Алесь Тодараў разбіраецца на budzma.org з тым, што такое фальшывыя навіны, чаму іх чытаюць і чым можа абярнуцца для вашай псіхікі іх рэгулярнае спажыванне.
Мы жывем у такі час, калі не сутыкацца з фэйкавымі навінамі не магчыма. Хаця б з тае прычыны, што загалоўкі, якія мы бачым у сродках масавай інфармацыі, часцяком пакліканыя прыцягнуць нашую ўвагу да апублікаванай гісторыі.
Але часта, пасля прычытання нават паловы прапанаванага тэксту, наступае расчараванне. Бо мы купляемся на тое, што загаловак гучыць занадта добра або дрэнна, каб быць праўдай. І вельмі рэдка бывае, калі ўсё наадварот.
Разгадку пытання, чаму многія людзі прымаюць фальшывыя навіны за чыстую праўду, нягледзячы на тое, што гэта супярэчыць усялякай здаровай логіцы, трэба шукаць у дзяцінстве. Менавіта ў раннім узросце чалавек пачынае адрозніваць фантазію і рэальнасць. Калі гэты працэс прайшоў нармальна, то з успрыманнем відавочнай ілжы ўсё будзе адназначна. Калі ж у часе развядзення прыватных фантазіяў і суворай рэальнасці адбыліся нейкія перашкоды, можа адбыцца такая сітуацыя, калі фантазія папросту зрасцецца з перакананнямі чалавека. У больш сталым узросце гэта прыводзіць да такой з’явы, як «прадузятасць пацверджання» — калі чалавек схільны найперш шукаць і прымаць менавіту такую інфармацыю, якая не супярэчыць ягоным уласным перакананням, ды адкідаць усё тое, што ў гэтыя рамкі не ўпісваецца.
На вялікі жаль, людзей, якія кіруюцца такімі прынцыпамі ў наш час калі не большасць, то вельмі і вельмі многа.
Як бы тое ні было, але менавіта наш дзіцячы досвед захоўваецца цягам усяго жыцця і служыць асновай для апрацоўкі інфармацыі ў дарослым жыцці. Нават, калі ў падлеткавым узросце ў нас пачынае развівацца крытычнае мысленне і мы пачынаем падвяргаць сумневу ўсё тое, што кажуць бацькі, чаму вучаць у школе і старэйшыя сябры на вуліцы, мы падсвядома аглядаемся назад — у сваё дзяцінства. Менавіта з гэтай прычыны цяпер так многа тых, хто настальгуе па Савецкім Саюзе ледзьве заспеўшы яго. Паспеўшы пабыць хіба што «акцябронкам» або піянерам, але ўжо не далучыўшыся да камсамолу і камуністычнай партыі.
Зараз існуе мноства каналаў атрымання інфармацыі, якія часцяком прапануюць чалавеку паведамленні, каторыя могуць радыкальна супярэчыць адно аднаму. Спрабуючы знайсці простыя адказы на складаныя пытанні, чалавек трапляе ў пастку фэйкавых навінаў і пачынае жыць у выдуманай рэальнасці. Часцяком адбываецца гэта па ягонай уласнай волі.
Пяць гадоў таму тры даследчыкі з Калумбійскага ўніверсітэта правялі серыю эксперыментаў адносна таго, колькі намаганняў людзі гатовыя прыкласці да праверкі навін. У сваёй працы, якая была апублікавана ў Proceedings of the National Academy of Sciences, навукоўцы не толькі апісалі праведзеныя імі эксперыменты, але і падзяліліся вынікамі. Выявілася, што многія лодзі не схільныя спраўджваць «фэйкавыя навіны», калі яны бачаць іх у сацыяльных сетках.
Як жа так сталася?
На думку даследчыкаў, такая сітуацыя атрымліваецца праз тое, што карыстальнікі сацыяльных сетак бачаць запатрабаванасць гэтай інфармацыі, нават калі паміж імі і іншымі карыстальнікамі няма наўпроставага кантакту.
Чытайце яшчэ: Як развіць крытычнае мысленне?
Не варта таксама забывацца, што часцяком мы давяраем тым, каго лічым «лідарамі меркаванняў» і «экспертамі». Але ж гэта зусім не азначае, што чалавек можа быць адмыслоўцам абсалютна ва ўсім. Калі чалавек добра разбіраецца ў прасоўванні кантэнту ў сеціве, гісторыі міжваеннай Беларусі, альбо ў амерыканскай літаратуры, гэта яшчэ зусім не азначае, што ён нешта разумее ў міжнародных дачыненнях.
Каб не адбывалася такіх прыкрых сітуацый, калі нас свядома альбо несвядома ўводзяць у зман, трэба культываваць у сабе неперадузятасць і ўменне паглядзець на пэўную сітуацыю з розных бакоў. Гэта абсалютна не азначае, што варта адмаўляцца ад сваіх персанальных перакананняў і адкідаць іх, але ўменне быць гнуткім у пошуку інфармацыі адназначна пойдзе вам на карысць. Варта сумнявацца ва ўсім, што не мае адназначнасці. І даваць веры толькі таму, што мае дакладнае падцвярджэнне.
Як выявіць фэйкавую навіну?
1) Перш-наперш развівайце крытычнае мысленне. Фэйкавыя навіны ствараюцца для таго, каб выклікаць у вас эмоцыі, у першую чаргу страх або гнеў.
Убачыўшы нібыта «шокавую» навіну спытайце сябе: «Чаму гэтая гісторыя напісана? Каб пераканаць мяне ў нечым або змяніць мой пунк гледжання? Што яна прадае? Чыё меркаванне прапануе?
2) Правярайце крыніцы. Калі сустрэлі проста неверагодна класную (сумную) гісторыю з крыніцы, аб якой ніколі да гэтага не чулі, скарыстайцеся пошукавікам. Ніколі не будзе лішнім спраўдзіць, якія яшчэ выданні, пажадана аўтарытэтныя, пішуць пра гэтую нечаканую сенсацыю.
Правярайце адрасы сайтаў, дзе атрымліваеце інфармацыю. Арфаграфічныя памылкі ў назве, мутныя дамены ўжо намякаюць на тое, што гэтая крыніца наўрад ці вартая даверу. Тое самае і з тэлеграм-каналамі, якія даўно ўжо не з’яўляюцца панацэяй ў плане атрымання інфармацыі.
3) Праўдзівыя навіны маюць спасылкі на аўтарытэтныя крыніцы, цытаты экспертаў, дадзеныя апытанняў, інтэрв’ю відавочцаў і гэтак далей. Як правіла ў іх адсутнічае эмацыйны складнік. Таму што асноўная задача тых, хто стварае гэтыя навіны данесці інфармацыю, але не пераканаць вас у нечым.
4) Відэа і фота не заўжды з’яўляюцца 100% пацвержаннем таго, што адбылося. Звяртайце ўвагу на тое, што менавіта вы бачыце ў кадры. Да таго ж не забывайцеся, што прапанаваны візуал можа быць далёка не першай свежасці. І пад выглядам «гарачай навіны», вам могуць падсунуць відэа 10-гадовай даўніны.
5) У любой сітуацыі кіруйцеся выключна здаровым сэнсам. Бо законы фізікі адзіныя для ўсіх. Паралельныя лініі ў двухмерным вымярэнні не перасякаюцца, а людзі стагоддзямі змагаюцца за ўладу, грошы і ўплыў.
І памятайце, што фальшыўкі ствараюцца для таго, каб падсілкоўваць нашыя спадзевы, стэрэатыпы і страхі. Не дазваляйце маніпуляваць сваімі думкамі!
Алесь Тодараў, budzma.org