«Ева» Суціна. Чаму менавіта яна стала сімвалам пратэсту?

Яе друкавалі на футболках і торбах, рабілі стыкеры і паштоўкі, а ў слоўнік беларусаў неўзабаве прыйшло новае слова: «Евалюцыя». Пра карціну, што стала мастацкім сімвалам 2020-га — у падкасце «Спадчына» на radiounet.fm.


138.jpeg

«Ева Хаіма Суціна — гэта перш за ўсё партрэт, — тлумачыць мастацтвазнаўца Вольга Кліп. — Чый? Дакладна невядома. Гэта, канешне, непераўзыдзены Суцін. Неверагодны ў сваіх колерах, экспрэсіі. Суціна трэба глядзець, калі яго многа. Але нават адна Ева робіць вельмі моцнае ўражанне.

Чаму менавіта яна стала сімвалам пратэсту? Бо гэта быў вельмі культурны супраціў. Найперш у ім удзельнічалі людзі адукаваныя. Інтэлектуалы, здольныя ўспрымаць мастацтва. Гэта быў элітарны пратэст, і таму Ева змагла стаць яго сімвалам».

139.png

Вольга Кліп

Хаім Суцін нарадзіўся у 1893 годзе ў Смілавічах, быў дзясятым сынам у сям’і краўца. Юнаком збег у Мінск, каб вучыцца маляваць: бацькі былі катэгарычна супраць кар’еры мастака. Пасля Мінску Суцін паедзе ў Вільню і, нарэшце, знойдзе сябе ў Парыжы.

Пераломным для маэстра стане 1923 год, калі яго карціны заўважыць амерыканскі калекцыянер Альберт Барнс. «Гэтага мастака я шукаў усё жыццё», — скажа ён. З лёгкай рукі Барнса Суціну адчыняюцца дзверы найбуйнейшых еўрапейскіх і амерыкаснкіх прыватных калекцый ды музеяў.

141.jpg
Крыніца: wikipedia.org

«У 2020 годзе многія адкрылі для сябе Суціна наноў, а некаторыя і ўвогуле пачулі пра яго ўпершыню, — працягвае Вольга Кліп. — Як і многія таленавітыя людзі нашай зямлі, ён не знайшоў у Беларусі рэалізацыі і мусіў эміграваць. Падобная сітуацыя адбываецца і зараз, калі выбітныя людзі вымушаныя пакідаць сваю Бацькаўшчыну».

Хаім Суцін памёр у разгар Другой сусветнай, ва ўзросце пяцідзесяці гадоў. У апошні шлях яго праводзілі ўсяго некалькі чалавек. Сёння работы беларускага мастака парыжскай школы ацэньваюцца ў мільёны долараў.

Поўная размова з Вольгай Кліп і яшчэ больш цікавых фактаў пра Хаіма Суціна — у падкасце «Спадчына».