Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра новыя магчымыя абмежаванні для беларускіх кампаній, якія займаюцца перапрацоўкай нафтапрадуктаў.
Дзярждэп і Мінфін ЗША папярэдзілі камандна-адміністрацыйны апарат у Беларусі пра магчымае вяртанне да санкцый супраць беларускіх кампаній, звязаных з нафтаперапрацоўкай.
Дзеянне абмежаванняў было прыпыненае ў 2015 годзе. Пасля восеньскіх падзей у Беларусі было відавочна, што амерыканскія ўлады да палітычных санкцый дададуць і істотныя эканамічныя меры ўздзеяння.
Няма сумневаў, што камандная сістэма ў Мінску не збіраецца выконваць патрабаванні Захаду, таму беларускую эканоміку чакаюць цяжкія выпрабаванні.
Калі санкцыі супраць кампаній, звязаных з «Белнафтахімам», у 2007–2015 гадах прымусілі нафтаперапрацоўшчыкаў страчваць даходы ад імпарту праз неабходнасць выкарыстоўваць схемы з некалькімі пасярэднікамі, зараз удар можа быць больш істотным. Праз шырэйшы ў параўнанні з 2006-м і 2010-м гадамі рэзананс пасля восеньскіх падзей у краіне, а таксама праз некаторыя змены ў санкцыйным механізме.
Гісторыя з амерыканскімі санкцыямі супраць еўрапейскіх кампаній, звязаных з будаўніцтвам газаправода «Паўночны паток — 2», сведчыць пра тое, што ЗША гатовыя жорстка абыходзіцца з партнёрамі расійскіх падсанкцыйных кампаній. Такія прэцэдэнты дазваляюць меркаваць, што новыя геапалітычныя расклады могуць вымусіць амерыканцаў амаль цалкам заблакаваць экспарт беларускіх нафтапрадуктаў. Партнёрам нафтаперапрацоўшчыкаў з Беларусі будзе неабходна займацца вынаходніцтвам новых схем, пошукам пасярэднікаў, хаваць супрацоўніцтва ад амерыканцаў. Усё гэта, безумоўна, не прывядзе да абсалютнага эмбарга, але знізіць прывабнасць супрацоўніцтва з «Белнафтахімам».
Такім чынам, і прыбыткі дзяржкампаній могуць значна знізіцца. Бо еўрапейскі кірунак экспарту нафтапрадуктаў — гэта прыблізна 50% ад агульнай колькасці паставак з Беларусі.
Расійскае эмбарга
У такі цяжкі момант урад РФ вырашыў прапрацаваць мэтазгоднасць паставак паліва з Беларусі, на якія летась было ўведзенае эмбарга.
Акрамя гэтага:
«У міністэрстве дадалі, што ва ўмовах, калі цэны ў РФ стрымліваюцца за кошт дэмпфера, пастаўкі аўтамабільнага бензіну беларускіх НПЗ у Расію эканамічна неэфектыўныя».
Такім чынам, штучныя заходнія абмежаванні на пастаўкі нафтапрадуктаў могуць быць дапоўненыя «натуральным эмбарга». Бо, на думку расійскіх экспертаў, экспарт паліва з Беларусі ў РФ мае сэнс толькі пры цэнах нафты ніжэй за 60 долараў за барэль, бліжэй да 50.
Украінскі дрэйф на Захад пад гукі кананады
Дадатковы ціск на нафтаперапрацоўчы сектар у Беларусі можа здзяйсняцца і з боку Украіны. Хаця наша паўднёвая суседка апошнім часам актыўна купляла нафтапрадукты з Беларусі, варта ўлічваць змены дыспазіцыі ў рэгіёне. Амаль адразу пасля сумесных вучэнняў войск РБ і РФ па адпрацоўцы перадыслакацыі расійскіх самалётаў на аэрадромы на тэрыторыі Беларусі ўкраінцы перакінулі на мяжу з Беларуссю дадатковыя сілы супрацьпаветранай абароны.
Манеўры расійскіх і беларускіх вайскоўцаў каля межаў Украіны, якія ацэньваюць ці то як пагрозы, ці як падрыхтоўку да ваеннай аперацыі, магчыма, ужо кардынальна змянілі стаўленне ўкраінскага кіраўніцтва да Беларусі. Пакуль Беларусь не адносяць да ліку імаверных праціўнікаў Украіны, але пад уплывам цяперашніх ваенна-палітычных абставін і ў сувязі з ціскам Захаду такі варыянт цалкам верагодны.
У такім выпадку варта чакаць глабальнага перагляду ўзаемаадносін паміж краінамі.
Гэта неабавязкова прывядзе да абсалютнага разрыву эканамічных стасункаў, але да зніжэння ўзроўню — дакладна.
Такім чынам, лічба ў 30% ад экспарту нафтапрадуктаў з Беларусі можа быць пад пагрозай. Да таго ж варта ўлічваць «наступ» украінскіх уладаў на кампаніі, звязаныя з палітыкамі і бізнесменамі, у якіх ёсць сувязі з Расіяй. У выніку гэтага ўжо пацярпеў мільянер з Беларусі — Верабей. Па рашэнні рады па нацбяспецы ён пазбавіўся капіталаў, укладзеных ва ўжо канфіскаваную частку нафтаправода, праз які адбываюцца пастаўкі з Беларусі ва Украіну.
Украіна на шляху да эмбарга тавараў з Беларусі
Акрамя пералічанага, вытворца «Укртатанафта» чарговым разам звярнуўся да ўладаў з прапановаю праверыць схемы паставак, у тым ліку з Беларусі, разбавіцеляў і растваральнікаў, якія вядуцца без спагнання мытных выплат.
«Істотнае распаўсюджванне няякаснага паліва абумоўленае, у прыватнасці, тым, што пад выглядам растваральнікаў для лакафарбавых вырабаў у краіну завозяцца (без выплаты акцызнага падатку) актанапавышальныя рэчывы».
Дагэтуль кампанія звярталася да Зяленскага з просьбаю:
«Перашкаджаць закупцы "Нафтагазам" нафтапрадуктаў у Беларускай нафтавай кампаніі».
Так кампанія, якую звязваюць з алігархам Каламойскім, магчыма, спрабуе скарыстацца геапалітычным чыннікам, патрабаваннямі Захаду да ўкраінскіх уладаў і пагрозай вайны дзеля «зачысткі» канкурэнтаў.
Цалкам імаверна, што ў выпадку абвастрэння ваенных дзеянняў ва Украіне, а таксама калі Захад здолее пераканаць украінскія ўлады адмовіцца ад паліва з Беларусі, гарантуючы нафтапрадуктовую бяспеку, краіна можа значна скараціць закупкі з поўначы.
Што, безумоўна, можа стаць істотным ударам па імпарце кампаній з Беларусі, якія ўпершыню могуць аказацца ў становішчы амаль поўнага эмбарга. І, адпаведна, зменшыць валютныя паступленні.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by