У 1930-я гады Заходнюю Беларусь ахапіў сапраўдны бум кааператыўнага руху. Гэта быў час, калі людзі актыўна аб’ядноўваліся ў кааператывы, каб разам весці гаспадарку, развіваць гандаль і падтрымліваць свае супольнасці. У 1933 годзе кааператыў з’явіўся ў палескай вёсцы Табулкі на Піншчыне — у тагачасных уладаннях вядомага грамадска-палітычнага дзеяча Беларусі, прэм’ер-міністра БНР Рамана Скірмунта. Жыхары вёскі Табулкі аб’ядналіся для стварэння ўласнай справы — кааператыва «Ютшэнка» («Jutrzenka»). Як палешукі вучыліся кіраваць бізнесам, прымалі смелыя рашэнні і будавалі планы на будучыню, не ведаючы, што да пачатку Другой сусветнай вайны застаюцца лічаныя месяцы, расказвае Мікалай Заяц.
Часам сучасны бізнес сутыкаецца з праблемамі складанай лагістыкі і вядзення няпростай бухгалтарскай дакументацыі. Але ўявіце сабе бізнесменаў, якія вазілі тавар на конях праз начны лес, самастойна вучыліся бухгалтэрыі пры лучыне і спрабавалі весці дзейнасць у час, калі нарматыўныя дакументы яшчэ нельга было знайсці ў інтэрнэце. Такой была і гісторыя кааператыва ў вёсцы Табулкі на Піншчыне. Яна магла б стаць сюжэтам для фільма пра «амерыканскую мару» на беларускі лад, калі б не фінал.
Палешукі-табуляне адкрываюць бізнес. Малюнак створаны пры дапамозе ШІ
Каб зразумець, што адбывалася на Палессі ў 1930-х гадах, трэба ўявіць атмасферу тагачаснай Заходняй Беларусі. Гэта быў час сусветнага эканамічнага крызісу, які зачапіў і «крэсы». Сяляне жылі небагата, а гандаль у вёсках часцяком трымаўся на разрозненым прыватным гандлі, які дыктаваў свае цэны.
Адказам на гэта станавілася салідарнасць. Па тэрыторыі Заходняй Беларусі пачаў шырыцца кааператыўны рух. Людзі разумелі: калі скінуцца грашыма і адкрыць сваю краму, можна купляць тавары танней і не залежаць ад прыватнікаў — і гэта было не толькі пра эканоміку, але і пра пабудову ўстойлівай мясцовай супольнасці.
Вечарам 28 снежня 1932 года ў агульнаадукацыйнай школе ў вёсцы Табулкі сабраліся 45 самых актыўных гаспадароў. Іх мэтай было распачаць сваю справу — стварыць кааператыўную краму. Назву абралі сімвалічную і паэтычную — «Jutrzenka» (у перакладзе з польскай — «Ранішняя зара»). У ліпені 1933 года суд у Пінску афіцыйна зарэгістраваў кааператыў. Заснавальнікамі сталі жыхары Табулак: мясцовы інтэлігент, настаўнік табульскай школы Юзаф Войнар, сяляне Рыгор Якушык, Васіль Сцепанюк і яшчэ дзясятак паважаных у вёсцы людзей.
Подпісы заснавальнікаў кааператыва «Jutrzenka» пад Статутам. Крыніца: Архіў актаў новых, Варшава
Як працаваў сялянскі бізнес па-палеску? Сёння гэта назвалі б «поўным бутстрэпінгам» (развіццём на свае сродкі). Грузавік для вёскі быў недасяжнай раскошай. Лагістыка трымалася на энтузіязме: чальцы кааператыва запрагалі сваіх коней у фурманкі і ехалі за таварам у Моталь ці ў павятовы Пінск. Гэтая праца першапачаткова не аплачвалася — скрып колаў па начных лясных дарогах быў інвестыцыяй у агульную справу.
Гандлявалі ўсім, што было трэба ў гаспадарцы: ад солі, газы і колавай мазі да прадуктаў і гарэлкі. І справа пайшла! У 1935 годзе «Ютшэнка» атрымала чысты прыбытак у 243 злотыя — на той час нядрэнныя грошы для вёскі. На 1936 год гэта была адзіная крама на 220 двароў.
