Сёння, 22 студзеня, спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Андрэя Александровіча — аднаго з самых цікавых і таленавітых паэтаў міжваеннага часу і першых гарадскіх паэтаў у беларускай літаратуры. Расказваем пра яго пакручастае жыццё.
Язэп Пушча, Уладзімір Дубоўка і Андрэй Александровіч. Сярэдзіна 1920-х
Андрэй Александровіч нарадзіўся ў Мінску 22 студзеня 1906 года ў небагатай сям’і шаўца. Магчыма, гэта і абумовіла ўсё ягонае жыццё, бо ён быў адным з нямногіх паэтаў-«маладнякоўцаў», хто быў з горада, але не з вёскі. У ягоных вершах сапраўды адчуваецца жыццё горада з ягоным няспынным рытмам.
З малых гадоў будучы літаратар вымушаны быў працаваць на самых розных працах, каб пракарміць сябе. Яшчэ падлеткам Александровіч робіцца беларускім актывістам — акунаецца ў тагачаснае вірлівае грамадскае і культурніцкае жыццё. Творчасцю пачаў займацца ад 1921 года, то бок фактычна з 15 гадоў.
Ён быў самым малодшым з ліку тых 6 чалавек, якія ў канцы лістапада 1923 года стварылі ў Мінску «Маладняк» — першае беларускае літаратурнае аб’яднанне. Ужо на Першым з’ездзе «Маладняка», які адбыўся ў лістападзе 1925 года, Андрэй Александровіч быў абраны адказным сакратаром Цэнтральнага Бюро пісьменніцкай арганізацыі.
Дэбютаваўшы ў друку на старонках газеты «Савецкая Беларусь» у снежні 1921 года, Андрэй Александровіч з 1924 года пачынае выдаваць адзін за другім паэтычныя зборнікі: «Камсамольская нота» (1924) разам з Анатолем Вольным, «Па беларускім бруку» (1925), «Угрунь» (1927), «Гудкі» (1930), «Цені на сонцы» (1930), «Узброеныя песні» (1936) ды іншыя. Акрамя вершаў, пісаў прозу і публіцыстыку.

Вокладка «Па беларускім бруку» (1925)
Вось як характарызаваў яго Адам Бабарэка ў сваім дакладзе «Творчы шлях «Маладняка», які прагучаў увосень 1925 года на Першым з’ездзе «Маладняка»:
«Дудар, як поэта гораду, выступае ўжо другім. Першым на гэтую ніву выступіў А. Александровіч і паказаў аблічча Беларускага бруку ў тых засьцілах, якія сёньня яго ўкрываюць. Першы ўносіць новыя гарадзкія мотывы. Так, гэта два поэты, якія працягваюць у даным выпадку традыцыю М. Багдановіча».
Бюлетэнь Першага Усебеларускага з’езда літаратурнага аб’яднання, 1926 год
Па першым часе Андрэй Александровіч спрабаваў пісаць вясковую паэзію, якая была традыцыйна пашыранай у беларускай літаратуры таго часу. Але потым зразумеў, што з гэтага нічога добрага не выходзіць і акунуўся ў добра вядомую яму гарадскую стыхію. Ягоныя вершы перадаюць імклівае будзённае жыццё гарадоў, а ілюстрацыі ствараюць дадатковую атмасферу. Прыкладам Мінск на іх выглядае зусім не такім, якім быў у той час, але сапраўдным еўрапейскім горадам, кшталту Лондана ці Парыжа.
Урывак паэмы «Менскі рытм» з часопіса «Маладняк № 5, 1924
Акрамя ўдзелу ў літаратурным жыцці, Андрэй Александровіч шмат працаваў і вучыўся. Ён быў рэдактарам калінінскай акруговай газеты «Наш працаўнік», рэдагаваў камсамольскі часопіс «Малады араты», працаваў у рэдакцыі партыйнага самопіса «Бальшавік Беларусі», быў нейкі час намеснікам дырэктара Белдзяржкіно і г. д.
Вучыўся ў знакамітым мінскім Белпедтэхнікуме, адкуль выйшлі многія знакамітыя паэты і пісьменнікі, і на літаратурным аддзяленні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Андрэй Александровіч паспеў паўдзельнічаць і ў расколах пісьменніцкіх арганізацый. Калі з «Маладняка» выйшла група літаратараў і ўтварыла «Узвышша», ён разам з Алесем Дударом і Міхасём Чаротам аб’яднаўся з пісьменнікамі-«нашаніўцамі», каб утварыць у 1927 годзе літаратурнае аб’яднанне «Полымя».
Максім Гарэцкі ў сваёй кніжачцы «Маладняк за пяць гадоў» 1928 года апісваў гэта так:
«Улетку 1927 г. організавалася было новае літаратурнае аб‘яднаньне пад назваю «Пролетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка (Пробліск)». Організатарамі суполкі былі: Бобрык, Гурло, Звонак, Кляшторны, Плаўнік, Туміловіч, Хведаровіч і Чарнушэвіч. У гэтым-жа часе ўтварылася і «Беларуская літаратурна-мастацкая комуна» (Відук, Гародня, Шалай, Шукайла і інш.).
