Ціхан Чарнякевіч піша на budzma.by пра нядаўні візіт прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазеля ў Мінск.
Усім вядомыя, думаю, выказванні накшталт «спорт па-за палітыкай» альбо «проста бізнес, нічога асабістага». Разам з тым кожны фразеалагізм — рэч гнуткая, тым больш у сучасным свеце. І хатка на курыных ножках можа паварочвацца і ў той, і ў іншы бок.
Матывацыяй для паварочвання хаткі ўсё часцей служыць ідэалагічны складнік. Нібыта незалежны бізнес кампаніі «Твітар» спакойна закрывае асабістую старонку дзейнага прэзідэнта ЗША далёка не толькі з меркаванняў бяспекі грамадзянаў пасля штурму Капітолія. Важным фактарам з’яўляецца і паноўны дыскурс у СМІ, у тым ліку настроі грамадства, якія наўпрост уплываюць на топ-менеджмент камерцыйнае структуры.
Зусім верагодна, што чыноўнікамі і палітыкамі старой фармацыі гэты фактар не ўлічваецца, альбо ён бачыцца ім чарговай навамоднай нікчэмнасцю. Таму і робяцца імі вельмі сур’ёзныя, а часам і фатальныя памылкі. Бо й спорт цалкам можа трапляць у поле палітыкі, і бізнес можа мець этычныя прынцыпы (асабліва калі яны на руку аддзелу маркетынгу і рэкламы).
Відавочна, што «беларускі кейс» стаў фатальнай памылкай і фактычна рэпутацыйнай ямай для кіраўніка Міжнароднай асацыяцыі хакея з шайбай Рэнэ Фазэля. Магчыма, кіраванне асацыяцыяй з 1994 года паўплывала на спадара Рэнэ ў метадах працы і асабліва ў пытаннях прыслухоўвання да грамадскай думкі. А дакладней, упэўніла яго, як і беларускія ўлады, у тым, што ніякія фактары не здольныя адмяніць прынятага рашэння, і трэба проста ўвесь час стаяць на сваім і пляваць на ўсё астатняе.
Жорсткасць і прагматычнасць еўрапейскай «real politic» у мінулыя дзесяцігоддзі сфармавалі ў спадара Фазэля меркаванне, што на словах можна гаварыць усё што заўгодна, а ў кулуарах вырашаць гешэфт-пытанні нават у часы даволі трывожныя, якімі для Беларусі традыцыйна з’яўляюцца электаральныя кампаніі. З увагі на тое, што ўлады заўсёды з нервознасцю і трывогамі спраўляюцца, можна заплюшчыць вочы на ўсю інфармацыю пра рэпрэсіі і рабіць выгляд, што нічога такога асаблівага не адбылося. А калі і адбылося, то чаму б не рассмактаць гэтую трывожнасць за куфлем піва ў бары падчас прагляду хакейнага чэмпіянату.
Швейцарскі чыноўнік, прывычны, відаць, да таго, што ўсё працуе як гадзіннік, не адчуў змены ў паноўным стаўленні да Беларусі, да яе выбараў і да яе паслявыбарчых падзей. Нейкім чынам не пабачыў загалоўкі найвядомейшых газет, якія месяцамі пісалі пра беларускі пратэст. Нават пра швейцарскую грамадзянку ў беларускай турме не пачуў і не прачытаў. Ці сапраўды так? А можа, проста палічыў гэта ўсё другасным у параўнанні з мэтай, якой ён асабіста хацеў дасягнуць?
Бомба, якая ўзарвалася побач з ім, яўна была для чыноўніка нечаканай. Робячы выгляд, што ўсё нармальна, раздаючы бясконцыя, ледзь не штодзённыя інтэрв’ю, ён міжволі і яўна сам таго не жадаючы вынес праблему беларускага чэмпіянату на самы высокі ўзровень дыскутавання. Гэтым самым Фазэль фактычна абрынуў уласную кар’еру, бо цяпер ясна, што сваю «чырвоную лінію» ў братанні з Мінскам ён перакрочыў і бясслаўна скончыў сваю 26-гадовую кадэнцыю ў арганізацыі.
Аднак інтэрв’ю, якімі чыноўнік хацеў апраўдацца, гэтаксама нечакана стварылі вельмі добрую рэкламу беларускаму пратэсту. Тут быў знойдзены амаль міфалагічны сюжэт — чалавек, які здраджвае прынцыпам, братаецца з ліхам і потым спрабуе нівеляваць гэтае братанне. Сюжэт такі, шматразова апісаны ў літаратуры і мастацтве, добра лёг на еўрапейскі інфармацыйны дыскурс. У выніку Фазэль робіцца прыкладам, узорам чалавека, якім не трэба быць ні ў якім выпадку, каб не абрынуць уласную рэпутацыю. Разышоўшыся па СМІ, гэты сюжэт пастаянна суправаджаўся прычынай свайго ўзнікнення — таксічнасцю сучаснай беларускай улады. І гэтую таксічнасць, як аэразоль, Фазэль распаўсюдзіў на велізарную тэрыторыю. «Найлепшы сябар», нічога не скажаш.
Цяпер кожны, ад каго пахне гэтай «аэразоляй», будзе асацыявацца менавіта з гэтым пахам. І няважна, колькі гадоў ты дырэктар, старшыня ці топ-менеджар. Паабдымаўся, сэлфі зрабіў — спісваюць у архіў. Давай, пакуль.
Тут жа можна прыгадаць і кейс Фрыдрыха Мерца, аднаго з папулярных кандыдатаў на пост старшыні кіроўнай партыі Германіі — ХДС/ХСС. Фрыдрых Мерц да самага нядаўняга часу знаходзіўся ў кіраўніцтве Stadler Group, якая шчыльна супрацоўнічае з беларускімі ўладамі. Пытанні кандыдату ў старшыні ХДС/ХСС былі зададзеныя недвухсэнсоўныя. 16 студзеня, у апошнім туры галасавання, Мерц прайграў выбары (426 на 521 голас) Арміну Лашэту. І хто цяпер скажа, што на вынікі апошняга галасавання не паўплывалі наўпроставыя бізнес-кантакты Мерца з афіцыйным Мінскам? Хто цяпер не будзе асцерагацца рабіць тыя самыя памылкі, на якія грамадскасць намякнула Фазэлю і Мерцу?
Пасля скандалу з Кіпрам, які ўвёў санкцыі супраць Беларусі толькі пасля таго, як узмацніліся санкцыі да Турцыі, у студзені мы зноў вярнуліся ў парадак дня еўрапейскай палітыкі. Магчыма, летась, ці ў 2015-м, ці ў 2010-м такія камерцыйныя гіганты, як Skoda, Tissot, Nivea не звярнулі б ніякай увагі на Беларусь.
Але цяпер усё звязанае з Беларуссю — гэта палітыка, хай то будзе спорт, электрацягнікі ці калійныя ўгнаенні. І тысячу раз падумаеш, ці варта ўвязвацца ў гульню, калі потым рызыкуеш да канца жыцця пахнуць «аэразолямі».
Ціхан Чарнякевіч, budzma.by