Кааператыўная пячатка «Ютшэнкі». Крыніца: Архіў актаў новых, Варшава
Дакументы 1936-1937 гадоў адкрываюць «кухню» кааператыва: напрыклад, сярод заснавальнікаў была жанчына — Тэафілія Бурэнка. Больш за тое, яна займала пасаду асэсара: знаходзілася ў прэзідыуме, лічыла галасы і падпісвала пратаколы. Для патрыярхальнай палескай вёскі ўдзел жанчыны ў кіраванні нароўні з мужчынамі быў знакам вялікай павагі.
Салідарнасць вышэй за інструкцыі. Рэвізор з Варшавы адзначаў, што ў краме даюць тавар у доўг. Але для табулян сусед быў важнейшы за параграф статута. Давалі «да ўраджаю», бо разумелі: інакш аднавяскоўцу не выжыць.
Грошы на культуру і асвету. Фінансавыя дакументы за 1937 год адкрываюць цікавую карціну прыярытэтаў табулян. Утрыманне крамы патрабавала немалых бюракратычных выдаткаў: на канцылярыю, бланкі і пошту пайшло 32,54 злотых — гэта амаль столькі ж, колькі складала гадавое ўзнагароджанне ўсяго праўлення і назіральнай рады (38 злотых). Аднак нават у такіх жорсткіх эканамічных межах табуляне не адмовіліся ад выдзялення сродкаў на культуру і асвету. У 1937 годзе яны выдзелілі 11 злотых на культурна-асветніцкую дзейнасць і знайшлі 3 злотыя на паездкі на канферэнцыі ці з’езды. Простая вясковая крама аддавала амаль траціну ад сумы заробкаў свайго начальства на кнігі і газеты, а таксама на сувязь з вялікім светам.
Складаная польская бухгалтэрыя давалася ім цяжка, аднак недахоп навыкаў чальцы кааператыва кампенсавалі выключнай сумленнасцю. Сутыкнуўшыся з цяжкасцямі, яны не спрабавалі схаваць памылкі, а прызнавалі іх і прасілі ўлады дапамагчы. У архівах захаваліся лісты праўлення ў Варшаву. У іх — шчырае прызнанне ў сваёй недасведчанасці і просьба не караць, а навучыць:
Ліст у Варшаву. Крыніца: Архіў актаў новых, Варшава
«...дагэтуль мы не паспелі належным чынам упарадкаваць касавую справаздачнасць. Маюць месца памылкі, якія цяжка выправіць без прафесійных ведаў...»
У лісце табуляне апісвалі сітуацыі, калі прадавец браў грошы з касы, ехаў за таварам, а рэшту вяртаў праз пару дзён — яны намагаліся даведацца, як гэта ўлічваць у касавых кнігах.
Да канца 1930-х гадоў дзяржава пастрожыла кантроль за ўступленнем дробных кааператываў у буйныя рэвізійныя саюзы. Табуляне павінны былі далучыцца да гіганта «Społem», які, дарэчы, існуе ў Польшчы і сёння. Але ўзнікла праблема: «Społem» у той час прапагандаваў цвярозасць і забараняў сваім чальцам гандляваць алкаголем. А ў заснаванай табулянамі вясковай краме продаж гарэлкі на той момант ужо складаў значную долю абароту.
Społem. Фота з Вікіпедыі
Два гады ішла перапіска. Праўленне спрабавала дакрычацца да чыноўнікаў: калі мы прыбярэм алкаголь, пакупнікі пойдуць да прыватнікаў, і наш кааператыў загіне. Але дзяржаўная машына выключэнняў не рабіла. Для міністэрства ў Варшаве гэта быў проста радок у рэестры, які парушае інструкцыю. Для жыхароў Табулак — справа вёскі.
22 лютага 1939 года, у сувязі з недалучэннем да рэвізійнага саюза насуперак «неаднаразовым заклікам», Акруговы суд у Пінску вынес рашэнне: «Кааператыў распусціць. Прызначыць ліквідатара». Вясной і летам 1939 года, калі ў Еўропе ўжо пахла порахам, у Табулкі прыязджаў ліквідатар Аляксандр Клякоўскі.
