Паўліна Мядзёлка: «ракавая жанчына» нацыянальнага руху

132 гады таму, 12 верасня 1893 г., нарадзілася Паўліна Мядзёлка — акторка, настаўніца, валанцёрка, палітзняволеная, мемуарыстка, агент выведкі... Наша Мата Хары. Ці не самая кінематаграфічная з беларускіх жанчын — гераінь ХХ стагоддзя. Пакуль толькі патэнцыйна. Зрэшты, пачатак ужо пакладзены ў нашумелым фільме пра Янку Купалу. Там Мядзёлка — спакуслівая femme fatale, праз якую пакутуе паэт.

Paŭlina Miadziolka
Паўліна Мядзёлка. Фота: wikipedia.org

Паўлінка нарадзілася ў сям’і арганіста ў Будславе. Дзяцінства і першыя гады вучобы прайшлі ў Глыбокім ды Рызе. З маладых гадоў дзяўчына мела наравісты характар і выразна падкрэслівала сваю беларускую ідэнтычнасць.

Падчас навучання ў Вільні лёс звёў яе з Бядулем, Каганцом, Цёткай, Ядвігіным Ш, ну і, вядома, з Купалам.

Гэта ёй Купала прысвяціў першую беларускую п’есу «Паўлінка»: п’есу пра жанчыну і для жанчыны. Для яе адной. Паводле легенды, Купала сам вучыў Паўліну цалавацца падчас рэпетыцый. Але іх раман так і не склаўся — адзіным мужам Мядзёлкі быў Тамаш Грыб, адзін з лідараў беларускіх эсэраў, міністар унутраных справаў БНР.

Paŭlina Miadziolka
Паўліна Мядзёлка. Фота: wikipedia.org

У студзені 1913 г. «Паўлінка» была пастаўлена Алесем Бурбісам у Вільні сіламі Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў рабочым клубе «Сокал». Праз паўтара гады пасля першай пастаноўкі «Паўлінку» пабачылі і ў Беларусі. На паказе прысутнічаў не толькі сам аўтар, але і Паўліна Мядзёлка, якая і выканала ролю Паўлінкі.

Рэвалюцыя і грамадзянскай вайна падштурхнулі Мядзёлку пераключыцца на палітыку. Яе спадарожнік і будучы муж эсэр Тамаш Грыб змагаўся з польскай уладай у Заходняй Беларусі. Паўлінка пайшла па тым жа шляху, за што неаднойчы трапляла за краты. Сядзела таксама і ў гарадзенскім астрогу: вязні запомнілі, як элегантная дзяўчына няспешна зацягвалася папяросай падчас шпацыраў у дворыку...

У 1920-х Мядзёлка перабралася спачатку ў Прыбалтыку, пасля ў СССР. Там яна праходзіла па справе сумнавядомага «Саюза вызвалення Беларусі». Вынік — высылка ў Казань. Лічыцца, што Паўлінка мела кантакты з савецкімі органамі і пэўны час працавала па Купалу. Паэт ніяк не мог выкінуць з галавы яе вобраз. Ёсць звесткі, што ў гатэлі «Масква» ўлетку 1942-га, калі Купала скочыў у лесвічны пралёт, без Мядзёлкі таксама не абышлося: выходзіў ён нібыта з яе нумару...

У 1947 г. «ракавая жанчына» нацыянальнага руху вярнулася ў родны Будслаў. Працавала настаўніцай. Арганізавала хор і драматычны гурток, за што ў 1966 годзе атрымала званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі. А яшчэ напісала даволі каларытныя мемуары ў форме споведзі пад назвай «Сцежкамі жыцця», якія часткова былі апублікаваныя ў часопісе «Полымя» ў першай палове 1990-х гадоў, а асобнай кнігай пабачылі свет адносна нядаўна, у 2018 годзе ў выдавецтве "Лімарыус". Па спасылцы можна пачытаць кнігу.