Аляксей Гайдукевіч на budzma.by разглядае асноўныя негатыўныя фактары, якія ў сітуацыі сусветнага і сістэмнага беларускага крызісу могуць выклікаць катастрафічныя наступствы для нашай эканомікі.
Нацыянальны банк Беларусі паведаміў, што золатавалютныя рэзервы краіны зноў скараціліся пасля павелічэння ў красавіку. Травеньскія выплаты па знешніх пазыках склалі больш за 200 мільёнаў даляраў ЗША. Менавіта гэты факт і паўплываў на скарачэнне.
Але не гэта галоўны фактар рызыкі для трываласці курсу беларускай валюты і захавання стабільнасці эканомікі.
Відавочна, што беларускім уладам напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у жніўні будзе ўсё цяжэй утрымліваць устойлівасць сістэмы.
Што цісне на эканоміку і курс валюты? Разгледзім асноўныя фактары рызыкі.
Скарачэнне вытворчасці
Найбольш істотнымі праблемамі ў эканоміцы з’яўляюцца скарачэнне вытворчасці і аб’ёмаў гандлю. Экспарт, які з’яўляецца асноўным рухавіком беларускай эканомікі, залежнай ад знешняй кан’юнктуры, выклікае занепакоенасць у экспертаў.
Нацбанк публікуе статыстычныя дадзеныя, якія грунтуюцца на апытанні кіраўнікоў прадпрыемстваў:
Адзін з індыкатараў актыўнасці ў вытворчасці і спажыванні — Індэкс бізнес-клімату — значна знізіўся за першыя месяцы 2020 года ў параўнанні з восенню мінулага. Апытанне вытворцаў дэманструе негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы:
«У лютым-красавіку 2020 года кіраўнікі прадпрыемстваў адзначылі паскарэнне тэмпаў зніжэння фактычнага аб’ёму вытворчасці (падрадных работ, транспартных паслуг, таваразвароту): баланс адказаў зменшыўся ў параўнанні з паказчыкам лістапад 2019 г. — студзень 2020 г. на 5,2 пункта і склаў мінус 15,7%.
Дадзеная дынаміка была характэрная для прадпрыемстваў транспарту (баланс адказаў скараціўся на 11 пунктаў да мінус 39,3%, гандлю (на 12 пунктаў да мінус 23,3%) і будаўніцтва (на 9 пунктаў да мінус 11,6%)».
У аналітычным матэрыяле Нацбанка падкрэсліваюцца адмоўныя тэндэнцыі амаль ва ўсіх сферах эканомікі. Вельмі негатыўную статыстыку за першыя месяцы года апублікавала і дзяржаўнае беларускае статыстычнае агенцтва «Белстат».
Асноўнае падзенне беларускага экспарту адбываецца на расійскім кірунку. У першую чаргу ў машынабудаўніцтве — адной з самых затратных галінаў вытворчасці.
У сярэднім скарачэнне больш чым на 22%. У прыватнасці, прадукцыі МАЗ прадалося за 4 месяцы на 18,5% менш, чым за студзень-красавік 2019 года, аўтамабіляў Geely — на 9,5%.
Значна скараціліся продажы мяса, садавіны і цукру. Адна з нешматлікіх пазіцый, якая кампенсавала старты, — малочная прадукцыя.
Нават рэкордныя аб’ёмы нафтаперапрацоўкі не вельмі дадаюць аптымізму з прычыны турбулентнасці на рынках. Таму беларускія нафтаперапрацоўшчыкі не могуць разлічваць на істотны рост прыбыткаў нават ва ўмовах аднаўлення рэкордных паставак сыравіны з Расіі.
Ці зможа Беларусь уздзейнічаць на Расію праз WTO?
Асобна варта адзначыць цану нафты на біржах як дадатковы і фундаментальны фактар ціску на беларускую валюту.