Крыніца: Архіў актаў новых, Варшава
Але нават тады яны не здаліся. 5 сакавіка 1939 года ў хаце Васіля Мельніка сабраліся 17 чалавек — касцяк кааператыва. Яны вырашылі ахвяраваць прыбыткам дзеля захавання крамы: прагаласавалі за адмову ад гарэлкі і неадкладнае ўступленне ў саюз.
Аднак бюракратычная машына іх апярэдзіла. 10 ліпеня 1939 года, усяго за паўтара месяца да пачатку Другой сусветнай вайны, кааператыў «Ютшэнка» быў афіцыйна ліквідаваны.
Табуляне закрывалі аканіцы, здавалі ключы і сумавалі. Яны яшчэ не ведалі, якім шчаслівым быў гэты час. Час, калі іх галоўнай праблемай была ўсяго толькі ліцэнзія і пячатка ліквідатара.
Было лета 1939-га.
Праз два месяцы, у верасні, на гэтую зямлю прыйшлі Саветы. Прыватная ўласнасць перастала існаваць. Неўзабаве па загадзе «рэўкома» будзе расстраляны Раман Скірмунт — мясцовы памешчык і мецэнат, якога паважалі многія табуляне. У 1941 годзе прыйдуць немцы, і ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад Табулак будуць знішчаныя тысячы габрэяў.
І ўвесь той свет — з яго наіўнымі марамі, фурманкамі, «культурнай асветай» і судамі за ліцэнзіі — знікне назаўжды. «Ранішняя зара» згасла прама перад наступленнем доўгай ночы.
Тэчка-справа кааператыва «Ютшэнка» ў варшаўскім Архіве актаў новых аказалася самай тоўстай сярод дакументаў Табулак і навакольных вёсак — столькі намаганняў людзі прыклалі, каб выратаваць сваё дзецішча. Аднак яе дзейнасць — адзін з прыкладаў развіцця кааператыўнага руху нашымі продкамі ў Заходняй Беларусі.
Малюнак зроблены пры дапамозе ШІ
Адным з чальцоў кааператыва быў Іван Базылік. У самы цяжкі час, з 1938 па 1939 год, ён працаваў загадчыкам крамы. Бачачы, як цяжка даецца аднавяскоўцам папяровая праца, ён, верагодна, вырашыў сам разабрацца ў лічбах і пасля стаў прафесійным бухгалтарам. Гісторыя вясковага стартапа вызначыла яго лёс.
А вось лёс былога старшыні праўлення Фамы Базыліка склаўся трагічна. У 1944 годзе, ужо пасля вызвалення Беларусі ад немцаў, ён быў арыштаваны НКУС. Нягледзячы на тое, што падчас вайны ён аказваў значную дапамогу партызанам, яго саслалі ў лагер, дзе ён памёр у чэрвені 1945-га. Дакладнае месца пахавання невядомае — вязняў хавалі масава, часта ў безыменных ямах без крыжа.
Юзаф Войнар у часы ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Другой Рэчы Паспалітай працаваў школьным настаўнікам у Табулках, дзе жыў з сям’ёй — дзецьмі Веславам і Марысяй і жонкай Браніславай. Яны вярнуліся ў Польшчу. Юзаф Войнар і Браніслава Войнар памерлі ў 1960-х гадах.
А пасля вайны ў вёсцы Табулкі адчынілі будынак новай крамы.
Сёння гэтая крама працягвае працу ў вёсцы, а старыя пратаколы «Ютшэнкі» цікавяць хіба што даследчыкаў.
Але гэтая гісторыя — не проста эпізод з мінулага. Гэта прыклад таго, як нашы продкі бралі на сябе адказнасць у няпросты эканамічны час 1930-х гадоў. І хоць «Ранішняя зара» праіснавала нядоўга, сам факт яе стварэння застаецца важным прыкладам самаарганізацыі беларусаў у Другой Рэчы Паспалітай.
Мікалай Заяц, Budzma.org