Фэст TUTAKA пашырае фармат да трохдзённага і абзаводзіцца адмысловым цягніком

Сёлетні фестываль пройдзе 12-14 ліпеня ў традыцыйным месце — у Гарадку пад Беластокам. Апроч музычнай сцэны будзе процьма лекцый, майстар-класаў, сустрэч, імпрэзаў. Фестываль абуджаных TUTAKA стаў адной з самых заўважных культурных падзей рэгіёна. У чым адметнасць сёлетнега фэсту, распавёў кіраўнік фундацыі TUTAKA Павел Станкевіч.


Paviel Stankievič  Павел Станкевіч

Чаму варта заставацца на трэці дзень фэсту

У пятніцу на сцэну выйдуць Аляксандр Памідораў, luty sakavik, :B:N. У суботу, 13 ліпеня, плануюцца выступы Karlen & Co, Syndrom Samazvanca, Разбітае Сэрца Пацана, KOOB, Sw@da х Niczos. У нядзелю выступяць YAŪGEN, ZUI, SOŽ. І гэта толькі музычны line-up.

Павел Станкевіч, кіраўнік фундацыі TUTAKA, у інтэрв’ю Budzma.org кажа, што каманда сёлета вырашыла паспрабаваць падоўжыць фестывальную дзею, зрабіць не двухдзённы, а трохдзённы фестываль.

«Можа быць, хтосьці нам і не давярае, і стане збірацца дадому ўжо раніцай нядзелі, 14 ліпеня, але мы раім застацца, бо ў нядзелю цягам дня будзе чым заняцца на фэсце. Сярод іншага, у гасцях будзе наш знакаміты пісьменнік Уладзімір Арлоў, будзе прыгатаванне і дэгустацыя крупніка — можа быць, гэта палепшыць чаканне вечаровага канцэрту. А ўвечары мы запланавалі прэм’еру альбома, да якога маем самі непасрэднае дачыненне як прадзюсары, гэта новы прадукт ад гурта ZUI, які створаны акцёрамі Аленай Зуй-Вайцяхоўскай і Міхасём Зуём — яны ж Алена Жалудок, зорка «Шчучыншчыны» і Сяргей Мікалаевіч з «Чын-чын чэнэлу», — кажа Павел Станкевіч.

Fiestyvaĺ abudžanych TutakaФестываль абуджаных Tutaka (2023). Фота: Руслан Серадзюк

Цягнік TUTAKA

Ёсць яшчэ адна рэч, паводле кіраўніка фундацыі, якая не тычыцца зместу фестывалю, але робіць яго яшчэ больш камфортным і дасяжным. «У нас будзе свой адмысловы цягнік, які называецца TUTAKA, на ім нават так і напісана будзе — TUTAKA.

Цягнік будзе ісці: з Беластока ў напрамку TUTAKІ (станцыя Валілы/Waliły) ва ўсе дні фэсту а 18:10 (прыбыццё на месца а 18:55), і ад TUTAKІ (станцыя Валілы/Waliły) у напрамку Беластока 13.07 (у суботу) і 14.07 (у нядзелю) а 2:00 (прыбыццё а 2:45), 15.07 (у панядзелак) а 1:00 (прыбыццё а 1:45), — распавёў Павел Станкевіч. — Калі хто вырашыць, што яму не вельмі зручна ночыць на намётавым полі, то можа спакойна вярнуцца ў Беласток. Канечне, гэта калі яму ці ёй не шкада згубіць самую найлепшую начную тусоўку.

Удалося гэта зрабіць у супольнай працы з кіраўніцтвам Падляскага ваяводства і з перавознікам Regio.

Таму нейкія нараканні, што вось, не магу дабрацца ні аўтаспынам, ні машынай, ні гарадскім транспартам, не пройдуць — трэба быць на фэсце TUTAKA».

Зразумела, што арганізатары фэсту разлічваюць на большую колькасць гасцей, чым у папярэднія гады: «Будзе наша традыцыйнае намётавае поле, але на ўсялякі, падрыхтаванае яшчэ адно». Карысныя парады наконт начлега на намётавым полі і правілы чытайце тут/

Разнастайнасць: ад традыцыйнай культуры да майстар-класаў па менэджмэнце і псіхалогіі

Вядома, што фэст TUTAKA — пераемнік легендарнага «Басовішча». Пры гэтым заўважна, што нашчадак яўна хоча пашырыць поле дзейнасці.

