З 25 па 28 чэрвеня магілёўцы адзначаюць Дзень горада. Гэтым разам праграма незвычайна насычаная і цікавая. Так, 26 чэрвеня прайшло фальклорнае свята ў Зялёным гаі.
Фестываль народнай культуры ўжо некалькі разоў праходзіў у Магілёве — першы раз свята таксама было прысвечанае Дню горада. А ў пачатку чэрвеня ў этнакомплексе ў Зялёным гаі адзначалі Сёмуху. Кожны раз на фестываль прыходзіць усё больш народу. Арганізатары хацелі паказаць, што беларуская культура — гэта таксама сучасна, весела і цікава. І ім гэта ўдалося: фестываль набірае абароты, і кожны раз у этнакомплексе аншлаг. Асабліва радыя мамы з маленькімі дзецьмі: гэта адно з нямногіх гарадскіх святаў, на якім сапраўды камфортна з малымі.
Як і раней, у этнакомплексе сабраліся найлепшыя рамеснікі, фальклорныя і аўтэнтычныя калектывы горада і вобласці. На свяце можна было купіць хатняе начынне, карціны, вырабы, паспрабаваць мёд, сплесці вянкі і станцаваць у карагодзе. Акрамя таго, прайшлі розныя майстар-класы і гульні, ахвочыя маглі даведацца пра новыя для сябе абрады і нават паваражыць.
У рамках святочнай праграмы магілёўцаў чакае яшчэ шмат цікавага. У Дзень горада можна будзе наведаць выставы, паглядзець на святочнае шэсце, паслухаць выступленні розных калектываў, а таксама пабываць на незвычайным фестывалі вулічных тэатраў, які пройдзе ў Магілёве ўпершыню.
Марыя Гілёва