Пачатак зімы — час надыходу дзён чараўніцтва і радасных спадзяванняў. Фестываль «Pradmova» таксама жадае спрычыніцца да цудоўнай атмасферы зімовых свят і... анансуе новы конкурс рукапісаў «Шуфлядка».
Мэты конкурса:
— падвысіць цікавасць чытачоў і аўтараў да масавых жанраў;
— падтрымаць аўтараў, як маладых, гэтак і тых, хто даўно і плённа піша;
— каб рукапісы рабіліся кнігамі, канешне!
Што гэта за конкурс? Чым ён адрозніваецца ад іншых?
Мы падумалі-падумалі і вырашылі, што самы час запачаткаваць конкурс менавіта рукапісаў, а не кніг. Для тых, хто толькі пачынае шлях у літаратуры і для тых, хто стала піша, але не мае зараз магчымасці выдавацца.
Конкурс мае адбыцца ў трох намінацыях:
— дзіцячая і падлеткавая літаратура;
— нон-фікш, гістарычная і дакументальная проза;
— масавыя жанры — дэтэктыў, фэнтэзі, фантастыка, прыгоды.
Ніякіх абмежаванняў па ўзросту, гендеру, месцу пражывання аўтараў няма; але рукапіс мусіць быць пададзены на беларускай мове. (Так, гэта азначае, што можна падаць свой арыгінальны твор у перакладзе на беларускую). Прыз пераможцам у намінацыях: дапамога ў выданні кнігі праз выдавецтва.
Дарэчы, журы будзе чытаць рукапісы, не ведаючы, хто іх аўтар!
«Шуфлядка» мае адбыцца ў некалькі этапаў:
Збор заявак — студзень-люты;
Доўгі спіс — сакавік;
Кароткі спіс — красавік;
абвяшчэнне лаўрэатаў — травень.
(У графіку могуць быць змены).
Больш дакладная інфармацыя пра этапы, а таксама Статут конкурсу будуць апублічаныя на пачатку студзеня. Збор заявак будзе арганізаваны праз гугл-форму і электронную пошту shuflyadych@gmail.com.
Сачыць за навінамі пакуль можна ў сацсетках «Pradmova» (@pradmova).
Час разгрузіць шуфляды!