«Басовішча» было вельмі класным фарматам для пакалення наведвальнікаў, якія нарадзіліся ў 60-х, 70-х і 80-х. Для іх вось рок, а за ім панк — гэта было самым тым неабходным. Гэтага было дастаткова для настрою, для таго, каб добра тусавацца. Перадусім цяпер мяняецца беларуская музыка — і варта гэта паказваць. Ад пачатку ў 90-м годзе і потым ўсе 90-я канцэпцыя «Басовішча» — гэта такі супраціў, замяшаны на року і панку, то, як мне падаецца, зараз будзе недастатковым выказвацца толькі праз рок-супраціў ці панк-супраціў. Крыху трэба шырэй з культурай. Стараемся адсочваць іншыя фарматы, апроч музыкі, намагаемся паказаць увогуле іншыя жанры мастацтва, хаця гэта і складана падчас аднаго фэсту, — тлумачыць Павел Станкевіч. — Пакуль што нашы спробы, можа быць, не ў такім ужо і вялікім аб’ёме атрымоўваюцца, як хацелася б, але паглядзіце расклад толькі майстар-класаў, майстэрняў — мы хочам даць магчымасць дакрануцца кожнаму беларусу да нейкай нават дробязі з гэтай нашай агулам беларускай культуры. Прынамсі, даведацца пра яе.

Тут маем разнастайнасць — ад майстар-класаў па традыцыйнай культуры да майстар-класаў па менэджмэнце ці па псіхалогіі. То бок гэта ўсё, што цяпер укладаецца ў жыццё чалавека, які сочыць не толькі за рок-канцэртамі і піўкам пад яго. Мне падаецца, што ёсць больш жаданняў, каб агулам культура нашага грамадства развівалася і не толькі ў такім музычным супраціве».

Прастора для іншых арганізацый

Акрамя таго, заўважае Павел Станкевіч, TUTAKA дае прастору іншым арганізацыям, якія хочуць пра сябе сказаць: «У нас на фэстах прысутнічалі заўсёды розныя ініцыятывы. Сёлета маюць быць «Вольныя», «Палітвязынка», другі раз з намі ў партнёрстве «Вясна», BYSOL, шмат іншых розных ініцыятыў ды арганізацый. Не так шмат пляцовак і магчымасцяў зараз, каб, прыкладам, з BYSOL face-to-face паразмаўляць, запытаць нешта наўпрост, ці з выдавецтвам-бібліятэкай Kamunikat. Мне падаецца, гэта вельмі важна. Хаця, на шчасце, паглядзеўшы на фестывальную мапу лета, бачна, што такіх пляцовак робіцца больш».

Праца над новым фэстам

Fiestyvaĺ abudžanych TutakaФестываль абуджаных Tutaka (2023). Фота: Руслан Серадзюк

Ну а праца над новым TUTAKA «пачынаецца пры закрыцці папярэдняга фэсту». «Вядома, што не з такім велізарным напружаннем, як у перадапошнія месяцы чатыры. Заўжды падчас фестывалю бачыш, адчуваеш нейкія пралікі, касякі, але яны таксама непазбежныя і неабходныя нават — гэта дае досвед, які дазволіць ахапіць яшчэ больш шарокую праграму. Памылкі вучаць. Пры гэтым па дарозе мы ж маем розныя падзеі, прыкладам, той жа фэст «Сонцаграй», іншыя імпрэзы», — сказаў на заканчэнне Павел Станкевіч.

Праграма фестывалю

Адкрыццё прасторы 12.07 ПЯТНІЦА, час — 13.00

Пачатак актыўнасцяў 16.00 (Мова Нанова, Батлейка, акцыя салідарнасці з палітвязнямі, і г.д.)

Канцэрты 21.00-00.00 (Аляксандр Памідораў, luty sakavik, :B:N)

DJ пачатак 00.00

13.07 СУБОТА

Пачатак актыўнасцяў 11.00

(лекцыя па польскаму слэнгу, майстар-клас па праектнаму планаванню, майстар-класы па хуткім скетчынгу, нефармальная лекцыя «Музычная візітоўка Беларусі», лекцыя па сэлфменеджменту, батлейка, кінапаказы, ёга, дыскусіі, дзіцячы музычны канцэрт і.д.)

Адкрыццё галоўнай сцэны 20.30

Канцэрты 21.00-01.00 (Karlen & Co, Syndrom Samazvanca, Разбітае Сэрца Пацана, KOOB, Sw@da х Niczos )

DJ пачатак 01.00

14.07 НЯДЗЕЛЯ

Пачатак актыўнасцяў 12.00

(крупнік, кінапаказы, сямейны спектакль, варштаты беларускага традыцыйнага танца, тэатралізаваныя гульні для дзяцей, і г.д.)

Канцэрты 20.00-23.00 (YAŪGEN, ZUI, SOŽ)

Удзел у фестывалі бясплатны.

З поўнай праграмай фестывалю можна азнаёміцца па спасылцы

Рыгор Сапежынскі, budzma.org