Тры цікавыя факты пра раман Элізы Ажэшкі «Дзікунка»

Польская пісьменніца беларускага паходжання — так пішуць пра Ажэшку ў энцыклапедыях, хоць пра «Беларусь» у яе часы яшчэ амаль не гаварылі, карыстаючыся тэрмінамі «краёвы» ці «літвінскі».


39.png

Яна нарадзілася 6 чэрвеня 1841 года ў Мількаўшчыне, якая знаходзілася каля мястэчка Скідзель, па дарозе з Горадні на Ліду.

Некалькі год таму, да 180-годдзя пісьменніцы і публіцысткі, у выдавецтве «Галіяфы» пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску выйшла кніга «Дзікунка. Раман ХІХ стагоддзя і як яго сёння чытаць».

40.jpg
Вокладка кнігі Элізы Ажэшкі «Дзікунка»

Даследчыца жыцця і творчасці Элізы Ажэшкі, пісьменніца Святлана Воцінава ператварыла кнігу ў сапраўдны квэст, зрабіўшы чытача героем сюжэта. Прапануем прачытаць тры цікавосткі пра твор, які пасля смерці пісьменніцы назвалі «самым глыбокім, самым мудрым і самым кранальным яе раманам».

Факт першы — пра ўласна твор: у бібліяграфіі Элізы Ажэшкі рамана «Дзікунка» няма

Як ні шукай. Ёсць твор пад назвай «Два полюсы».

Такую назву раман, пісаны аўтаркай як «Дзікунка», атрымаў нечакана падчас першага друкавання ў польскамоўнай прэсе Расійскай імперыі, а менавіта ў пецярбургскім выданні «Край». Яго галоўрэд Эразм Пільц паставіў аўтарцы ўмову змяніць назву «Дзікунка» на іншую, якая нічым не выдала б змест твора і адначасова не ўказвала б на той факт, што ў сталіцы (!) друкуецца (і без змен!) раман, які не здолеў праціснуцца праз абцугі варшаўскай цэнзуры.

Чытайце таксама: Ажэшка. Дэталі. Дэбют

Цікава, што па-руску твор выйшаў у той самы час і... правільна, пад арыгінальнай аўтарскай назвай — «Дикарка».

Але самай першай назвай, пад якой пісьменніца яшчэ толькі пачынала выводзіць сюжэт, была ўсё ж не «Дзікунка»...

Факт другі — пра «складанасці перакладу»: ён патрабаваў дасціпнасці

37.png

Гэта ўвогуле фішка пісьменніцы.

Там, дзе галоўны герой успамінае, як яму і яго сябрам казытала розум ідэя эмансіпацыі жанчын, ён з гонарам паведамляе, што на канве гэтай ідэі гафтавалі яны, і з вялікай прыемнасцю, розныя... esy i floresy. Так у арыгінале. Спатыкнуўшыся аб гэтае esy i floresy (як іх, чорт бяры, перакласці, каб і сэнс перадаць, і захаваць іранічную рыфму?), перш-наперш хапаеш на ляту думку: «А што калі зазірнуць у пераклад на рускую?».

Гартаеш «Вестник Европы» за 1893 год. Перакладчык там, вядома, не Вукол Міхайлавіч Лаўроў, які пераствараў Ажэшку на рускую найчасцей і якога яна вельмі цаніла, а нейкі спадар Гл., але ўсё-ткі...

Ну і што ў спадара Гл. замест «эсаў-фларэсаў»? «Остроты и тонкие насмешки»... Не, так не пойдзе.

Або вось яшчэ: развагі героя пра флірт. Ён, маўляў, тое самае, што для соусаў труфель ці для крэмаў ваніль. Без яго кожная сустрэча ператваралася б у пасяджэнне педантаў, якія дыскутуюць з сінімі панчохамі пра дапатопныя выкапні і манеты, чаканеныя яшчэ за... караля Асурдабабеля. Што выдае спадар Гл.? «В царствование царя Ашурбанапала». Ледзь стрымліваешся ад «царствования царя» і шукаеш інфармацыю пра Ашурбанапала (можа, мне павінна быць сорамна, што я пра такое не ведаю?).

600-я гады да нашай эры! Ну і колькі такіх, як я?! Зразумела, што трэба вышукваць некага іншага.

Факт трэці — пра кнігу: у самым яе пачатку чытач атрымлівае інструкцыю

Чытанне кнігі, як я ўжо паведаміла, выглядае нібы гульня. Накшталт камп’ютарнай: з заданнямі, падказкамі і ўзроўнямі. «Усе ўдзельнікі гэтай гульні сапраўдныя, — гаворыцца ў інструкцыі. — Адны жылі ў ХІХ стагоддзі, іншыя — чытачы гэтай кнігі. Інфармацыя для апошніх: усё, што перажываюць на гэтых старонках першыя, адбывалася з імі некалі насамрэч. Кожная лакацыя і кожная назва — ад гарадоў і мястэчак да шляхецкіх сядзіб і рэдакцый перыядычных выданняў — не супадае з рэальным адрасам або назвай, а папросту такой з’яўляецца. Усе прыведзеныя лісты і публікацыі ў прэсе — сапраўдныя. Правілы гульні досыць простыя: каб трапіць на новы ўзровень, якім з’яўляецца чарговы раздзел рамана ХІХ стагоддзя, трэба адказаць на пытанне, выбраўшы правільны варыянт. Для страхоўкі можна выкарыстоўваць падказкі».

То чытаючы раздзелы рамана, то апынаючыся побач з яго аўтаркай і яе атачэннем, чытач прасоўваецца па старонках кнігі як па сцэнарыі квэсту. Уяўляе сябе аўтарам, пражывае частку сапраўднага жыцця пісьменніцы ў яе сапраўдным атачэнні: лістуецца з яе сябрамі, сустракаецца з яе калегамі, спрачаецца з яе крытыкамі...

P. S.

Усе інтрыгі аповеду раскрываюцца падчас чытання кнігі.

Святлана Воцінава, budzma.by

Архіўны тэкст, упершыню апублікаваны 12.07.2021 г.