Тры пазітыўныя аспекты Еўрапейскіх гульняў

21.06.2019 Спорт

Вы здзівіцеся, але мэтазгоднасць правядзення буйных спартыўных мерапрыемстваў заўжды ставіцца пад сумнеў. Так адбываецца ў тым ліку і з Алімпійскімі гульнямі. Так сталася і з Еўрапейскім гульнямі ў Беларусі.

src_1469471907-101886.jpg

Фота закінутага пасля Алімпійскіх гульняў у Афінах стадыёна

Можна пачуць шмат крытыкі што да праекта Еўрапейскіх гульняў, яго рэалізацыі, бюджэтаў і г.д. На жаль, ва ўсім гэтым губляецца галоўны сэнс і пазітыў ад правядзення такога кшталту спаборніцтваў, пра які зараз варта паразважаць.

Спорт як дзейнасць, накіраваная на самарэалізацыю і фізічнае ўдасканаленне, стаў папулярным адносна нядаўна. Дзякуючы спорту чалавечая энергія, дух спаборніцтва быў скіраваны ў станоўчае рэчышча.

Менавіта спартыўны чыннік ператварыў спаборніцтвы ў папулярныя мерапрыемствы, бізнес і элемент сацыяльнага ўзаемадзеяння чалавека і грамадства, народаў паміж сабой. Бадай, за апошнія дзясяткі тысяч гадоў гэта найлепшы інструмент для пабудовы супольнасцяў.

Новая Зеландыя — супольнасць, аб’яднаная спортам

Еўрапейскія гульні – 2019: толькі пазітыў

Першы пазітыўны аспект – гэта станоўчае ўздзеянне на супольнасць спартоўцаў.

Варта пагадзіцца: беларускія спартоўцы не заўжды з'яўляюцца прыкладам высокіх маральна-валявых якасцяў. Спартыўныя прыхільнікі добра адчуваюць гэты "фальш". Як вынік – слабая цікавасць да беларускага спорту ў краіне.

Можна сказаць, што сітуацыя цалкам адлюстроўвае стан нашага грамадства, дзе няма еднасці па базавых для кожнага народа каштоўнасцях.

Еўрапейскія гульні – гэта добры шанец для спартоўцаў адчуць сябе часткай нацыі, узмацніць сваю супольнасць, стаць бліжэйшымі да спатрыўных прыхільнікаў, заваяваць іх давер і падтрымку.

Другі пазітыўны момант – рост папулярнасці спорту, узроўню правядзення спаборніцтваў на нацыянальным узроўні.

Не сакрэт, што сапраўды слабая папулярнасць спорту (і ў якасці вышэйшых дасягненняў, і як элементу баўлення вольнага часу на трыбунах) – вынік дрэннай працы спортмаркетынгу і арганізацыі мерапрыемстваў.

Міжнародны досвед сведчыць, што пасля правядзення буйных прадстаўнічых спаборніцтваў агульная цікавасць да спорту ў грамадстве ўзрастае, што станоўча адбіваецца на ўзросце ахвочых займацца і росце продажаў у нацыянальным спартыўным сегменце.

Спартыўная эканоміка – галоўны рухавік сектара нематэрыяльнага віду паслуг. Толькі спорт, які ў стане генераваць прыбыткі ад цікавасці прыхільнікаў, развіваецца і дапамагае росту спартыўнага майстэрства.

Трэці і, бадай, галоўны пазітыўны аспект правядзення Еўрапейскіх гульняў у Беларусі – кансалідацыя грамадства і неабходная транфармацыя светапогляду беларусаў.

Беларусь і суседзі. Як спорт уплываў і ўплывае на станаўленне нацый

Як бы пагардліва ні ставіліся да спорту як да забавы для "плебеяў", гэты від дзейнасці (у першую чаргу праз рэалізацыю духу спаборніцтва ў сучасным свеце) заняў і будзе пашыраць сваю ролю ў сацыяльным будаўніцтве.

У гэтым сэнсе як ні рабі націск на аматарскі спорт, буйныя спаборніцтвы – вяршыня і квінтэсенцыя цікавасці з боку шырокіх слаёў грамадства.

Для масавага ўсведамлення вельмі важнымі сігналамі з'яўляюцца тыя, што дапамагаюць асэнсаваць "запатрабаванасць і цікавасць" збоку, ацэнка іншымі "значнасці".

Асабліва важныя гэтыя чыннікі для беларусаў сёння.

Вынікам правядзення Еўрапейскіх гульняў можа стаць замацаванне еўрапейскай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Як бы хто ні намагаўся давесці іншае (і з Захаду, і з Усходу, і ў нашым грамадстве).

Другі момант – усведамленне еднасці і самадастатковасці праз камунікацыю з іншымі народамі (гаворка пра так званую спартыўную дыпламатыю) дзякуючы спартыўнай барацьбе як элементу калектыўнай рэалізацыі імкнення да спаборніцтва.

Беларусам вельмі важна навучыцца прайграваць і прымаць паразы як неабходны элемент спорту, як адлюстраванне жыццядзейнасці.

Тады і цікаўнасць да спорту ў краіне ўзнімецца як вынік кансалідацыі нацыі вакол прагі да перамог.

Для рэалізацыі вышэйпазначаных аспектаў і атрымання найбольш пазітыўнага выніку самога факту правядзення спартыўных гульняў недастаткова. Важныя ў першую чаргу ўсведамленне і артыкуляцыя такога кшталту мэтаў.

На жаль, пакуль адчування разумення гэтых аспектаў з боку ўладаў як галоўнага арганізатара спаборніцтваў бракуе. Ёсць надзея, што гэта толькі ўражанне, і беларусы атрымаюць як мага большы эфект ад Еўрапейскіх гульняў – 2019.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.by

Меркаванне калумністаў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!