Днямі суд прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» «Выбраныя творы» Алеся Петрашкевіча. Гэта адна з самых дзіўных такіх навін за апошні час. Бо аўтар гэтай кнігі не проста не падобны да апанента ўлады — ён займаў высокія пасады ў БССР за савецкім часам і працаваў у кіраўніцтве кампартыі Беларусі. «Зеркало» тлумачыць, хто гэты чалавек і за што яго творы маглі палічыць «экстрэмісцкімі».
Алесь Петрашкевич. Фото: bdamlm.by, be.wikipedia.org
Статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў» атрымалі «Выбраныя творы» Алеся Петрашкевіча, якія ў 2017 годзе выйшлі ў рамках праекта «Беларускі кнігазбор». Самога аўтара на той час ужо пяць гадоў не было ў жывых — ён памёр у 2012-м, пражыўшы 82 гады.
Ільвіную долю той кнігі склалі мемуары «Крыніцы і каламуць». У іх Петрашкевіч расказаў пра сваю біяграфію і дастаткова паспяховую кар’еру. Мужчына скончыў юрфак БДУ і пачаў працаваць у беларускім камсамоле. Адтуль перайшоў у апарат ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, якая кіравала БССР. У 1967-м абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі, назва якой гаворыць за сябе: «Камсамол Беларусі — актыўны памочнік Камуністычнай партыі ў мабілізацыі моладзі на выкананне сямігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі (1959−1965 гг.)».
Пасля гэтага Петрашкевіч сышоў у створанае тады выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя», дзе працаваў доўгія гады (1967−1975, 1979−1991) і шмат зрабіў для развіцця беларускай культуры. Нягледзячы на высокія пасады, чыноўнік быў нацыянальна арыентаваным чалавекам, займаўся гісторыяй краіны — прычым не толькі камуністычнага перыяду. Да 1998 года Петрашкевіч курыраваў выданне гістарычна-дакументальных хронік «Памяць». Яны выходзілі ў кожным раёне і сярод іншага публікавалі спісы загінулых падчас Другой сусветнай вайны.
З пункту гледжання кар’еры найбольш паспяховай для Петрашкевіча стала другая палова 1970-х.Тады ён стаў самым першым рэктарам Мінскага інстытута культуры (цяпер — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, чыноўнік стаяў ля вытокаў гэтай ВНУ), а пасля тры гады загадваў аддзелам культуры ЦК КПБ, фактычна вызначаючы палітыку ўсёй рэспублікі ў сферы культуры. Міністэрства культуры было толькі выканаўцам таго, што вырашалі ў будынку на Карла Маркса, 38 — менавіта там працаваў ЦК КПБ (цяпер там знаходзіцца Адміністрацыя Лукашэнкі).
У мемуарах Петрашкевіч шмат і падрабязна расказваў пра свае адносіны з кіраўніком БССР Пятром Машэравым — менавіта з яго ініцыятывы ён заняў сваю высокую пасаду. Мемуарыст ацэньваў постаць палітыка досыць высока.
Раней чым узяцца за сціло, каб адзначыць нешта ў пісьмёнах, задаў я сам сабе шэраг пытанняў і сам паспрабаваў адказаць, на якія змог:
— Пётр Машэраў — нацыянальны герой?
— Безумоўна!
— Яго зрабіла героем прапаганда?
— Ён яшчэ і сам здолеў сябе сцвердзіць героем.
— Адукаваны, інтэлігентны чалавек?
— Святая праўда. А то адкуль бы тая павага людская?
— Добры сем’янін? Любячы муж і бацька?
— А чаму б і не? І не роўня іншым...
— Узор дзяржаўнага дзеяча?
— Так, але для свайго часу, калі ўсе вялікія начальнікі ўяўляліся ўзорамі.
— Сумленны і справядлівы грамадзянін?
— Роўна настолькі, наколькі дазвалялі абставіны і час.
