Сьледчы камітэт, Генэральная пракуратура і Дзяржкамітэт судовых экспэртыз Беларусі пакуль не камэнтуюць, на якой стадыі генэтычныя экспэртызы братоў Кастуся і Віктара Каліноўскіх. МЗС Беларусі запэўнівае, што «працэс ідзе», і абяцае раскрыць усе таямніцы праз два-тры тыдні — піша Свабода.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага, знойдзеныя летась на гары Гедзіміна ў Вільні, былі ідэнтыфікаваныя з пэўнасьцю 95%.
На пачатку лістапада 2018 году беларускія археолягі наведалі раскопкі з парэшткамі паўстанцаў Каліноўскага. Як распавёў тады карэспандэнту Свабоды загадчык аддзелу археалёгіі Сярэднявечча і Новага часу Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Кошман, «праца праведзеная на найвышэйшым узроўні, з выкарыстаньнем магчымых і немагчымых мэтадаў. Вынікі абсалютна ўнікальныя».
Каб канчаткова быць упэўненымі, што гэта на 100% парэшткі Кастуся Каліноўскага, неабходная генэтычная экспэртыза. Аднак у яго не засталося крэўных сваякоў. Літоўцы прапанавалі параўнаць парэшткі Кастуся з парэшткамі ягонага старэйшага брата Віктара, які пахаваны ў Сьвіслачы, што на Гарадзеншчыне.
Сёлета ў ліпені зрабілі эксгумацыю меркаванай магілы Віктара. Знайшлі парэшткі двух чалавек — мужчыны і жанчыны.
Эксгумацыю праводзіў Сьледчы камітэт Беларусі.
Аднак, паводле прафэсара катэдры анатоміі, гісталёгіі і антрапалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту Рымантаса Янкаўскаса, які быў назіральнікам ад Літвы падчас эксгумацыі магілы Віктара Каліноўскага, улады Беларусі не перадалі Літве генэтычны матэрыял брата Кастуся Каліноўскага.
Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч перанакіраваў Свабоду ў Генэральную пракуратуру.
«У цяперашні час я не праваўладальнік інфармацыі. Хутчэй за ўсё, я параіў бы вам зьвярнуцца ў Генэральную пракуратуру, якая зьяўляецца субʼектам міжнародных адносін, што да выкананьня розных запытаў аб прававой дапамозе», — сказаў Кабаковіч.
Афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзьмітры Брылёў патлумачыў, што калі б пытаньне тычылася прававой дапамогі па крымінальных справах, тады Генэральная пракуратура выступала б субʼектам прававых адносін і займалася б вырашэньнем праблемы. Але тут справа не крымінальная. І накіраваў Свабоду ў МЗС Беларусі.
Начальнік упраўленьня інфарматызацыі і лічбавай дыпляматыі беларускага замежнапалітычнага ведамства Анатоль Глаз заявіў, што камэнтаваць гэтую тэму цяпер заўчасна.
«Мы ня будзем пакуль камэнтаваць, бо мы робім справу фактычную. Калі мы зробім — мы пра ўсё абавязкова раскажам. Я спадзяюся, праз пару тыдняў, калі будуць вынікі, мы ўсё пракамэнтуем і раскажам, як яно было.
Тым больш што дакладна яшчэ не вядома, чые гэта парэшткі. 96–98% літоўцы даюць, што гэта Кастусь Каліноўскі, але без генэтычнай экспэртызы складана», — сказаў Анатоль Глаз.
На канкрэтнае пытаньне, ці перададзеныя парэшткі Віктара Каліноўскага, атрыманыя пасьля эксгумацыі, для экспэртызы літоўскаму боку, Анатоль Глаз адказаў так:
«А чаму мы павінны перадаваць? Чаму мы павінны заўсёды ўсё аддаваць? У нас таксама ёсьць магчымасьці, абсталяваньне і апаратура ў Камітэце судовых экспэртыз, нават лепшыя і навейшыя. Таму пачакайце. Працэс ідзе. Ужо пэўны час ідзе», — сказаў Анатоль Глаз.
У Дзяржаўным камітэце судовых экспэртыз Беларусі 26 верасьня Свабодзе не ўдалося спраўдзіць, на якой стадыі генэтычная экспэртыза парэшткаў братоў Каліноўскіх і ці праводзіцца яна наагул. Прэсавы сакратар Дзяржкамітэту Ганна Жданава паабяцала высьветліць, але пакуль не адказала на пытаньні.