218 гадоў таму ў Вільні нарадзілася асоба, якой наканавана было стаць важнай постаццю ў гісторыі некалькіх краін. Палякі лічаць яе сваёй, літоўцы прыпісваюць сабе, а мы лічым яе нашай «Жаннай Д’Арк», піша Ігнат Кустаў у «Новым Часе». Эмілія Плятэр — знакамітая ўдзельніца паўстання 1830-1831 гадоў, гераіня верша Адама Міцкевіча, беларуская гераіня, якая здолела ў 25 гадоў арганізаваць атрад і неаднойчы разбіць расійцаў.
Партрэт Эміліі Плятэр, згенераваны нейрасеткай
Жанчын у беларускай гісторыі было шмат, але, як заўсёды, многія з іх засталіся безыменнымі прывідамі, схаванымі за больш бачнымі постацямі мужчын. З тых рэдкіх і ад таго яшчэ больш каштоўных жаночых імёнаў, якія не змог схаваць час, да нас дайшло імя Эміліі Плятэр — нацыянальнай гераіні не толькі беларускай, але і літоўскай і польскай земляў.
Пачнём ад самых каранёў — але не з роду, продкаў, бацькоў, а з імені. Не так ужо часта імя, дадзенае дзіцяці пры нараджэнні, адпавядае характару і лёсу таго ці той, хто яго носіць.
«Эмілія» (мужчынская форма імя — Эміль) мае старажытнарымскае паходжанне: было такое родавае імя Aemilius, якое, у сваю чаргу, паходзіла ад лацінскага слова «aemulus», што азначала «супернік, удзельнік спаборніцтва», а таксама «старанны, дбайны, руплівы». І тое, і другое цалкам адпавядала Эміліі Плятэр, якая вядомая як «беларуская Жанна Д’Арк» і «польская Панна».
Як ні круці, але імя і кроў усё-ткі вызначаюць многае. Бацька Эміліі паходзіў з германскага дваранскага роду. Часта ў англамоўных крыніцах можна сустрэць падвойнае напісанне яго прозвішча: Броэль-Плятэр. Справа ў тым, што Плятэры былі часткай старажытнага баронскага роду Броэль (Broel), але калі род пасяліўся на тэрыторыі Літвы і Польшчы, яны сталі вядомыя як польска-літоўскія магнаты і захоўвалі элементы германскага прозвішча як знак свайго старажытнага радаводу. На тэрыторыі ВКЛ графскі род Плятэраў герба «Плятэр» меў шмат земляў, у тым ліку і беларускіх — напрыклад, у Вільні, дзе і нарадзілася Эмілія Плятэр.
Маці дзяўчынкі Ганна фон дэр Моль таксама была з графскага роду, валодала маёнткамі ў Браславе і пад ім. Дарэчы, у вёсцы Опса дагэтуль захавалася адна з сядзіб Плятэраў (што праўда, наша гераіня там, відаць, ніколі не была). Пасля разводу бацькоў Эмілія жыла ў адным з маёнткаў матчыных сваякоў у мястэчку Ліксна, што цяпер у Латвіі. Адтуль яна мела магчымасць часцяком наведваць Віцебск, дзе ў яе былі сябры.
Дарэчы, акружэнне «беларускай Жанны Д’Арк» было вельмі незвычайным і для дачкі магната, і проста для дзяўчынкі: яна расла пераважна сярод хлопцаў — стрыечных братоў, з якімі імкнулася быць нароўні ва ўсіх «мужчынскіх» занятках. З дзяцінства Эмілія ўмела ездзіць на кані, фехтаваць і нават паляваць. Яе настаўнікам быў германскі вайсковы інжэнер, капітан Вільгельм фон Дальвіг — і гэта таксама не магло не адбіцца на выхаванні дзяўчынкі, чыя адукацыя была сапраўды ўсебаковай.
Асабліва шмат інфармацыі пра беларускую гераіню няма, таму ў артыкулах пра яе звычайна гаворыцца, што ўплыў на сталенне дзяўчыны аказалі таксама такія постаці, як Тадэвуш Касцюшка і, уласна, Жанна Д’Арк, якімі яна захаплялася, а таксама Адам Міцкевіч, аўтар паэмы «Гражына», у якой упершыню ў тагачаснай літаратуры ў цэнтры ўвагі была жанчына — і не проста жанчына, а гераіня, якая, гэтаксама як і Плятэр, не горш за мужчын скакала на кані і ўдзельнічала ў паляваннях, а калі настаў час бараніць родны дом, узяла ў рукі меч і павяла войска супраць ворага.
