за кілават. Калі гэта адбудзецца, то падсілкаваць электрамабіль кшталту Tesla Model S абыдзецца ў суму каля 30 рублёў. Калі аднаго зараду батарэі хапае кіламетраў на 500, то выдаткі складуць 6 рублёў на 100 кіламетраў. Гэта прыкладна ўдвая танней за эканамічную бензінавую машыну, але ўсё ж не задарма!
Праблемы звонку
З тых часоў як Лукашэнка праехаўся на Tesla, якую, па яго словах, яму «падараваў Ілан Маск», прайшло даволі шмат часу. Але істотных зменаў у развіцці электратранспарту мы не пабачылі. Беларусь, можа, і хацела б развівацца і быць «паперадзе планеты ўсёй» у гэтым кірунку, але ёй перашкаджае ўласная недальнабачная палітыка.
На думку экспертаў, самым надзённым і эфектыўным захадам для развіцця электратранспарту было б скасаванне ўвазных пошлін на электрамабілі. Менавіта яны, пры дарагоўлі саміх машын, робяць іх абсалютна недаступнымі для большасці беларусаў.
Напрыклад, цэны на тыя Geely Geometry A, якія закупіў завод «БелДжы», пачынаюцца з 21,5 тысячы даляраў за стандартную версію, і з 24,5 тысячы даляраў — за «прэміум». Дадайце сюды ўвазную мытную пошліну (17%), ПДВ (20%) і ўтылізацыйны збор — аўто атрымаецца «залатым». Але гэта ж толькі «кітаец», не значна даражэйшая Tesla!
Кіраўніцтва краіны неаднаразова спрабавала абнуліць увазныя пошліны на электракары, але гэтаму супраціўляецца Расія. Паколькі ў нас з ёю Мытны саюз і Еўразійскі эканамічны саюз, Беларусь не можа прыняць рашэнне пра абнуленне мытнай пошліны самастойна. У ЕАЭС абяцаюць усталяваць нулявую стаўку на ўвоз электрамабіляў на сваю тэрыторыю ажно ў гэтым годзе, але пакуль такіх прэферэнцый няма. І электракары застаюцца для беларусаў экзотыкай.
Што можа здарыцца, калі пошліны адменяць? Гэта мы можам пабачыць на прыкладзе Украіны, якая, пры ўсіх сваіх эканамічных складанасцях, нас абганяе. Там не толькі адмянілі падаткі на ўвоз электрамабіляў (у тым ліку ужываных). З 1 студзеня 2020 года электракарам нададзеныя «зялёныя нумары», якія, напрыклад, прадугледжваюць для такой машыны асобныя месцы на паркоўках. Таксама з’явілася абавязковае патрабаванне абсталявання прыборамі электрасілкавання мінімум 5% машынамесцаў на паркоўках, што будуюцца або рэканструююцца. У адміністрацыйны кодэкс Украіны прапануецца ўвесці штраф у памеры 340-510 грыўняў за прыпынак або стаянку «звычайнага» аўто на месцы для электрамабіляў.
У выніку па Украіне бегае ўжо больш за 15 тысяч электрамабіляў. Толькі за першае паўгоддзе 2019 года ў краіну было ўвезена 1550 электрамабіляў Nissan Leaf.
Уласная вытворчасць?
У нас вельмі любяць рапартаваць кіраўніку дзяржавы пра дасягненні, але далей за рапарты справа, на жаль, не ідзе. Калі Лукашэнка катаўся на электракары, нашыя навукоўцы казалі, што распрацавалі цэлую лінейку электратранспарту — ровар, скутар, матацыкл і гэтак далей. «Ужо зрабілі электрамінівэн, невялікую электрычную камунальную машыну і грузавік», — хваліўся старшыня прэзідыума Акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў. Праўда, беларускі электракар мог праехаць на адной зарадцы батарэі толькі 250 кіламетраў, але, па словах таго ж Гусакова, ужо ёсць айчынная графенавая батарэя-назапашвальнік для электракараў.
Больш за тое, першыя тры мадэлі беларускіх электракараў мусілі паступіць на рынак да канца 2019 года. Пакуль іх не бачна. Як не бачна і Geely Electrо, якую абяцаліся збіраць на заводзе ў Абчаку. Мажліва, з «абкаткай» Geely Geometry A пра планы наконт Geely Electrо давядзецца забыць.
Можна ўспомніць і такі праект, як «ё-мабіль» Міхаіла Прохарава. Цэнтр распрацоўкі гэтых аўто знаходзіўся ў Мінску, выпрабаванні таксама адбываліся ў Беларусі, дый лагатып яму прыдумаў знакаміты беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер. Аднак гібрыд электракара і газавага рухавіка аказаўся занадта дарагім для масавай вытворчасці — а машына разглядалася менавіта як масавая. У выніку праект згарнулі.
Важную ролю таксама адыгрывае попыт на электрамабілі. «БелДжы» можа прыняць рашэнне пра выпуск электрааўто ў Беларусі пры гадавых продажах ад 5 тысяч штук. Вялікі плюс тут — той самы рынак ЕАЭС, які пакуль устаўляе палкі ў колы электракараў. Але калі такога попыту не будзе, то не будзе і айчыннага электрамабіля.
Экалагічна?
Але ці насамрэч электрычны транспарт экалагічны? Сапраўды, пры эксплуатацыі ён не выкідае прадукты згарання ў атмасферу. Крытыкі ж заклікаюць разглядаць праблему ў цэлым: варта, маўляў, улічваць выкіды парніковых газаў не толькі пры эксплуатацыі аўтамабіля, але і пры яго вытворчасці і ўтылізацыі.
Здабыча і апрацоўка літыю, кобальту і марганцу, неабходных для акумулятараў, вельмі энергаёмістая. Таму вытворчасць адной батарэі, тэрмін службы якой 10 гадоў, прыводзіць да эмісіі 11-15 тон вуглякіслага газу. Значыць, пры прабегу ў 15 000 кіламетраў у год электракар пакідае за сабою 73-98 грамаў вуглекіслаты на кіламетр.
Да таго ж усім вядома, што айчынная праграма развіцця электратранспарту разлічаная на ўвод у дзеянне Астравецкай АЭС. Ці можна лічыць «экалагічным» аўтамабіль, што запраўляецца з дапамогай «неэкалагічнай» электрычнасці?
Але ўсё гэта збольшага пытанні падыходаў. Рэч у тым, што прагрэс не стаіць на месцы. Тыя ж графенавыя батарэі могуць «адціснуць» літый і кобальт убок, можа змяніцца і крыніца электраэнергіі. Прагрэс у гэтай галіне не можа не радаваць, і таму, падаецца, няма сэнсу для спрэчак. Аўтамабіль бярэцца не на адзін год, і ўжо да скону «старой» машыны ўсё можа змяніцца кардынальна.
Можа, і мае рацыю «БелДжы», што пакуль не спяшаецца з вытворчасцю электрамабіляў.
Аліна Бялова, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!