Культавы «Байцоўскі клуб» Дэвіда Фінчэра ў шырокім пракаце – з 25 ліпеня

22.07.2019 Афіша

У гонар 20-гадовага юбілею на вялікія экраны вяртаецца культавая класіка 90-х: правакацыйны, абуральны і брутальны фільм Дэвіда Фінчэра «Байцоўскі клуб». Паказы пройдуць у шасці сталічных кінатэатрах на англійскай мове з рускімі субтытрамі. Успомніць усе правілы клуба можна з 25 да 31 ліпеня ў «Міры», «Піянеры», «Ракеце» і «Цэнтральным», да 7 жніўня – у «Беларусі» і Falcon Club Буцік Кіно.

BC_poster.jpg

«Байцоўскі клуб» – карціна, якая стала кульмінацыяй амерыканскага кіно на мяжы тысячагоддзяў і намацала культурны пульс новай эпохі. Гэта змрочная і захапляльная сатыра на Пакаленне X, фільм які расчараваўся ў амерыканскай мары, ухапіўшы сацыяльнае напружанне 1990-х гадоў і вар'яцтва, якое выбухне ва ўсім свеце ў наступнае дзесяцігоддзе. Праз грымучую сумесь жанраў і дасканалую сюжэтную канструкцыю Фінчэр са з’едлівай іроніяй паказаў і крызіс маскуліннасці, і грамадства спажывання, і нігілістычны бунт.

Стужка заснаваная на аднайменнай кнізе Чака Паланіка, аўтара твораў «Калыханка», «Ацалелы» і «Прывіды». Паланік – адзін з самых знакамітых сучасных амерыканскіх пісьменнікаў, уладальнік прэмій «Pacific Northwest Booksellers Association Award» і «Oregon Book Award» і двойчы намінант на прэмію Брэма Стокера.

Апавядальнік – «белы каўнерык» і тыповы спажывец у цісках капіталістычнай сістэмы – пакутуе на хранічную бяссонніцу і мучыцца ад нуды ў сваім манатонным і пустым жыцці. Але аднойчы ён сустракае харызматычнага прадаўца мыла Тайлера Дэрдэна, які робіцца ідэалам для апавядальніка. Тайлер упэўнены, што самаўдасканаленне – доля слабых, а самаразбурэнне – адзінае, дзеля чаго варта жыць. Разам яны засноўваюць Байцоўскі клуб, дзе ў суботы збіраюцца разам з іншымі мужчынамі, каб ад душы пакалаціць адзін аднаго: боль ад удараў і смак крыві вяртаюць іх да жыцця. Але апавядальнік і не здагадваецца, чым гэта ўсё абернецца...

«Байцоўскі клуб» Дэвіда Фінчэра быў намінаваны на прэмію «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы мантаж гуку». Дэвід Фінчэр – адзін з самых прыкметных і цікавых з сучасных галівудскіх рэжысёраў. Яго трылер «Задыяк» (2007) быў намінаваны на «Залатую пальмавую галіну» ў Канах, а драма «Загадкавая гісторыя Бенджаміна Батана» (2008) атрымала тры намінацыі за найлепшую рэжысуру – на прэміі «Оскар», «Глобус» і «Сатурн» . Баёпік «Сацыяльная сетка» таксама здабыў прыз у намінацыі «Найлепшы рэжысёр».

Фінчэр стварае бадзёрую, абсурдную і адначасова трывожную і змрочную гісторыю з заблытанымі адносінамі паміж галоўнымі героямі ў бліскучым выкананні Эдварда Нортана, Брэда Піта і Хелены Бонэм Картэр. Праз два дзесяцігоддзі «Байцоўскі клуб» усё яшчэ застаецца актуальным, глядзіцца свежа і выклікае палеміку.

Паказы пройдуць у межах праекта «Лістапад. Калекцыя».

Паводле арганізатараў