На прэс-канферэнцыі, прысвечанай фестывалю польскага кіно, які пройдзе у Мінску 21—28 кастрычніка, кінакрытыкі Максім Жбанкоў і Андрэй Расінскі расказалі пра сучаснае польскае кіно, прадстаўленае ў праграме, а таксама патлумачылі, што яшчэ чакае гледачоў падчас фестывалю.
«Карціны, паказы якіх адбудуцца ў арт-кінатэатры “Рубін Плаза”, — збольшага невядомыя ў Беларусі, — пачаў Андрэй Расінскі. — За савецкім часам можна было пабачыць анімацыйныя стужкі “Рэйс” і “Болік і Лёлік”, а таксама моцна цэнзураваную “Сэкс-місію”, якая ў тагачасным пракаце называлася «Новыя амазонкі». Зараз жа гледачоў чакае поўная версія фільма без купюр».
«Абраныя стужкі паказваюць нам Польшчу, якой мы не ведаем, гэта сапраўды кіно, якое раскрывае душу польскага народа — і тонкі інтэлектуальны гратэск «Рэйс», і камедыя «Вяселле».
«На фестывалі можна будзе ўбачыць невядомае нам кіно, — кажа Максім Жбанкоў. — Раней мы бачылі толькі лёгкія камерцыйныя стужкі ці высакалобае інтэлектуальнае кіно — Вайду, Кіслёўскага… А цяпер нам даецца магчымасць паглядзець «сярэднюю плынь» — кіно, якое самі палякі любяць і шануюць»
«Можна сказаць, што падчас фестывалю будзе паказанае культавае польскае кіно розных часоў — ад “Рэйсу” і “Мішкі”, па якіх можна бачыць распад польскага сацыялізму, да “Лэйдзіс” — новага польскага кіно, не фестывальнага, якое паказвае, як палякі бачылі і разумелі сябе ў нулявыя».
«Раней мы не ведалі якраз гэтай новай генерацыі польскіх актораў, якія ўжо маюць вялікую папулярнасць, а цяпер маем магчымасць паглядзець».
Гледачоў чакае культавае польскае кіно розных эпох: 8 мастацкіх фільмаў, 2 мультфільмы, а таксама чатыры дакументальныя фільмы Кшыштафа Кіслёўскага. Спецыяльна для фестывалю гэтыя фільмы былі перакладзеныя 8-м каналам на беларускую мову, ролі агучвалі Ігар Сідорчык і Раіса Астрадзінава.
Усе паказы ў “Рубін Плаза” пройдуць бясплатна. Запрашальнікі можна будзе атрымаць перад паказамі у касе арт-кінатэатра. Тыя ж, каму месца ў залі не хопіць, змогуць паглядзець выбраныя фільмы на 8-м канале, дзе яны будуць ісці падчас фестывальнага тыдня: з 21 па 28 кастрычніка.
Акрамя паказаў будуць арганізаваныя мастацкія майстар-класы для дзетак 5-10 гадоў (22 і 23 кастрычніка, у 12.00, якраз пасля мультфільмаў), дыскусійная панэль, прысвечаная дакументальным стужкам Кшыштафа Кіслёўскага, а таксама сустрэча з вядомым польскім акторам Барталамеем Топам (26 кастрычніка ў 19.30 актор, які сыграў ролю жаніха, прэзентуе фільм “Вяселле”, а пасля прагляду адкажа на пытанні гасцей).
Фестываль праводзіцца Беларускім шуманаўскім таварыствам у партнёрстве з 8-м каналам і мультымедыйным часопісам 34mag.net у межах культурнай праграмы старшынства Польшчы ў Еўрапейскім саюзе.