Фонд «Tutaka» ладзіць II Дэкламатарскі Конкурс да Дня Роднай Мовы

Паўдзельнічаць у ім прапануюць усім жадаючым у фармаце анлайн.


maxresdefault.jpg

Конкурс пройдзе ў два этапы:

I этап: Удзельнікі будуць даслаць відэа з вершам і анкетай да 31 студзеня 2023 на адрас: konkurs@tutaka.org ці трансферам кшталту wetransfer.com, myairbridge.com, dropbox, google disk.

Да 10 лютага 2023 журы прадставіць удзельнікаў, якія пройдуць у другі этап.

II этап: Фінал конкурсу пройдзе ў Тэатры лялек (Беласток) 21 лютага 2023. Удзельнікі, якія пройдуць у фінал, будуць запрошаныя арганізатарам конкурсу ў Беласток, каб вызначыць пераможцаў. Існуе магчымасць выступу у фінале ў фармаце анлайн. Квіткі ад месца пражывання да месца правядзення фінала конкурсу, а таксама пражыванне фіналістаў у Беластоку арганізатарам не аплачваюцца.

Конкурс будзе праходзіць у трох узроставых катэгорыях:

I катэгорыя — дзеці да 12 гадоў,
II катэгорыя — дзеці і падлеткі ад 12 да 16 гадоў,
III катэгорыя — моладзь ад 16 гадоў і дарослыя.

Рэпертуар удзельніка конкурсу складаецца з аднаго верша ці часткі паэмы, не большых за 5 хвілін, абавязкова на беларускай мове. Выступ будзе ацэнены кваліфікаваным журы па наступных крытэрах:

— падбор рэпертуару (мастацкая каштоўнасць твораў і выканальніцкія здольнасці дэкламатараў),

— тэхніка і выразнасць вымаўлення,

— агульная мастацкая выразнасць.

У кожнай узроставай катэгорыі ў фінале будуць абраныя па тры пераможцы (1-е, 2-е і 3-е месца адпаведна). За перамогу прадугледжаны грашовыя ўзнагароды: 1 месца — 400 злотых; 2 месца — 200 злотых; 3 месца −150 злотых.

Дэкламатарскі Конкурс да Дня Роднай Мовы — гэта конкурс аматараў, якія любяць беларускую паэзію і хочуць пазмагацца за перамогу ў лепшым выкананні верша ці вершаванай часткі твора. Ініцыятыва ладзіцца з мэтай, каб паглыбіць зацікаўленасць беларусаў ва ўсім свеце беларускай культурай, гісторыяй, літаратурай, паказаць запатрабаванасць у адчуванні сябе беларусамі і далучэнні да беларускамоўнага асяроддзя.

Пра мэты, удзельнікаў і склад журы распавёў сябра праграмнай рады фонду «Tutaka» Зміцер Косцін:

«Першы такі конкурс адбыўся ў пачатку гэтага года і тады фонд «Tutaka» спрабаваў заахвоціць аматараў беларускага паэтычнага слова паказаць свае ўменні, прачытаць свае любімыя вершы, прадэманстраваць дэкламатарскія здольнасці. Асноўнай мэтай было падтрыманне беларускай мовы як аднога з самых важных элементаў нашай тоеснасці і беларускай паэзіі ды літаратуры, як асноўнага носьбіту, які не дае нашай мове знікнуць. Вось гэтым конкурсам і надалей заахвочваем, каб людзі звярталіся да беларускай паэзіі, мовы і дэманстравалі свае мастацкія здольнасці.

Тады конкурс быў абвешчаны літаральна за месяц. На адборачным этапе удзел у конкурсе бралі больш за 40 чалаек, а ў вялікім фінале 20 чалавек у 3-х узроставых катэгорыях.

Летась сябрамі журы былі беларускія паэты з Падляшша Міра Лукша і Андрэй Сцепанюк, тэатральны рэжысёр Сяргей Курыленка і паэт Андрэй Хадановіч. Пераможцаў яны абіралі не тольки паводле чысціні вымаўлення, нейкіх крытэраў выключна моўных. Шмат што значыла і экспрэсія, і тое як прадстаўляюцца гэтыя вершы, адчуванне гэтай паэзіі.

Гэтак плануем і сёлета, толькі мы пакуль яшчэ поўнага складу журы абвесціць не можам. Магу сказаць толькі, што, як і летась, мы хочам запрасіць як літаратараў, так і прадстаўнікоў тэатральнага мастацтва, якое пры дэкламацыі таксама даволі важнае. Думаю, што акторы,  рэжысёры таксама ў стане дапамагчы, ацаніць і выбраць найлепшых дэкламатараў падчас фіналу конкурса, які пройдзе 21 лютага 2023 года на Дзень Роднай Мовы.».