Даследчыкі мяркуюць, што замкавая царква на Навагрудскім замку мае найбліжэйшыя па архітэктуры і па часе аналагі далёка за межамі сённяшняй Беларусі, піша «Наша Ніва».
Барочны храм на месцы замкавай царквы ў Навагрудку на малюнку Канута Русецкага. 1846. Фота: Wikimedia Commons
На канферэнцыі «Вынікі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі ў 2024 годзе» загадчык аддзела археаграфіі Беларускага НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы Валерый Пазнякоў расказаў пра Новагародскую замкавую царкву і яе месца ў міжкультурных сувязях ХІІІ—XIV стагоддзяў.
На падставе археалагічных даных старажытную царкву ў Новагародскім замку першапачаткова датавалі не пазней за XIV стагоддзе. На аснове будаўнічай тэхнікі больш вузка — другая палова ХІІІ — першая палова XIV стагоддзя. Нарэшце, «зыходзячы з гістарычных абставін» яе датуюць часамі валадарання вялікага князя Гедыміна ў 1316–1340 гадах.
Раскопкі царквы на дзяцінцы ў Навагрудку. Від з усходу
Вядома, што прынамсі з XVII стагоддзя яна насіла імя Успенскай. На думку Пазнякова, няма падстаў сумнявацца, што і ў ранейшыя часы яна называлася ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Царква шмат разоў перабудоўвалася, у 1751 годзе ўжо барочны храм моцна пацярпеў ад пажару. У пачатку 1870-х гадоў царкву разабралі на цэглу. Сёння на Замкавай гары Навагрудка захаваліся на глыбіні больш за адзін метр толькі яе фундаменты.
Адкрытая ў ходзе рэстаўрацыйных работ на тэрыторыі Навагрудскага замка ў 1924–1928 гадах царква была цалкам раскапаная Архітэктурным атрадам Навагрудскай археалагічнай экспедыцыі Ленінградскага аддзялення Інстытута археалогіі АН СССР пад кіраўніцтвам Марыяны Малеўскай-Малевіч.
Царква на дзяцінцы ў Навагрудку. Агульны план раскапаных канструкцый
Паводле будаўнічай тэхнікі першапачатковая новагародская царква мае паралелі з будаўніцтвам Валынскага княства. Малеўская-Малевіч спачатку шукала архітэктурныя аналагі сярод малых храмаў Паўднёвай Русі, у прыватнасці, Чарнігава і Пераяслава, пасля сярод вялікіх полацкіх і смаленскіх храмаў ХІІ стагоддзя.
Фіксацыйны план муроў першапачатковай царквы XIV стагоддзя на дзяцінцы ў Навагрудку
На думку ж Пазнякова, больш дакладнымі аналагамі, як у планіровачным рашэнні, так і храналагічна, з’яўляюцца храмы, узведзеныя далёка за межамі сучаснай Беларусі.
Першы з іх — храм у Новым Ольгавым Гарадку Разанскага княства (цяпер вёска Нікіціна Спаскага раёна, за 960 км на ўсход ад Навагрудка). Царква ў плане мае квадрат, да якога з трох бакоў далучаюцца прытворы, з чацвёртага боку — выцягнутая ўздоўж апсіда. Слупоў у царкве не было.
Схематычны план капліцы Святой Марыі ў Магольме. Фота: Ancient and medieval architecture
Другі аналагічны храм Пазнякоў знаходзіць зусім у іншым, паўночным кірунку. Гэта капліца Святой Марыі, якая была пабудаваная пад горадам Магольм (цяпер каля Віру-Нігула, Эстонія, за 650 км ад Навагрудка), як мяркуецца, у памяць аб Ракаворскай бітве 1268 года.
У той бітве сутыкнуліся войскі ноўгарадцаў і іх саюзнікаў з нямецкімі рыцарамі. Сярод удзельнікаў гэтай кампаніі быў і князь Даўмонт, які быў вымушаны пакінуць Вялікае Княства Літоўскае ў час барацьбы за прастол пасля смерці Міндоўга і быў прыняты ў Пскове.
Руіны капліцы Святой Марыі ў Магольме на малюнку Карла фон Унгерн-Штэрнберга. 1828. Фота: Ancient and medieval architecture
Адзначалася, што гэтая капліца ў Магольме пабудавана «ў рускай манеры». У аснове яе плана — чатырохвугольнік, да якога з двух бакоў далучаюцца прытворы, а з трэцяга боку — квадратная апсіда. У XVI стагоддзі капліца была закінута і разбурылася. Руіны цяпер закансерваваны.
Як піша Пазнякоў, гісторыкі архітэктуры балтыйскіх краін неаднаразова ўказвалі на старажытнарускія карані капліцы ўвогуле і яе падабенства да царквы Новага Ольгава Гарадка. Гэта падабенства дало магчымасць сучасным даследчыкам храналагічна зблізіць дзве пабудовы. Паводле іх меркавання, царква ў Новым Ольгавым Гарадку пабудавана ў сярэдзіне 1250-х гадоў, магчыма, майстрамі смаленскай будаўнічай школы.
Аддаленыя ўплывы смаленскай школы дойлідства заўважаюцца ў новагародскай замкавай царкве. Такім чынам, выстройваецца храналагічны шэраг блізкіх па плане пабудоў у трох вельмі аддаленых мясцовасцях.
Усходняя сцяна капліцы Святой Марыі каля Віру-Нігула добра захавалася і, на думку гісторыка, можа дапамагчы ў аднаўленні выгляду замкавай царквы ў Навагрудку. Фота: triptoestonia
Трохмерная візуалізацыя руін капліцы Святой Марыі каля Віру-Нігула
Захаваная выява эстонскай капліцы, зробленая ў ХІХ стагоддзі, на думку гісторыка, магла б дапамагчы аднавіць інтэр’еры і знешні выгляд замкавай царквы на Навагрудскім замку.