Зноў пацягнуўся ў Маладняку доўгі і цяжкі крызіс, прычыны якога і дагэтуль добра невядомы і ў выніку якога з Маладняка вышлі Александровіч, Вольны, Дудар, Зарэцкі, Чарот і ўвайшлі ў новаорганізаванае літаратурнае аб‘яднаньне «Полымя» (разам з былымі нашаніўцамі). Яны нічога не напісалі аб прычынах свайго выхаду, хоць некалі так яскрава пісалі аб выхадзе ўзвышшаўцаў».
А следам надыходзілі ўжо зусім іншыя часы, калі было не да калялітаратурных гульняў. Калі ў канцы 1920-х пачаліся першыя істотныя рэпрэсіі супраць «сваіх», Андрэй Александровіч скеміў, што трэба паказваць максімальную лаяльнасць да ўладаў. З гэтага часу ён будзе знаходзіцца ў «правільным» ідэалагічным фарватары. І ў 1930 годзе адгукнецца паэмай «Цені на сонцы», дзе фактычна будзе ачарняць рэпрэсаваных культурніцкіх дзеячаў і навукоўцаў, часцяком не называючы імёнаў».
У 1931 годзе, адзначаючы 10-гадовы юбілей творчай дзейнасці Андрэя Александровіча, Зміцер Паваротны будзе пісаць пра яго на старонках часопіса «Работніца і сялянка» наступнае:
«Шмат друкаваных кніг мае ўжо Андрэй Александровіч. Сярод іх адным з найбольш выдатных твораў зьяўляецца яго паэма «Цені на сонды». У гэтай сваёй паэме Александровіч праявіў вялікую клясавую пільнасьць да ворагаў пралетарскай дыктатуры — беларускіх контр-рэвалюцыйных нацыянал-дэмакратаў, паказаў свой высокі ўзровёнь аўладаньня сьветапоглядам пралетарыяту».
Заўважыць яго старанні і адыёзны крытык Лукаш Бэндэ, які паламаў лёс многім беларускім творцам сваімі нарысамі. На старонках «Чырвонай Змены» ён такім чынам расхвальваў творчасць Александровіча:
«Героі Александровіча гэта не сузіральнікі і не рэфлектуючыя інтэлігенты, ня людзі, што калупаюцца ў сваёй агідненькай інтэлігенцкай душонцы шукаючы разам з пісьменьнікам у гэтых душонках «добрага, элога», а гэта людзі класавай барацьбы, не залежна ад таго, ці усьведамляюць яны гэтага ці не. Менавіта тут у клясавай практыцы Андрэй Александровіч раскрывае сутнасьць самага чалевека».

Вокладка «Угрунь» (1927)
Сам жа Александровіч на гэтым не спыніцца, але прыме дзейсны ўдзел у рэформе беларускага правапісу 1933 года. На той момант ён сябра сакратарыяту Беларускай Асацыяцыі Пралетарскіх Пісьменнікаў, які бярэ актыўны ўдзел у кіраўніцтве арганізацыяй савецкіх і пралетарскіх пісьменнікаў БССР, адпаведна і рукі ў яго развязаныя.
У 1934 годзе ён выступіць з адмысловым дакладам на агульным сходзе сталічным пісьменнікаў, які будзе называцца «Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце і рэформа правапіса беларускай мовы». Ужо з адной назвы зразумела, які ідэалагічны пасыл быў закладзены ў тым выступе. Але не можа не выклікаць здзіўлення, як без лішніх цырымоній, Андрэй Александровіч праехаўся ў тым ліку і па колішніх паплечніках-маладнякоўцах:
«Контррэволюцыйная нацдэмаўская работа ў галіне мовазнаўства праводзілася і ў мастацкай літаратуры. Успомнім арганізатараў контррэволюцыйнай нацдэмаўскай ячэйкі, так званага літзгуртавання «Узвышша», Дубоўку, Пушчу, Бабарэку, якія ў мастацкай літаратуры прапагандавалі «тэорыю беларускай душы» і змагаліся, сумесна з Лёсікамі — Ластоўскімі, за «самабытнасць» беларускай мовы, уводзілі ў літаратуру архаічныя словы, непатрэбныя правінцыяналізмы, штучна выдуманыя словы як напр. «хто дайлідзіць духу трыкліні»».
Штопраўда, рэпрэсіі не абмінулі і яго самога — яго арыштавалі ў 1938 годзе і асудзілі на 15 гадоў высылкі, якую потым скарацілі да 8 гадоў. У 1947 годзе паэт быў вызвалены, але ўжо ў 1949 годзе арыштаваны паўторна. У 1955 годзе яго канчаткова рэабілітавалі і дазволілі вярнуцца ў родны Мінск. Памёр паэт у 1963 годзе, пахаваны на Усходніх могілках.
У беларускай літаратуры Андрэй Александровіч застаўся не толькі, як адзін са стваральнікаў «Маладняка», але таксама як і адзін з пачынальнікаў гарадской паэзіі.
Л.Г. , Budzma.org