Эсэ нобелеўскага лаўрэата — упершыню па-беларуску

Серыя «Галерэя чалавечай думкі» выдавецтва «Энцыклапедыкс», у якой выходзяць філасофскія творы ў перакладзе на беларускую мову, папоўнілася новай кнігай — Бертран Расэл «Мастацтва філасофствавання», піша bellit.info.


"Мастацтва філасофствавання" Бертран Расэл

Выданне, акрамя ўласна эсэ, таксама змешчаны кароткі біяграфічны нарыс пра яго аўтара і кароткі англійска-беларускі тэрміналагічны гласар, паведамляе суполка «Акадэмічная кніга».

Навінку ўжо можна купіць у менскай кнігарні «Акадэмкніга».

Бертран Артур Уільям Расэл (1872 — 1970) — брытанскі філосаф, матэматык і грамадскі дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ўніверсітэт (1894), быў прафесарам шэрагу ўніверсітэтаў Вялікабрытаніі і ЗША.

Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А. Уайтхэдам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі». Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму.

Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Суаўтар «Маніфеста Расэла—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век.

У 1950 атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры «...на знак прызнання разнастайных і значных твораў, у якіх ён адстойвае гуманістычныя ідэалы і свабоду думкі».

Чытайце яшчэ: 

Навінка: выдавецтва Gutenberg Publisher выпусціла раман «Круглая Square» Вала Клемэнта