— Адкрыты чалавек?
— Роўна настолькі, наколькі лічыў гэта патрэбным.
— Добры дыпламат?
— Дыпламат выдатны.
— Здольны артыст?
— Артыст таленавіты.
— Быў летуценнікам? Рамантыкам?
— І прагматыкам таксама.
— Паслухмяны перад тымі, хто быў над ім?
— З болем у душы, з пакутаю, але паслухмяны.
— Ці быў наіўны?
— Быў, бо верыў, што яго ідэі, дырэктывы, даручэнні выконваюцца.
— Верны сын сацыялістычнай эпохі?
— Так. І вельмі падобны на іншых кіраўнікоў свайго рангу, толькі больш здатны і разумны.
Алесь Петрашкевіч, «Крыніцы і каламуць»
Лідар Манголіі Юмжагійн Цэдэнбал (злева), кіраўнік БССР Пётр Машэраў (у цэнтры) і кіраўнік Савета Міністраў БССР Ціхан Кісялёў (справа). Мінск, 1965. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў
Пры гэтым Петрашкевіч крытыкаваў свайго былога боса за меліярацыю Палесся, фактычнае знішчэнне вёскі, русіфікацыю рэспублікі і знішчэнне цэнтра Мінска.
«Шчаслівым Першы сакратар ЦК КПБ П.М. Машэраў быў пад той час, калі атрымаў ад цэнтра велізарныя, як тады здавалася, грошы на так званае «преобразование Полесья», а дакладней, на яго асушэнне. Злосным і раздражнёным ён быў, калі невялічкая групка пісьменнікаў і навукоўцаў выступіла супраць загубы краю. Ён не мог зразумець, як гэта адукаваныя, інтэлігентныя творцы не могуць зразумець і прыняць таго шчасця, якое ён нясе людзям спрадвеку забітага Палесся, якое вякамі гніе ў балоце. Ён быў сканфужаным, абураным і гнеўным на псеўданавуку і вучоных-меліяратараў, калі праз некалькі гадоў зразумеў, што загубіў цэлы край, нанёсшы яго прыродзе непапраўную шкоду, не атрымаўшы таго эфекту, на які разлічваў. А разбуранай апынулася не толькі прырода, але і спрадвечны ўклад жыцця палешукоў, іх традыцыйная культура, іх мараль», — пісаў Петрашкевіч пра меліярацыю.
А вось яго ўспаміны пра русіфікацыю: «Можа, хто іншы чуў ад П.М. Машэрава словы раскаяння ў тым, што менавіта ў яго гады праўлення ў сталіцы рэспублікі былі знішчаны апошнія беларускія школы. Я гэтага не чуў. На чужой, хоць і блізкай [рускай] мове працавалі ўсе вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы, уся дзяржаўна-бюракратычная машына. Пры ім і пад яго наглядам амаль усе газеты былі пераведзены на мову суседа, а тыражы беларускіх кніг утрымліваліся ў пэўным, мізэрным працэнце ад тыражоў кніг на рускай мове. Падтрымлівалася ў асноўным толькі культура народна-лапцюжная, этнаграфічная. Што-што, а гэта ўжо мне вядома. Бадай што Пётр Міронавіч, пры ўсёй яго адукаванасці і інтэлігентнасці, падзяляў ідэю зліцця ўсіх моваў у адну вялікую і магутную, а культуру будучага бачыў у выглядзе нейкага кангламерату культур, што спачатку ўзбагачаюць адна адну, а потым і зусім зліваюцца ў нешта адно яркае і грандыёзнае».
