Музычны фэст «Uzajemna!/Узаемна!» ў дзень нараджэння Каліноўскага – 2 лютага

23.01.2020 Афіша

У імпрэзе возьмуць удзел гурты “Dzieciuki”, “Znich” & “Rutvica”, “Pawa”, “Стары Ольса”, Раман Арлоў і “У нескладовае”. Акрамя таго, на сцэну клуба “Re:public” выйдзе і польскі гурт “Żywiołak” (neofolk/metal-folk). Таксама выступіць гурт, які абіраецца шляхам конкурса.

Узаемна+Жывёлак-8.jpg


Конкурс ад budzmakrama: два квіткі на фестываль за лайк, камент і падпіску!

Лідар мінскага гурта ZNICH Алесь Таболіч дзеліцца: "Мы адразу пагадзіліся выступіць на фэсце УЗАЕМНА!/UZAJEMNA!, як толькі паступіла прапанова. З адным з удзельнікаў фэста, польскім калектывам “Żywiołak” мы пазнаёміліся на апошнім “Басовішчы”! Вельмі добра, што не толькі беларусы Польшчы змогуць пачуць гэты гурт”.

znich rutvica.jpg

Адзначыў Алесь Таболіч і значнасць імпрэзы: “Гэты фэст, я лічу, для кожнага беларуса ёсць пэўны напамін пра тое, што ён павінен шанаваць сваіх герояў і ведаць сваю гісторыю! Дарэчы, мы пакажам новую і старую праграму ў новых вобразах. Зараз мы чакаем новыя касцюмы. Спадзяемся прэзентаваць і паказаць новы кліп. Будуць і патрыятычныя песні – даніна павагі Кастусю Каліноўскаму. А наогул цяпер мы цяпер з гуртом “Rutvica” рыхтуем афiцыйны выхад альбома (CD-book) з двума клiпамі, на беларускім лэйбле. Ёсць прапановы на выступы і прэзентацыю ў Кіеве. Вядзем перамовы з еўрапейскімі фэстамі”.

pawa.jpg

Дарэчы, насычанае жыццё зараз і ў каманды PAWA. “Мы рыхтуем да выхаду альбом Польскіх народных спеваў у нашай апрацоўцы, – кажуць музыкі. – Пачалі работу з аўтарскім матэрыялам, самі ствараем музыку і песні. Плануем выхад новых відэа з мэтай прэзентаваць новыя песні. Аднаўляем тэхнічны арсенал, каб удасканаліць наш жывы гук. І ўвогуле робім усе, каб падняць нашыя жывыя выступы на новы ўзровень”. Ацаніць жа вынікі такой працы можна будзе на выступе 2-га лютага. Дарэчы, праграму музыкі плануюць моцную: ударную, з традыцыйнымі «баевікамі» і свежымі кампазіцыямі. А тлумачэнне таму простае: “У гурце мы ўсе з пашанай ставімся да постаці Кастуся Каліноўскага. Без паўстання 1863-га, магчыма, і не было б сённяшняй Беларусі. Гэты перыяд вельмі цікавы, шмат твораў звязана з паўстаннем і ў літаратуры і ў кінематографе, мы падтрымліваем ініцыятыву стварэння такога тэматычнага фестывалю як «Музычны Фэст UZAJEMNA!/УЗАЕМНА!». Да таго ж наведвальнікам прапануецца сапраўды класны сэт ліст, усе гурты цікавыя і адметныя, таму варта наведаць гэтае мерапрыемства”.

dzecuki.jpg

Відавочна, такім яркім госцем імпрэзы стане і каманда “DZIЕCIUKI”. Новых кампазіцый музыкі не абяцаюць, аднак у сувязі з датай правядзення падзеі, абавязкова прагучаць песні, звязаныя з Кастусём Каліноўскім: "Мужыцкая праўда" ды "Час касінераў". Алесь Дзянісаў прызнаецца: “Хаця я не люблю пафас, але Кастусь Каліноўскі – сімвал Беларусі, гонар нашай гісторыі. Адзін з нешматлікіх гістарычных постацяў, які адпавядае гэтым гучным тэрмінам”. Між тым, акрамя ўдзелу ў фэсце “Узаемна!”, у музыкаў яшчэ шмат працы: “Наперадзе – канцэрты, якія мы вельмі чакаем. Яны, дарэчы, забяраюць час, які мог бы пайсці на працу над новымі песнямі. А вось што да гурта "Людзі на балоце", то ён дагэтуль дэ-юрэ існуе. Дэ-факта, ужо 4 гады каманда не функцыянуе. Мы дагэтуль не дарабілі другі альбом. Самае прыкрае, гэта тое, што большасць матэрыялу ўжо запісаная 4 гады таму, і засталося не так шмат, але усё застапарылася. Вельмі рэдка, мы граем у Гродна ў вельмі ўрэзаным складзе – са скрыпачкай Настай; час ад часу далучаецца флэйтыст Васіль Валошчык. За межы роднага гораду мы не выязжаем”.

