“Васіль Быкаў пісаў пра вайну”, – гэтым абмяжоўваецца веданне мноства беларусаў пра нашага класіка літаратуры, што так і не стаў нобелеўскім лаўрэатам.
Больш абазнаныя землякі яшчэ згадаюць напісаныя ім “Жоўты пясочак” пра рэпрэсіі, “Ваўчыную яму” пра паслячарнобыль, “Афганца” пра сярэдзіну дзевяностых і некалькі дзясяткаў прыпавесцяў з сумнеўнай літвагой, прадмовы да артыкула Пазняка і Шмыгалёва, які адкрываў грамадскасці Курапаты, прадмовы да таленавітых і не вельмі кніжак іншых пісьменнікаў, публіцыстыку (пераважна апошняга дваццацігоддзя жыцця), мемуарныя “Доўгую дарогу дадому” і “Пункціры жыцця”.
Вось бадай і ўвесь быкаўскі фармат – згаданае ды вайна. Кшталту: напісаў усё, што мог і задумаў, затым прыехаў на радзіму з чэшскай Прагі паміраць якраз у чарговую гадавіну пачатку савецка-нямецкай вайны. З густам зрэжысаваў уласны адыход.
Такія тэзы шырока прайшлі па афіцыйных і абсалютнай большасці “незалежных” беларускіх медыяў па сконе Васіля Уладзіміравіча, мацуючы ў мэтавай народнай аўдыторыі перакананне, што Быкаў – “апостал Праўды” – і ў жыцці, і ў літаратуры рэалізаваўся напоўніцу. Перакананне выразнае, але хлуслівае.
Нямала сведчанняў пра “нефарматнага”, “нерэалізаванага” Васіля Быкава праходзіла ў сродках інфармацыі і кніжках даследчыкаў яго творчасці. Ды засыпанае пылам мэйнстрымнай папсы тое заслугоўвае чарговага абнародавання і нагадвання.
Вершы Васіля Быкава
З успамінаў малодшай на два гады сястры Васіля Уладзіміравіча Валянціны, у часы школьніцтва яна пабачыла цэлы сшытак братавых вершаў і патаемна з імі пазнаёмілася. А як сказала Васілю – той паглядзеў так, што далей размаўляць з ім пра вершы яна не рашылася.
Лёс сшытка застаецца невядомым. Але мы ведаем прынамсі аднаго кіраўніка еўрапейскай дзяржавы, які публічна засведчыў, што рос на вершах Быкава. Ці не на тым сшытку?
Мастак і скульптар
Паводле ўспамінаў Валянціны Быкавай, у школьныя гады праявіўся ў брата і мастацкі талент: “Нарысаваў ён масленымі краскамі партрэт Леніна на палатне, якое ў мамы папрасіў. Ленін у яго атрымаўся як жывы! Васіль тады наказаў, каб павесілі ў хаце на сцяну. Так і зрабілі”.
Па сканчэнні 8 класаў Быкаў паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча і хутка быў там пераведзены з аддзялення жывапісу на скульптурнае: “Скульптура ўвогуле давалася мне лёгка… Маёй курсавой работай стала фігура пагранічніка ў шынялі, з вінтоўкай і біноклем каля вачэй. Выкладчыца пахваліла”.
Дзе той пагранічнік цяпер? Не выключана, што ляжыць ці стаіць у якім сховішчы і чакае нашага аднойдзення…
Правучыцца на скульптара больш за год у нашага класіка не атрымалася. Навучанне стала платным, спробы зарабіць з мастацтва аказаліся няўдалымі праз ашуканства з боку заказчыкаў.
У далейшым Быкаў шмат (ці не ўсё жыццё) якасна маляваў алоўкам, успамінаў, як падчас пасляваеннай вайсковай службы ў Балгарыі рабіў і пейзажы фарбамі… Дзе тыя пейзажы? Таксама чакаюць аднойдзення?
Зніклае апавяданне
Па вясне 1949-га, калі Васіль Быкаў працаваў карэктарам у “Гродненской правде”, ён “у выхадны накрэмзаў першае апавяданне пра апошні дзень вайны. Намеснік рэдактара Салаўёў прачытаў і сказаў: очань значыцельна!. Сказаў у сакратарыяце, каб усе чулі: “Гэта заслугоўвае самай сур’ёзнай увагі”. Надрукавалі. То было… сачыненне на прапагандовую тэму”.
Апавяданне “Цвели акации” выйшла 22 мая 1949-га ў “Гродненской правде” як “В тот день”. Сустрэча саюзнікаў у Аўстрыі. Салдаты ЗША выдатна сумовяцца з савецкімі, а амерыканскія “чопорные” афіцэры назіраюць за тым праз біноклі. Дыялог нашых з гераічным афраамерыканцам, які ў Руры “с гранатами бросался против немецких танков. Его подвигов умышленно не заметили… Дрался потому, что ненавидел фашизм, а не для похвалы… полковой командир сказал, что после войны с немцами следует передушить негров и красных. Мы возмущены. Все честные солдаты возмущены. Но что могут сделать солдаты, если так говорят сенаторы?.. Народы Европы ждут демократии с той стороны, откуда восходит солнце. Им не нужна свобода хищного доллара”…
Як “сачыненні на прапагандовую тэму” будуць пасля выкарыстоўвацца многія быкаўскія творы. Прычым прапагандыстамі-маніпулятарамі розных (нярэдка супрацьлеглых) палітычных лагераў і плыняў. У нашыя інтэрнэтныя часіны знайсці “Цвели акации” не надта складана. Ды сам Васіль Уладзіміравіч і складальнікі збораў яго творчасці змест першага апавядання класіка нагадваць народу ўнікалі. Можа, і правільна.
Быкаў – папярэднік Караткевіча?
Па сканчэнні другой сваёй працяглай афіцэрскай службы, Быкаў – стыліст газеты “Гродненская правда”. Піша і журналісцкія артыкулы, збольшага рускамоўныя, дасылае і ў рэспубліканскі друк.
7 кастрычніка 1956-га, у дзень, калі 4 гады спаўняецца любімаму мужчыну сучасных расіянаў, рэспубліканская “Чырвоная змена” выходзіць з быкаўскім фельетонам “Аднойчы ноччу (Крымінальная аповесць з пралогам)” – рэччу вельмі дынамічнай, прыгодніцкай. І цяпер той быццам бы на злобу дня твор чытаецца апетытна, не як нон-фікшн, а як сапраўдны міні-дэтэктыў.
Увесну 1957-га, пасля перанесенай аперацыі на апендыцыт, пісьменнік едзе ў дом адпачынку ў Ждановічы. І там пачынае сваю першую аповесць “Апошні баец”.
“Тады яшчэ не адчуваў усю фальш яе ідэі… абы надрукаваць, абы патрафіць”, – напіша пра гэты твор Быкаў пазней. А насамрэч аповесць у многім атрымалася, яе класна можна увасобіць як ролевую гульню.
Стылёва твор нагадвае будучую прозу Караткевіча. Імклівасць, рамантызм, узнёсласць. Толькі тое захапляльнае і гераічнае, што відавочцы могуць успрыняць за фальш, Караткевіч пачаў пераносіць ці ў сітуацыі без заведама залішніх відавочцаў, ці на сотні гадоў раней – у часы, ад якіх відавочцаў у сучаснасці не засталося.
Падзеі “Апошняга байца” асабліва могуць захапіць дзяцей. Таму першую аповесць Быкава лёгка ўявіць мультсерыялам.
Пасля эфектнага пачатку з танкамі і самалётамі адзіны жывы савецкі баец абмотваецца сцягам палка і рушыць на ўсход, з прыгодамі-баямі збірае і выводзіць да сваіх ладную роту. Як можна зразумець па фінале, у раёне Копысі, дзе праз трынаццаць гадоў і сорак з нечым дзён народзіцца самі ведаеце хто.
Аповесць “на сучасную тэму”
У кастрычніку 1957-га Быкаў піша: “У галаве ёсць аповесць на сучасную тэму, трэба неяк зрабіць. Але… пісаць так, як у нас прынята, не хочацца, а напісаць па-свойму – з двух адно: ці не надрукуюць, ці потым раскрытыкуюць”.
Вы ведаеце хоць якую з быкаўскіх аповесцяў на тэму, сучасную 50-м гадам мінулага стагоддзя? Я – не.
Ці ёсць сэнс яе шукаць, ці яна незваротна страчаная, ці так і засталася ў галаве пісьменніка? Мо замест аповесці атрымалася апавяданне ці некалькі іх? А можа, аповед пра 50-я па-майстэрску закамуфляваны ў якім творы “пра вайну”?
Фармат Твардоўскага і нефарматны раман
Пасля другой і трэцяй сваіх ваенных аповесцяў “Жураўліны крык” і “Трэцяя ракета” Быкаў пачаў работу над чацвёртай – “Атака”. І раптам спыніў работу, што зайшла даволі далёка.
Прычынай мог стаць ліст галоўнага рэдактара маскоўскага часопіса “Дружба народов”, у якім пісьменнік друкаваўся з 1960-га, Васіля Смірнова (люты 1962-га):
“Я прочитал три Ваших военных повести. “Ракета” – на мой взгляд, самая сильная и верная… Хочу Вам дать один совет – …не разменивайте таланта на мелочи и повторения… Повторение – самое страшное в нашем деле… Вы должны написать военный роман… и не надо бояться “грандиозности” замысла… Наш журнал с удовольствием напечатает Вашу новую большую вещь”.
І Быкаў пачаў працу над раманам. Раман, магчыма, быў бы напісаны ўжо ў 60-я. Але звярнуў на Быкава ўвагу Аляксандр Твардоўскі – легендарны паэт і рэдактар яшчэ больш “аўтарытэтнага” за “Дружбу народов” яе канкурэнта – часопіса “Новый мир”:
“Эти молодые писатели сами выше лейтенантов не поднимались и дальше командира полка не ходили. Эти досконально знают жизнь роты, взвода, батареи… Надо бы этим Быковым заинтересоваться, как автором”.
У адрозненне ад Смірнова, Твардоўскага ў Быкаве зацікавіў не патэнцыял раманіста, а фармат. Быкаў стаў стабільным аўтарам “Новага Міра” і з паўторамі. А Васіля Смірнова напрыканцы 65-га з рэдактараў знялі. У “Доўгай дарозе…” Быкаў абыдзе яго імя маўчаннем.
Аповесці пра экалогію і коней
Экалагічная тэма асабліва хвалявала Быкава пад час жыцця ў Гродне ў 60-я – 70-я гады мінулага стагоддзя. Пра намер пісаць экааповесць мы сустракаем паведамленне ў яго ліставанні. І пакуль не можам засведчыць, што натрапілі хоць на якія яе сляды.
Пра жаданне класіка напісаць пра коней на вайне буйны твор вядома з яго апублікаваных лістоў Пра ратаванне заблукалага лейтэнанта Быкава ад нямецкага палону яго кабылкай апісана ў “Доўгай дарозе дадому”. Праз некалькі дзён пасля ратавання кабылку забілі проста пад Быкавым.
Невядома, якія творы пісьменніка былі панішчаныя ім разам з іншымі паперамі валізы, якую ён, з уласных словаў, спаліў напрыканцы 90-х, незадоўга перад ад’ездам з Беларусі ў Фінляндыю.
“Этат дзень мы прыбліжалі, как маглі?”
Фінскі год для пісьменніка стаў самым спакойным і спрыяльным для творчасці. Пра Фінляндыю Васіль Уладзіміравіч пасля згадваў з цеплынёй, шкадаваў, што не выкарыстаў шанец і не папрасіў застацца там і надалей, а вярнуцца туды аказалася ўжо немагчымым.
Германія, хаця і падарыла магчымасць працяглых стасункаў з касмічна вядомым Барысам Кітом, не была надта гасціннай. У быкаўскім лісце ад 27 жніўня 2000-га знаходзім фразу: “Тут я таксама пад… каўпаком, і кожны мой крок (і кожнае слова) адсочваецца і дакладаецца ў Менск. У Маскву таксама”.
Увосень 2002-га міжнародны ПЭН прапанаваў Быкаву далей перабірацца на стыпендыю і жытло… у Мексіку, у невялічкі гарадок. Дарэчная прапанова для 78-гадовага і досыць хворага беларуса, праўда?
У выніку ў снежні 2002-га па запрашэнні тагачаснага прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела Быкаў перасяляецца ў Прагу. З успамінаў супрацоўніка Радыё Свабода Сяргея Навумчыка вядома пра яго намер у тыя апошнія замежныя паўгода вялікага пісьменніка перадаць Быкаву камп’ютар. Ці можна з таго зрабіць выснову, што тады ў нашага класіка камп’ютара не было? Пагадзіцеся, пасля многіх гадоў працы за кампом пераходзіць ізноў на друкарку і працяглыя рукапісы са шматлікімі ўласнымі праўкамі занадта нязручна…
Пасля смерці Васіля Уладзіміравіча ўлетку 2003-га ў бараўлянскім шпіталі ад анкалогіі надзіва ва ўнісон медыі далі масаваму спажыўцу перажоўваць тэзу: Быкаў ляцеў у Беларусь з Чэхіі менавіта каб памерці. І няважна, што меў зваротны квіток на Прагу. Маўляў, усё адно, усё сказаўшы і зрабіўшы, захацеў знайсці апошні прытулак у роднай зямельцы…
Тэза тая, мякка кажучы, спрашчае рэаліі. Калі старых, якім пад 80 і за 80, не заганяць у “фармат”, ад іх часцяком шмат чаго можна чакаць, у тым ліку мудрага і светлага. Быкаў меў патэнцыял для наступнага кроку да праўды. Але мала хто з асяроддзя (свайго і чужога) таго кроку жадаў. Большасці хапала “фармату”.
Пры ўсёй шматтомнасці напісанага пра Васіля Быкава, кідаецца ў вочы адсутнасць шырокага асвятлення значнай часткі ім створанага. Больш за тое, многага са створанага Быкавым мы не маем ні ў архівах, ні ў музеях, ні ў публічных бібліятэках.
Але застаюцца спадзевы на прыватныя зборы і непублічныя хованкі. Значыць, і на шчаслівыя адкрыцці новага ў даўно быццам бы знаёмым нам пісьменніку.
Пры напісанні артыкула быў выкарыстаны, у прыватнасці, тэкст кнігі Андрэя Мельнікава “Васіль Быкаў. Доўгая дарога да праўды” (Мн., “Харвест”, 2017).
Андрэй Мельнікаў