Петрашкевіч таксама ўспамінаў, як дапамог адстаяць Верхні горад у Мінску, які хацелі цалкам знішчыць: «Замах на Верхні горад сталіцы зрабілі з помпай, з папярэдняй артпадрыхтоўкай па начальству. У зале бюро ЦК былі развешаны прыгожыя малюнкі і планы «рэканструкцыі» Верхняга горада. Тут жа на шырокім стале стаялі макеты і фрагменты макетаў горада. На адным планшэце велізарных памераў была намалявана лесвіца-спуск ад Цэнтральнай плошчы да Нямігі. Яна па-сапраўднаму ўражвала грандыёзнасцю задумы».
Прасцей кажучы, усе будынкі ад Карла Маркса, 38 да Нямігі прапаноўвалася знесці.
«Сабраліся айцы горада, кіраўнікі сталічнай вобласці і, вядома ж, «цвет» саюза «зодчых». Выйшаў са сваёй бакоўкі Пётр Міронавіч [Машэраў] і члены бюро ЦК. Настрой у яго быў цудоўны. Гэта адразу ж перадалося іншым. Галоўны архітэктар горада зрабіў бліскучы даклад-прадстаўленне праекта, яго аўтары выступілі з судакладамі. Асноўным «высокородным» памкненнем вандалаў было жаданне «распахнуть», як яны казалі, Цэнтральную плошчу (сёння — Кастрычніцкая плошча) на пойму Свіслачы, зялёную зону, Мінскае возера, а галоўнае — на забудову Паркавай магістралі. Праекты забудовы яе на той час ужо былі абнародаваны. Архітэктары даказвалі, што такой «распахнутой» плошчы яшчэ няма нідзе ў свеце, што гэта будзе нейкая своеасаблівая аглядальная пляцоўка навакольнага хараства, якое яны абяцалі стварыць. На месцы зруйнаванага Верхняга горада планавалі збудаваць лесвіцу з фантанамі, «як у Пецяргофе»», — пісаў Петрашкевіч.
Паводле аўтара, у ЦК КПБ пайшлі калектыўныя лісты-пратэсты. Аднак Машэраў не спяшаўся адмаўляцца ад сваёй ідэі.
Пётр Машэраў з дочкамі Наталляй і Аленай. Фота: TUT.BY
«І тут я пайшоў на авантуру, бо быў перакананы, што розум і разважлівасць людская перамогуць, павінны перамагчы, — успамінаў Петрашкевіч. — Знайшоў геадэзіста <...>. Той даволі аператыўна зрабіў планшэт, з якога вынікала, што можна будзе ўбачыць з плошчы, калі разбурыць Верхні горад. Аказалася, калі гэта зрабіць, то можна будзе бачыць глухую сцяну манастыра, царкву і комін старой кацельні другой клінічнай бальніцы <...>. І я пайшоў... Пётр Міронавіч з паўгадзіны моўчкі разглядаў то планшэт, то макет. Курыў адну цыгарэту за другой. А потым толькі і сказаў: «Ну, ладна...»».
Пасля гэтага, як пісаў Петрашкевіч, Машэраў правёў некалькі сустрэч з архітэктарамі, мастакамі, археолагамі, гісторыкамі і пісьменнікамі. У адной з іх браў удзел класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч: «Размова на той сустрэчы атрымалася грунтоўнай, шчырай, зацікаўленай і прынцыповай. Запрошаныя ў адзін голас адстойвалі Верхні горад і шкадавалі разбураную Нямігу». У выніку Машэраў адмовіўся ад сваёй ідэі, і цэнтр Мінска быў выратаваны — у адрозненне ад ужо знішчанай раней старой Нямігі. Яе ліквідацыя праходзіла з санкцыі кіраўніка БССР.
Мемуары выйшлі яшчэ ў 2008 годзе пры жыцці аўтара. Але іх, нягледзячы на крытыку таго ж Машэрава, складана западозрыць у «экстрэмізме» нават з пункту гледжання цяперашніх уладаў. Усё тлумачыць другі раздзел «Выбраных твораў», куды ўключаныя п’есы. Петрашкевіч паралельна з паспяховай кар’ерай чыноўніка доўгія гады займаўся драматургіяй. Вынікі аказаліся супярэчлівымі. Аўтара актыўна ставілі ў тыя гады, калі ён узначальваў аддзел культуры ЦК КПБ, але калі ён страціў пасаду, колькасць пастановак рэзка скарацілася. Галоўная праблема была ў іх публіцыстычнасці: тэксты ствараліся нібы не для тэатра, а для чытання.