стары ольса.jpg

Адзначыцца на імпрэзе і гурт, які летась адсвяткаваў сваё 20-годдзе не адным, а нават двумя канцэртамі – “СТАРЫ ОЛЬСА”. Цікава, што нягледзячы на такую сваю занятасць, каманда паспявае рыхтаваць і першую ў сваім жыцці батлейку. “Гэта традыцыйная вялікая шафа ў стылі XV ст. Мы паставілі спектакль “Трыстан і Ізольда” па беларускай версіі гэтай аповесці. Суправаджэнне – музыкі “Старога Ольсы”: мы самі кіруем лялькамі, спяваем і размаўляем за герояў. Зараз выбіраем залу. Рыхтуемся да канікулаў вясновых”. А пакуль на падзеі 2-га лютага гурт парадуе патрыятычнымі і ваярскімі спевамі. “Кастусь Каліноўскі для мяне – смелы патрыёт, які загінуў, каб я зараз мог размаўляць па-беларуску, спяваць свае песні і ўвогуле мець СВАЮ культуру!” – зазначае лідар гурта Зміцер Сасноўскі.

arlou_raman.jpg

Адметнай стане падзея і для Рамана АРЛОВА і гурта “У НЕСКЛАДОВАЕ”. Музыкант адзначае: “Кастусь Каліноўскі – чалавек, які прымусіў палякаў паважаць беларускія інтарэсы ў кантэксце паўстання 1863-га года і фактычна абвясціў першы Беларускі Урад у Вільні. Таму для мяне першая беларуская дзяржава ў Новай Гісторыі – менавіта дзяржава Каліноўскага, а не БНР. І гэтая дзяржава была больш народнай па ўсіх паказчыках. Таму я не мог не напісаць песню "Скажы, Кастусь". Яна і прагучыць на канцэрце. Скарыстаю таксама магчымасць паказаць яшчэ дзьве абсалютна новыя песні. А калі хто хоча паслухаць такія хіты як "Станцыя" альбо "Будзьма Беларусамі", дык сачыце ўважліва за абвесткамі пра сольны канцэрт”.Дарэчы, зацікавала спадара Арлова і іншая гістарычная асоба: “Цяпер мы пачалі працу над мюзіклам пра Еўфрасінню Полацкую. А яшчэ будзем працаваць над казкай пры прыгоды Літары ў нескладовае”.

Далучыцца да гістрарычных падзей можна будзе на фэсце “Узаемна!” 2-га лютага ў клубе “Re:Public”.

Прыезд польскага гурта “Żywiołak” станецца магчымым дзякуючы Польскаму Інстытуту ў Мінску.

Беларускія слухачы мелі магчымасць азнаёміцца з творчасцю гурта на сёлетнім фэсце “Басовішча”, а аматары гульні World of Tanks чулі музычнае афармленне гурта для польскай мапы "Студзянкі" зроблена для фірмы Wargaming, Саўндтрэк быў зроблены пад уражаннем ад найвялікшай танкавай бітвы II Сусветнай вайны. У  2008 Żywiołak амаль не трапілі на конкурс "Еўрабачанне".

Вось, што пісала газета “Новы Час” пра гурт:

“Калі вы раней не чулі польскі гурт Żywiołak, варта гэта зрабіць. Каманда існуе з 2005 года, грае магічную музыку, заснаваную на традыцыйных народных спевах. Дзякуючы старажытным інструментам, гіпнатычнаму вакалу і цяжкаму, часам металёваму гуку, падчас выступу «Жывёлка» на сцэне адбывалася сапраўднае шаманства”.

02.02.2020г.
клуб Re:public
17:30

Квіткі 25р. – 40р.

Бліжэй да канцэрта і ў дзень канцэрта квіткі даражэй.

Даведкі: 44 5517706, 29 8517706


Паводле арганізатараў