Financial Times раіць паглядзець канцэрт «Старога Ольсы»

21.04.2020 Музыка

Учора газета Financial Times апублікавала матэрыял пад назвай «Топ-10 класічных канцэртаў для праслухоўвання анлайн на гэтым тыдні». Сярод іх аўтар Ханна Няпілава ўзгадвае і канцэрт Старога Ольсы, што адбыўся ў межах святкавання Еўрапейскага дня старадаўняй музыкі 21 сакавіка.

94779505_3081294688593941_5364551359729238016_o.jpg


Паводле яе слоў, самы відавочны выбар - Стывен Дэвайн з 48 прэлюдыямі і фугамі Баха на клавесіне, якія ён выконвае ў Нацыянальным цэнтры старадаўняй музыкі ў брытанскім Ёрку. «Для чагосьці трохі іншага ёсць беларускі гурт «Стары Ольса», які выконвае сярэднявечную музыку часоў Вялікага Княства Літоўскага», - дадае Ханна (пераклад "Беларусь и мир" belmir.by).


«Старому Ольсе» сёлета 21, паўналецце. Таму музыкі вырашылі стварыць анлайн-музей гурта «Стары Ольса», які павесяць на сваім сайце. У музеі будуць знакавыя фота- і відэаматэрыялы гурта, аўдыазапісы інтэрв’ю, адсканаваныя артыкулы, плакаты, дыпломы, гісторыі, фота падарункаў, атрыбутыкі і іншыя цікавыя рэчы.

"Без вашай дапамогі і вашых матэрыялаў музей будзе няпоўным. Таму мы просім вас дасылаць нам свае ўспаміны і рарытэтныя фота. Далучайцеся!" - звяртаюцца да сваіх прыхільнікаў музыкі.