“Філаматы XXI стагоддзя” завіталі ў кобрынскую дзіцячую вёску

5 траўня, на Вялікдзень, у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”,  музычна-гістарычны праект “Філаматы XXI стагоддзя” выступілі ў дзіцячай вёсцы ў Кобрыне.

“Філаматы XXI стагоддзя” збіраюць фальклор па ўсёй Беларусі, вывучаюць народныя рамёствы, гістарычныя помнікі, абрады, музычныя інструменты, якія існавалі раней і існуюць зараз, як калісьці студэнты Віленскага ўніверсітэта, прыязджаючы з вакацый, з родных мясцін рабілі песенныя, краязнаўчыя  справаздачы, выдавалі зборнікі. Фальклор Беларусі ведалі і ў Парыжы, і ў Пецярбургу.

IMG_1498

Вядомы музыка Васіль Грынь, які выступіў на сустрэчы, распавёў аб музычным інструменце сурме (пастушы рог), які існаваў тут жа, у Кобрынскім, Драгічанскім раёне. Спадар Васіль не толькі сам зайграў на сурме, але і даверыў паіграць хлопчыку, як вучыцца ў музычнай школе.  Гэта выклікала вялікую радасць у выканаўцаў і слухачоў.

Іншы ўдзельнік праекта, спадар Аляксандр, распавёў аб лірніках, якія хадзілі і спявалі, гралі на ліры. Ён таксама выканаў лірніцкую песню “Юр’я”, “Цераз рэчаньку”.

IMG_1494

Лірніцкая культура існавала да першай паловы XX стагоддзя. Старажылы Мінска памятаюць, што ў 1947 годзе на Камароўцы граў лірнік. А зараз, у наш час, побач з Кобрынам, у вёсцы Балата, жанчыны спяваюць лірніцкія песні, ведаюць ажно 40 куплетаў.  Лірнікі – музыкі –вандроўнікі, якія выконвалі святыя, сіроцкія песні. Лірнікаў звычайна суправаджаў хлопчык, які быў сіратой альбо з шматдзетнай сям’і.

З вялікім задавальненнем дзеці вывучылі некалькі беларускіх танцаў. Апошняя частка імпрэзы адбылася на свежым паветры, у прыгожым двары, дзе Васіль Грынь раскручваў 4-метровую пугу – дзеці радасна гралі ў гульню “Рыбак і рыбка”  і выбіралі самага спрытнага. Самыя лепшыя атрымалі падарункі ад кампані “Будзьма беларусамі!”.

2013-05-05 21.08.32

Тэгі: