Беларус працуе ў Польшчы над новай экранізацыяй «Дзікага палявання караля Стаха»

Праект пад назвай «Дзікае паляванне караля Стаха» атрымаў грашовую падтрымку ад Польскага інстытута кінамастацтва. Гэта вынікае з апублікаванай справаздачы чацвёртай сесіі пра падрыхтоўку кінапраектаў і распрацоўку сцэнарыяў у пачатку снежня 2024 года, піша Тарас Тарналіцкі на «Еўрарадыё».

Skrynšot z prezientacyi prajekta «Dzikaje paliavannie karalia Stacha»
Скрыншот з прэзентацыі праекта «Дзікае паляванне караля Стаха» / R2 Film

Мяркуючы з яе, у праекта вытворчы бюджэт 90 тысяч злотых, а Польскі інстытут дафінансуе яго яшчэ на 40 тысяч злотых. Сцэнарыстамі фільма пазначаныя Аляксей Раковіч, Яцак Васілеўскі і Дзмітры Багаслаўскі. Раковіч таксама выступіць рэжысёрам праекта. У прадзюсарах значыцца яго кампанія — студыя R2 FILM sp. z o.o.

Пра распрацоўку праекта стала вядома яшчэ летам 2024 года, пра што паведамляў тэлеграм-канал «Священный Белавуд», але цяпер бачна, што імавернасць рэалізацыі істотна вырасла.

Skrynšot z prezientacyi prajekta «Dzikaje paliavannie karalia Stacha»
Скрыншот з прэзентацыі праекта «Дзікае паляванне караля Стаха» / R2 Film


Як піша польскі прадзюсар і дыстрыб’ютар Марцін Жукоўскі, які дапамагаў аўтарам аформіць заяўку ў Польскі інстытут кінамастацтва, дзеянне фільма разгорнецца «на мультыкультурным Палессі ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя» і «дазволіць прадставіць складаныя адносіны паміж рознымі этнічнымі групамі такім чынам, які выходзіць за рамкі пракладзеных схем».

На дадзены момант праект знаходзіцца на ранняй стадыі — перапісваецца літаратурны сцэнар, ідзе распрацоўка творчай канцэпцыі, пошук актораў і лакацый.

Вось што Аляксей Раковіч распавёў Еўрарадыё адносна фільма:

«Я маю правы на экранізацыю поўнага метра і серыяльнай версіі. Што датычна самога праекта, то ён яшчэ ў самым пачатку. Мы выйгралі конкурс толькі на распрацоўку сцэнара. Таму ідзе марудная праца па складванню капрадукцыі. Паралельна мы з маімі польскімі і беларускімі калегамі ствараем другі чарнавік літаратурнага сцэнарыя. Ёсць кантракт з нямецкай і польскай кінакампаніямі. Два вядучых еўрапейскіх актора далі сваё пагадненне на ўдзел у праекце. Але пра акторскі састаў размаўляць яшчэ вельмі рана — гэта залежыць, не толькі ад рэжысёрскага бачання, але і ад удзелу вялікага капітала», — падкрэсліў суразмоўца.

Хто такі Аляксей Раковіч

Стваральнік новай экранізацыі Караткевіча Аляксей Раковіч — рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар з Беларусі. Ён кіраўнік прыватнай студыі R2 Film, якая займаецца стварэннем кіна-, тэле- і рэкламнага кантэнту.

У партфоліа кампаніі — рэкламныя ролікі пра турыстычны патэнцыял Нясвіжа, Оршы, Мінскага рэгіёна, тэлефільмы пра Ігната Дамейку, Францыска Скарыну, гісторыю беларускай кухні.

З кінастужак гэта падтрыманая Мінкультам і рэалізаваная спартовая драма пра падлеткаў, што граюць у валейбол, «Пікалін эйс», а таксама непаспяховая спроба экранізацыі рамана Андруся Горвата «Радзіва Прудок».

«Прудок» падтрымаў Мінкульт у 2020 годзе, бюджэт склаў 450 тысяч рублёў, а прадзюсаваць яго мусіла студыя Віктара Лабковіча «Першая кінавідэакампанія».

Але праз напісаную кінематаграфістам Андрэем Курэйчыкам скаргу на адрас Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на памылковае размеркаванне сродкаў Мінкульт адмовіўся фінансаваць праект, які дагэтуль існуе ў выглядзе тызера для конкурсу па фінансаванні кінапраектаў.

Апошнім часам Раковіч пераключыўся на працу ў Польшчы, дзе прасоўвае праект крымінальнай драмы «Гончыя сабакі» пра рабаўнікоў у Заходняй Беларусі часоў міжваеннай Польшчы — ён ужо знаходзіцца ў распрацоўцы. А таксама містычны трылер «Дзікае паляванне караля Стаха», якім польскія чыноўнікі нарэшце зацікавіліся.

«Дзікае паляванне караля Стаха» — гэта пра што?

«Дзікае паляванне караля Стаха» — гістарычны дэтэктыў з элементамі містыкі пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, апублікаваны ў 1964 годзе. Ён заснаваны на матыве дзікага палявання, які сустракаецца ў фальклоры розных паўночна- і ўсходнееўрапейскіх культур. Уладзімір Караткевіч выклаў гэтую беларускую народную легенду, абапіраючыся на гістарычныя падзеі.

Падзеі рамана адбываюцца ўвосень 1888 года, калі малады фалькларыст Андрэй Беларэцкі трапляе ў фамільны замак Яноўскіх Балотныя Яліны. Там яго сустракае апошняя прадстаўніца роду, Надзея Яноўская, якая верыць, што яе сям’я праклятая на дваццаць пакаленняў і яе хуткая смерць ад жудаснага Дзікага палявання стане канцом роду.

Беларэцкі выяўляе, што легендарнае Дзікае паляванне — гэта злачынная змова, арганізаваная дзядзькам дзяўчыны, каб давесці яе да вар’яцтва і завалодаць маёнткам.

Аповесць ужо аднойчы экранізавалі — у 1979 годзе рэжысёр Валер Рубінчык на кінастудыі «Беларусьфільм». Яна атрымала некалькі міжнародных узнагарод.

Аднак самому Караткевічу гэтая адаптацыя не вельмі спадабалася, бо ў фільме амаль цалкам адсутнічаў адзін з ключавых матываў твора — смутак пра лёс беларускага народа.

Тым не менш фільм лічыцца рэдкім прыкладам гатычнага хорару ў савецкім кіно, а дыскі з адрэстаўраванай стужкай карыстаюцца попытам у амерыканскіх кінаманаў.

Таксама паспяховую пастаноўку рамана ў якасці оперы ажыццявіў у 2023 годзе кіраўнік Беларускага свабоднага тэатра Мікалай Халезін. Музыку для гэтай версіі напісала кампазітарка Вольга Падгайская, лібрэта стварылі Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч.

Першы таксама выступіў рэжысёрам сумесна з жонкай Наталляй Калядой. Прэм’ера праходзіла на сцэне Barbican Theatre з 14 па 16 верасня 2023 года. Пастаноўка спалучала ў сабе оперу, тэатр, мультымедыя і жывую музыку, каб расказаць гісторыю, глыбока ўкаранёную ў беларускай культуры і актуальную для сучаснай Еўропы.

Гэтая версія оперы была намінаваная на найвышэйшую брытанскую тэатральную прэмію. У студзені 2024 года Мікалай Халезін быў уганараваны Ордэнам Брытанскай імперыі за ўнёсак у тэатральнае мастацтва.