Эксперты інвестыцыйнага банка Goldman Sachs папярэджваюць, што рост цэн на нафту ў пачатку лета можа змяніцца чарговым падзеннем. Бо сённяшняя карэкціроўка цэн выкліканая інфармацыйным фонам перад магчымымі станоўчымі сігналамі ад OPEC і спекулятыўнымі трэндамі.
Цалкам магчыма, што такога кшталту заявы робяцца для правакавання рэакцыі сусветных гандлёвых пляцовак на паніжэнне альбо падрыхтоўкай да магчымых рэзкіх хістанняў цэн, якія мы назіралі пад канец красавіка.
Рост выплатаў па знешніх пазыках
Нельга не ўлічваць ціск пазык і неабходнасці рабіць па іх выплаты.
Як паведамляе Міністэрства фінансаў краіны, за першыя тры месяцы 2020 года знешняя запазычанасць Беларусі скарацілася амаль на тры адсоткі.
Было выдаткавана больш за 500 мільёнаў даляраў. У той жа час краіна атрымала амаль 250 мільёнаў новых пазык — 220 мільёнаў ад урада Расіі і расійскіх прыватных банкаў.
Варта адзначыць, што, як паведамлялі ў Мінфіне ў пачатку года, Беларусь павінная будзе выплаціць амаль 4 мільярды даляраў у 2020 годзе.
Атрымліваецца, што за тры першыя месяцы было выплачана толькі 12%. Такім чынам, асноўныя выплаты яшчэ наперадзе. На фоне пагаршэння макраэканамічных дадзеных у вытворчасці і гандлі гэта выклікае вялікую занепакоенасць.
Тым больш што да 75% новых запазычанасцяў, якія ўвесь час атрымлівае краіна па розных расійскіх, кітайскіх і заходніх праграмах, ідуць на пагашэнне мінулых, а зусім не на мадэрнізацыю эканомікі. Што вельмі неабходна ў сённяшні няпросты крызісны час.
Рэакцыя міжнародных структур на перадвыбарчыя скандалы
Выбары і ўсё, што вакол іх адбываецца, могуць стаць дадатковым адмоўным фактарам, які будзе ціснуць на эканоміку.
Ужо ў пачатку выбарнай кампаніі дзеянні ўладаў у дачыненні да прэтэндэнтаў у кандыдаты, удзельнікаў іх ініцыятыўных груп выклікалі шэраг заяваў сусветных праваабарончых арганізацый. У сваю чаргу не давялося доўга чакаць і негатыўных ацэнак ад прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу заходніх краінаў. А сталы дакладчык Еўрапарламента па Беларусі ў лісце да ўладаў ЕС заклікаў еўрапейцаў разгледзець санкцыі як магчымы інструмент уздзеяння на беларускія ўлады.
Гэты прадстаўнік Літвы ў Еўрапарламенце адзначыў таксама неабходнасць перагляду палітыкі ЕС у дачыненні Беларусі што да фінансавання дзяржаўных структур у межах праграм «Усходняга партнёрства».
Выбары-2020: спойлеры і палітычны авантурызм
Патрабаванне эканамічных уладаў краіны перавесці рахункі дзяржпрадпрыемстваў з банкаў з расійскім капіталам, пра якое паведамлялі СМІ, вельмі падобнае на палітычны крок, а не эканамічны. Такія рашэнні могуць мець адмоўныя наступствы для стабільнасці банкаўскай сістэмы Беларусі. А нядаўнія ператрусы і арышт кіраўніцтва Белгазпрамбанка могуць негатыўна адбіцца ў тым ліку і на стасунках з кампаніяй «Газпрам».
Такім чынам, цалкам імаверна, што сённяшняя прэзідэнцкая кампанія можа не толькі негатыўна адбіцца на іміджы краіны, паўплываць на зацікаўленасць інвестараў, знізіць грашовыя плыні на эканамічныя праекты. Магчыма, пагаршэнне адносін з Захадам пазбавіць урадавыя структуры фінансавання з боку ЕС і ЗША.
