Фэст экскурсаводаў: як мінчукі пахапалі гідаў

Штогод арганізатары фэсту прапануюць столькі цікавага, што разбягаюцца вочы, але мінчукам усё мала. Сёлета – тое самае.

У наведнікаў фэсту ўжо склаўся пэўны густ на экскурсіі, цяпер людзей цікавяць хіпаны сталіцы ці дзе ў горадзе месціўся першы бардэль. На класічны аглядны шпацыр па плошчы Незалежнасці ўжо мала каго можна завабіць.

Сёлета на фэсце 23 і 24 красавіка толькі ў Мінску экскурсаводы правядуць больш за сто экскурсій. Учора пачаўся анлайнавы запіс на вандроўкі, і на час напісання артыкула вольныя месцы засталіся толькі на сем маршрутаў. І гэта пры тым, што некаторыя экскурсаводы і храмы будуць ладзіць экскурсіі па некалькі разоў! За 40 хвілін былі занятыя ўсе месцы на экскурсію па мінскім метрапалітэне – гэта лідар па запатрабаванасці.

Вядома, будзе і жменя разынак. Так, мінчукі і госці горада трапяць ў Паўночны завулак, які ўжо стаіць на абрыве над катлаванам новай галіны метро. Гэты надзвычай маляўнічы куток горада знікне найбліжэйшым часам, так што кожны шпацыр па ім можа быць апошнім.

Будуць экскурсіі-квэсты для дзетак, а музей Максіма Багдановіча будзе ладзіць батлейку для маленькіх наведнікаў. Дзве экскурсіі правядзе мінскі школьнік, які сам распрацаваў маршруты па архітэктуры Лангбарда і мясцінах маскоўскай алімпіяды.

Па Лошыцкім парку пройдзе роварная экскурсія па-іспанску, а па-беларуску можна будзе ўпершыню пачуць пра месцы Багдановіча і таксама праехацца на ровары (транспарт бярыце свой, экскурсаводы яго не выдаюць!).

Будзе шмат храмавых экскурсій. Супрацоўнікі Елісавецінскага манастыра прэзентуюць маршрут “Мінск навамучанікаў”, царква евангельскіх хрысціян-баптыстаў распавядзе пра кароткую, але багатую гісторыю свайго храма і суполкі, якая ўзнікала яшчэ ў савецкі час. У касцёл Св. Роха летась прыйшло толькі 12 чалавек, а сёлета больш няма ніводнага вольнага месца з 50 на экскурсію па храме.

У музей у Раўбічах, што адкрыўся паўгады таму, можна даехаць на аўтобусе ці маршрутцы. З Мінска будзе арганізаваны транспарт да парка-музея інтэрактыўнай гісторыі  “Сула”. А прафесійны археолаг Сяргей Тарасаў паводзіць групы па мінскім замчышчы і па гарадзішчы на Менцы.

Перлінай гэтага сезону абяцае стаць “Гісторыя і сучаснасць Будслаўскага касцёла” (і на яе яшчэ ёсць месцы!). Там адрадзілі пяцісотгадовую традыцыю манаства, а ў якасці гіда выступіць прадстаўнік ордэна бернардынаў. Ён распавядзе не толькі пра касцёл, але і пра сам горад, які стаў нацыянальнай святыняй.

 


 

У рэгіёнах людзі ладзяць свае міні-фэсты з разнастайнай праграмай. У гэтым годзе спіс гарадоў пераваліў за некалькі дзясяткаў. Сярод іх ёсць нават невялічкае мястэчка з багатай гісторыяй Рось, што пад Ваўкавыскам. Першымі закрылі запіс на экскурсіі па габрэйскай гісторыі ў памяці Брэста, па старажытных мясцінах Заслаўя, праз невядомы Барысаў і па Магілёве з ягонымі жыхарамі і будынкамі.

“Сёлета зімой мы абмяркоўвалі, ці варта праводзіць фэст яшчэ раз. Я была самым сур’ёзным скептыкам, бо ў асноўным мы людзям ужо расказалі і пра горад, і пра ваколіцы. Але мы пабачылі, што фестывалю насамрэч чакаюць, што да яго столькі ўвагі, гэта надало ўпэўненасці. Напэўна, калі б маштабы фестывалю былі большыя, то ўсё было б і больш запатрабавана. Хаця падаецца, куды ўжо больш – сто экскурсій за два дні ў адным толькі горадзе”, – адзначыла адзін з арганізатараў фестывалю Валянціна Кароткіна.

 

Марыя Грыц