Чарговы фестываль «Паўночнае Ззянне» плануецца правесці ў online-фармаце

30.03.2021 Культура

Сёмы фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» пройдзе 20-30 верасня 2021 у фармаце online на платформе кінафестывалю, піша Новы Час.



Постэр мінулага фестывалю.

Як адзначаюць арганізатары ў прэс-рэлізе, мінулагодні вымушаны досвед з фарматам online апынуўся ўдалым, а складанасці, выкліканыя пандэміяй і сацыяльна-палітычнымі турбулентнасцямі, пакуль не вырашыліся. «Таму ў 2021 годзе мы працягваем і ўдасканальваем ваш і наш online experience. Фільмы праграмы можна будзе паглязець у любой кропцы Беларусі згодна з раскладам» — гавораць арганізатары.

У дадзены момант каманда фестывалю сумесна з партнёрамі ўдасканальвае online-платформу для таго, каб зрабіць яе больш зручнай і камфортнай.

Праграма сёлета складзецца з 16 фільмаў са Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Нарвегіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. А таксама з беларускай праграмы, якую «Паўночнае Ззянне» ўпершыню паўнавартасна правяло і заявіла летась. У планах — традыцыйная Індустрыйная платформа з майстар-класамі і лекцыямі, а таксама новая візуальная мова фестывалю, на якой пагавораць з гледачамі праз фірмовыя трэйлеры, постары і фотаздымкі.

Новая праграма будзе абвешчана ў жніўні 2021 года, у той жа час квіткі паступяць у продаж.

Нагадаем, у мінулым годзе «Паўночнае Ззянне» неаднаразова пераносілася не толькі з прычыны COVID-19, але і з-за таго, што беларускія ўлады перыядычна блакавалі ў краіне інтэрнэт.

Новы Час