Фантастычныя выступы Змітра Вайцюшкевіча

Зміцер Вайцюшкевіч даў шэраг выступаў у Друі Браслаўскага раёну Віцебскай вобласці і ў Браславе 23 сакавіка.

У СШ Друі сабралася поўная зала дзяцей усіх узростаў, а таксама іх настаўнікі. Дзеці актыўна спявалі.

Зміцер Вайцюшкевіч:

“Сустрэча прайшла фантастычна. Гэта адзінае месца на Беларусі, дзе я атрымаў адказ ад дзяцей на пытанне: “Хто напісаў словы беларускай калыханкі?” Дзеці адразу адказалі, што Бураўкін. Для мяне гэта было нечаканым і прыемным сюрпрызам. Улічваючы, што школа з музычным ухілам, магчыма, у мяне будзе сумесны выступ са школьным струнным квартэтам у Мінску. Дзеці мяне ўважліва слухалі, што, на думку настаўнікаў, было для іх нехарактэрна. Нават сказалі мне, што я быў бы добрым настаўнікам, што ў мяне педагагічны дар. Але самае галоўнае – гэта аўтографы!!! Гэта былі першыя ў жыцці аўтографы і для дзяцей, і для настаўнікаў, якія яны бралі. Раней я думаў, што справа ў паштоўках, якія я раздаваў, аказалася – не! Людзі ўпершыню атрымалі аўтографы, дзе былі напісаныя іх імёны, і былі напісаныя на беларускай мове! Чуць сваё імя на беларускай мове – гэта для іх было не толькі прыемна, але і важна”.

Наступную сустрэчу Зміцер Вайцюшкевіч правёў у Доме культуры Браслава.

Зміцер Вайцюшкевіч:

“Не скажу, што людзей было шмат, але затое пераважна настаўнікі беларускай мовы. Паўсюль адна і тая ж праблема – з людзьмі не размаўляюць на беларускай мове! А для іх гэта як глыток вады. Адна настаўніца падбегла пасля канцэрта і хацела, каб проста сёння я пайшоў выступаць перад яе вучнямі. Так ссумаваліся, так неабходная рэгіёнам беларуская мова. Яны глядзелі на мяне, як на цуд. Нават мая не найлепшая па вымаўленні беларуская мова гучала для іх так, быццам я гаварыў з гарвардскім акцэнтам”.

Выступы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: