Фасоля з меню Радзівілаў. Гатуем разам з «Будзьма»

Прадстаўнікі знакамітага роду Радзівілаў харчаваліся не толькі выкшталцонымі стравамі, але і любілі стравы простыя і смачныя. Іх можна прыгатаваць хутка, нават не маючы дыплома кухара. Прапануем прыгатаваць адну з такіх страваў — фасолю па-радзівілаўску з каўбасамі!


638.png

Адкуль у нашых продкаў была фасоля?

Фасоля ў Еўропу патрапіла ў XVI стагоддзі і спачатку яе ўспрымалі як дэкаратыўную расліну, але час мінаў і ў XVIІІ стагоддзі яе пачалі ўжываць у ежу як заможныя людзі, так і простыя сяляне. Радзівілы ж былі вялікімі ласунамі, таму не маглі не заўважыць такую незвычайную культуру.

Фасолю, згодна некаторым гісторыкам, вырошчвалі яшчэ ў антычных Грэцыі і Рыме. Пра яе нават узгадвалі ў сваіх працах вядомыя старажытнагрэцкія пісьменнікі Тэафраст і Дыяскарыд. Яны апісвалі фасолю пад найменнем «фасеопус», а менавіта так і гучыць яе сучасны лацінскі назоў.

Як прыгатаваць фасолю па-радзівілаўску

Каб фасоля хутчэй зварылася і была мякай, варта замачыць яе на 4 гадзіны, а лепш на ноч. Затым зварыць фасолю да гатоўнасці і даць крыху астыгнуць, сцадзіўшы ваду.

Глядзіце яшчэ: Курыныя сэрцайкі з фасоляю — страва супраць зла ад Святога Патрыка. Гатуем з «Будзьма!»

Цыбулю парэзаць адвольна, вэнджаную каўбасу — кольцамі. Цыбулю і каўбасу абсмажыць на алеі, потым дадаць прынаду (соль, сумесь перцаў і каляндру), пару лыжак таматнай пасты або кетчупу, далучыць парэзаны чарнасліў і замочаныя грыбы (падыдуць як лясныя, так і шампіньёны або дрэўнавушкі). Калі не ўжываеце мяса, то каўбасу можна не выкарыстоўваць, абысціся толькі грыбамі. Прадукты трэба пратаміць каля 3 хвілін і дадаць фасолю. Тушыць каля 10 хвілін.

Нам спатрэбіцца на 4 порцыі:

Фасоля — 300 грамаў

Узвар грыбны — 200 мілілітраў

Сушаныя грыбы — 30 грамаў

Чарнасліў — 80 грамаў

Каўбаса вэнджаная — 200 грамаў

Цыбуля — 200 грамаў

Таматная паста — дзве лыжкі

Прынады па смаку

Больш рэцэптаў серыі «Гатуем з «Будзьма!»