Скупка валюты прадпрыемствамі і грамадзянамі
У сітуацыі крызісу кожны даляр ці еўра, якіх не далічыцца беларуская эканоміка, можа адмоўна паўплываць на сітуацыю на валютным рынку.
Асабліва падчас становішча, калі прадпрыемствы і фізічныя асобы працягваюць скупаць замежную валюту. Хаця абстаноўка і нязначна стабілізавалася пасля ажыятажу ў сакавіку.
Паводле дадзеных Нацбанка, за снежань-травень толькі фізасобы выкупілі больш за 600 мільёнаў даляраў, што ў два з лішкам разы больш за такі ж перыяд мінулага года.
Гэты негатыўны фактар можа выклікаць дэфіцыт на рынку, асабліва ўлічваючы скарачэнне валютных паступленняў ад экспарту.
Іншы аспект — магчымае скарачэнне попыту на беларускія тавары. Бо спажыўцы будуць траціць усе свае заробкі на назапашванне наяўнай валюты, нават не на рахунках у банках.
Ускосна пра гэта сведчаць і афіцыйныя дадзеныя Нацбанка — падзенне «індэксу гандлю».
«У лютым-красавіку 2020 года індэкс эканамічных настрояў гандлю, улічваючы сезоннасць, знізіўся: у параўнанні з лістападам 2019 г. — студзенем 2020 г. індэкс скараціўся на 8,7 пункта і склаў мінус 4,6%. Пагаршэнне статыстычных дадзеных абумоўленае значным скарачэннем таваразвароту на фоне зніжэння ўнутранага попыту ва ўмовах неспрыяльнага эпідэміялагічнага становішча. У наступныя тры месяцы прадпрыемствы гандлю чакаюць далейшае зніжэнне попыту і аб’ёму продажаў».
Тонкі лёд на дарозе да катастрафічных наступстваў
Палітычныя крокі ўладаў і магчымае нарастанне градуса прэзідэнцкай кампаніі могуць справакаваць не толькі адмоўную для нашай краіны рэакцыю з боку Еўропы — санкцыі супраць чыноўнікаў і прадпрыемстваў. Давер грамадзян да эканамічнай стабільнасці і ўстойлівасці нацыянальнай валюты ў выніку крызісу і магчымага ціску з боку заходніх краін можа справакаваць масавую скупку валюты фізічнымі асобамі і прадпрыемствамі. А зняцце наяўных з рахункаў у банках цалкам імаверна нанясе яшчэ адзін моцны ўдар па эканамічнай устойлівасці краіны.
У першую чаргу, як гэта прадэманстраваў крызіс 2011 года, ад негатыўных зрухаў у эканоміцы цярпяць звычайныя грамадзяне. Разам са зніжэннем курса беларускага рубля змяншаецца ўзровень пакупніцкіх магчымасцяў, людзі пачынаюць больш ашчаджаць і менш набываць тавараў.
Вартасць беларускай валюты такім чынам адбіваецца і на гандлёвых і вытворчых прадпрыемствах, якія страчваюць прыбытак, скарачаюць супрацоўнікаў, выплаты падаткаў.
Выбары-2020. Напярэдадні абвалу?
Да такога сцэнару крызісаў беларусы ўжо прызвычаіліся.
Безумоўна, улады ўсімі магчымымі спосабамі намагаюцца не дапусціць грандыёзнага абвалу ці, прынамсі, адцягнуць катастрафічныя наступствы крызісу. Як гэта было ў 2010 годзе. Што ў выніку і прывяло да наймагутнейшага эканамічнага шторму — рэзкага падзення ўзроўню жыцця і змянення макраэканамічнай стабільнасці сістэмы.
Але захады ўладаў, якія падаюцца не зусім узгодненымі і няўзважанымі, падчас прэзідэнцкай кампаніі даюць падставы дапусціць магчымыя памылковыя крокі ў эканамічнай сферы. Што ў сітуацыі сусветнага і сістэмнага беларускага крызісу можа выклікаць катастрафічныя наступствы.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!