Адным з такіх твораў стала п’еса «Рыцар свабоды». Выкажам здагадку, што менавіта яна і прывяла да ўключэння «Выбраных твараў» у «экстрэмісцкі спіс». П’еса прысвечаная Кастусю Каліноўскаму — кіраўніку вызваленчага паўстання 1863−1864 гадоў.
Пры гэтым Каліноўскі ў Петрашкевіча — станоўчы герой. Вось, напрыклад, як выглядае фінал яго твора:
Эпілог
Праз пэўны час у промнi сьвятла з глыбiнi сцэны да рампы падыходзiць чалавек у сучасным цывiльным гарнiтуры, падобны на Фавелiна.
Фавелін. Паважаная грамада! Шаноўныя нашчадкi Рыцара Свабоды! Мой прашчур доктар Фавелiн канстатаваў сьмерць i заплюшчыў вочы Кастусю Калiноўскаму. Ушануем сьветлую памяць волата духу мiнутай смутку i жалобы. (Усе ўстаюць, гучыць арган.) Прашу сесьцi. I прашу дазволiць мне выканаць сьвяты абавязак роду Фавелiных — напомнiць чарговаму пакаленьню лiцьвiнаў-беларусаў фрагмент з запавету Нацыянальнага Героя пакутнай Беларусi, якi ён перадаў нам з-пад шыбенiцы праз сапраўднага расейскага iнтэлiгента доктара Фавелiна. <...>.
Ня мог ведаць на той час Яська, што на пачатку 1865 году расейскi ярыга ў чыне генерала-вешальнiка дасьць аўгусцейшаму манарху справаздачу, што ў губернях Паўночна-Заходняга краю яго стараньнямi павешана i расстраляна 128 кiраўнiкоў паўстаньня, 12 483 барацьбiты за волю i незалежнасьць сасланыя на катаргу, з iх 159 ксяндзоў, 3476 асобаў прывiлеяванага саслоўя, 8848 прасталюдзiнаў, ды больш за 9 тысячаў пройдуць праз суды i будуць узятыя пад нагляд жандараў. Яську ня суджана было ўведаць гэтыя жудасныя факты дзiкага азiяцкага генацыду над еўрапейскай цывiлiзаванай нацыяй. Але ж вам і нам гэта як глыбокая зарубка на памяцi. Як загад быць пiльнымi i непахiснымi ў сваёй сёньняшняй волi.
Акрамя «Рыцара свабоды» ў кнігу Петрашкевіча ўвайшлі некалькі іншых яго п’ес: «Напісанае застаецца» (прысвечаная першадрукару Францыску Скарыну), «Час усё адкрые» (пра войны Вялікага Княства Літоўскага з Масквой) і «Апошні збройны чын» (прысвечаная ўзброенай барацьбе беларусаў супраць камуністаў у 1920 годзе).
Адзначым, што творы Петрашкевіча — не першыя з серыі «Беларускі кнігазбор», якія атрымалі такі статус. У жніўні 2023 года «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаныя прадмова Язэпа Янушкевіча да кнігі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з гэтай серыі, а таксама вершы класіка «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» ад 1861 года, але ў красавіку 2024 года іх выключылі са спісу.
Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі яшчэ чатыры кнігі «Беларускага кнігазбору»: творы Уладзіміра Някляева, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай і Лідзіі Арабей.
Чытайце яшчэ: На выхад падрыхтавацца Францішку Багушэвічу? Што вядомыя беларусы думаюць пра новы спіс «экстрэмісцкай» літаратуры