Уласна, прыкладна такімі ж словамі можна апісаць і лёс Эміліі Плятэр, якая «ажывіла» вобраз любімай гераіні. А пачалося ўсё задоўга да знакамітага антыцарскага паўстання 1830-1831 гадоў, якое зрабіла дзяўчыну вядомай на ўсёй прасторы былой Рэчы Паспалітай. Як згадваў бацька яе сяброўкі з Віцебска Максіміліян Маркс, «яна, бадай, не памылюся, першая з запалам, уласцівым чуламу і шляхетнаму сэрцу аддалася душой беларускаму люду, добра бачыла яго бяду і спачувала яму, намагаючыся як толькі было можна, аблегчыць долю. Яна збірала і спявала беларускія народныя песні, штодня плаціла тым, хто ёй напяваў іх. Слухаючы гэтыя песні, сама спрабавала складаць нешта ім падобнае. На фартэпіяна яна ўмела вельмі выразна перадаць і зухаватасць, і тугу народных матываў, і нават тэмбр сапрана-жалейкі і баса-дудкі».
Можна меркаваць, што падобныя погляды і пачуцці мелі і браты Эміліі. Адзін з іх меў дзёрзкасць напісаць на школьнай дошцы ў гімназіі «Слава Канстытуцыі!» — маючы на ўвазе Канстытуцыю 3 мая 1791 года, асноўны закон Рэчы Паспалітай, які ўсталёўваў у краіне канстытуцыйную манархію. За такі ўчынак хлопца гвалтоўна адправілі ў царскае войска — і, мабыць, гэта стала той падзеяй, пасля якой патрыятызм Плятэр прыняў форму нянавісці да расійцаў, якія акупавалі беларускія землі.
Эмілія шмат вандравала па Беларусі, збіраючы фальклор, выязджала ў Літву і Польшчу, і за год да таго, як успыхнула паўстанне, яна даведалася пра яго ад сваіх польскіх сваякоў — і пачала рыхтавацца. Плятэр аб’ездзіла сваіх бліжэйшых сваякоў і знаёмых, з тым каб тыя рыхтаваліся да ўзброенага паўстання ў Літве і Беларусі. Яна сустрэлася са сваімі стрыечнымі братамі і з курсантамі школы падхарунжых з Дынабургскай крэпасці, абмяркоўвала з імі план захопу гэтай крэпасці сіламі атрада, які мусіла сфармаваць і прывесці для штурму. Курсанты павінны былі арганізаваць атрад для ўнутранага ўдару. Сустрэча скончылася прысвячэннем Эміліі ў рыцара-дзеву паводле старадаўніх традыцый.
Калі ў Польшчы ўжо ішлі баі, у Беларусі і Літве была цішыня. Плятэр не стала чакаць: яна выйшла на сувязь з Віленскім паўстанцкім камітэтам, каб арганізаваць паўстанне на Віцебшчыне і Віленшчыне, але дзяўчыну нават не сталі слухаць. Тады яна пачала наведваць суседнія вёскі, заклікаючы браць зброю і рыхтаваць косы, а аднойчы падрэзала валасы, пераапранулася ў мужчынскі мундзір, узяла два пісталеты і кінжал і паехала ў мястэчка Дусяты, дзе звярнулася да сялян і абвясціла, што пачалася барацьба «за нашу і вашу свабоду» — супраць ворагаў веры і айчыны. Як пішуць сведкі, за чвэрць гадзіны Плятэр сабрала атрад колькасцю ў 280 стралкоў, 60 конных, некалькі соцень касінераў. Гэты атрад не ўдзельнічаў ні ў адной са знакавых для паўстання бітваў, але да пэўнага часу меў свой маленькі поспех, неаднаразова разбіваючы ўшчэнт расійцаў.
Поспех, што праўда, быў нядоўгім, і неўзабаве «беларускай Жанне Д’Арк» разам са сваімі байцамі давялося ісці ў партызаны. Яны доўга адступалі, асцерагаючыся сутыкнення з больш моцнымі сіламі расійцаў, і гэтае адступленне было вялікім выпрабаваннем для Эміліі Плятэр: знясіленая барацьбой, змучаная голадам, яна ішла па беларускіх балотах, ужо хворая, напаўпрытомная — і ледзь не трапіла ў расійскі палон. Але абышлося.
Пасля яна яшчэ паспела паўдзельнічаць у бітве за Вільню, пасля якой зноў ледзь не трапіла ў палон, атрымала чын капітана ад кіраўніка рэгулярнай польскай арміі генерала Хлапоўскага, які прызначыў яе кіраўніцай 1-й роты 25-га лінейнага палка паўстанцкай арміі. Разам са сваёй ротай Плятэр атакавала Шаўляй і праявіла ў бітве надзвычайную адвагу — зрэшты, як і заўсёды. І калі Хлапоўскі задумаў адвесці войскі, каб уступіць у саюз з Прусіяй, Эмілія Плятэр прамовіла сваю знакамітую фразу:
«Лепш было б памерці з гонарам, чым скончыць такой ганьбай».
І засталася.
Яна прайшла амаль усю Літву, вытрымала самыя цяжкія выпрабаванні вайной, стомай, голадам і холадам і, цяжка хворая, такі страціла прытомнасць, дайшоўшы да тых мясцін, дзе сёння заканчваецца Літва і пачынаецца Беларусь. Там яе хавала ў сваім доме пад рознымі імёнамі сям’я Абламовічаў, у якіх яна яшчэ паспела пражыць некалькі месяцаў пад выглядам настаўніцы дзяцей. Параза паўстання канчаткова дабіла дзяўчыну. 23 снежня 1831 года яе не стала.
Але на гэтым гісторыя адважнай гераіні не скончылася. Шмат хто не ведаў (або не верыў) пра яе смерць — і царскія ўлады яшчэ некалькі гадоў шукалі Эмілію Плятэр, якую лічылі небяспечнай. Яны аб’явілі яе пасмяротна «дзяржаўнай здрадніцай», яе маёмасць была канфіскаваная — разам з усімі рукапісамі, якія мела Плятэр (а яна, як вядома, збірала фальклор і пісала вершы).
Пасмяротна ўславіў мужную дзяўчыну Адам Міцкевіч — напісаў верш «Смерць палкоўніка», у якім стварыў рамантычны вобраз народнай гераіні, смерць якой перажываў увесь народ.
Вобраз гэты не дае спакою і сённяшнім беларусам. Напрыклад, ёсць такі верш аўтарства Станіслава Валодзькі:
Эмілія Плятэр
Дзе сонца малую яе цалавала,
Дзе кветкі й народныя песні збірала,
Дзе танцы народу свайго танцавала,
Дзе слодыч і горыч кахання спазнала,
Успыхнулі, быццам паходні, каліны,
І бачыць нябёсам без слёз не магчыма:
Свой люд падымае на бітву дзяўчына,
Каб больш не таптаў вораг роднай краіны.
Гаворыць: «Ад волі і нашай залежыць
Ці будзе ў нас зноў панаваць Незалежнасць!»
За ўласныя грошы набыўшы ім зброю,
Паўстанцаў, ёй верных, вядзе за сабою...
...Крывёю іх шчодра зямелька паліта,
Таму гэтак добра і родзіць тут жыта.
Ды горка рабінам на мілай радзіме,
Дзе легла касцьмі — прыгажуня-графіня.
Тут вольныя зараз вятрыскі гуляюць —
Каліны ў паклоне галовы схіляюць.
І неба запальвае свечкі не ў скрусе:
Свая Жанна д’Арк ёсць і на Беларусі!
Варта таксама сказаць, што не засталося ні аднаго прыжыццёвага партрэта Эміліі Плятэр. Так што дакладна невядома, як выглядала наша гераіня, а ўсе тыя партрэты, што можна знайсці, — адно «варыяцыі на тэму». Наколькі яны блізкія да арыгінала? Хто яго ведае. Але тое, што людзі не забываюць пра знакамітую паўстанку, што яна дагэтуль важная як асоба, як фігура, як сімвал, пакідае надзею на тое, што беларусы хочуць ведаць і шанаваць сваіх герояў. Што памяць наша поўніцца многімі імёнамі — у тым ліку і імем Эміліі Плятэр.
Глядзіце яшчэ: