Віват усім кемлівым! Апошні тыдзень абрынуўся на нас файнымі музычнымі рэлізамі, і цяпер самы час навастрыць вушы. Гэта ўсё яшчэ «Гітара Мулявіна» — аўтарская рубрыка, у якой я, Хатні Томпсан, распавядаю пра новую беларускую музыку. Другі выпуск абяцае быць гарачым, таму не будзем марудзіць і пачнем з неспадзяванкі.
Еее, рок і постпанк!
Гурт «Петля Пристрастия» выдаў першую песню па-беларуску. Файна, так? Кампазіцыя «Жыццё як жах» сапраўды прабірае да дрыжыкаў сваёй атмасфернасцю і пранізвае сэнсамі, якія кожны слухач інтэрпрэтуе для сябе па-свойму. Пачатак трэка чамусьці нагадаў анімэ-опэнінг, і думаю, сапраўдныя гікі са мной бы пагадзіліся. Агулам гэта ўсё тая ж «Пятля», якую ўсе прывыклі чуць і на якую маленькія панкі і рокеры ўсё шчэ пускаюць сліну. У сваіх сацсетках гурт ужо паспеў адказаць найбольш адданым прыхільнікам, што новы альбом запланаваны па-беларуску. І пакуль усе заміраюць у маўклівым чаканні, мы ідзем па шляху эвалюцыі і крочым да наступных герояў мяча і магіі.
Фонк па-беларуску
Астролагі абвесцілі тыдзень рэлізаў, натхнёных народнымі спевамі. Наратыў ужо пераўтварыўся ў жвачку, але стваральнікі падобнага кантэнту ўсё яшчэ не нацешыліся. Так, цяпер і мы дачакаліся фонк па-беларуску. Праўда, гэта не зусім ён у класічным яго разуменні, але, можа, так і трэба? Самі аўтары, а гэта прадзюсар і аранжыроўшчык AP$ENT і спявачка MuzManya, называюць спалучэнне беларускіх народных песень і сучаснай электроншчыны «народны фонк». Кампазіцыю Mroja цёпла сустрэла аўдыторыя ў ціктоку і лёгкім вясновым ветрыкам данесла да стужкі твітара. На гэтым усё. Рэліз варта паслухаць, каб ведаць, што яно такое і з чым яго есці, але ўключаць другі раз асабіста я б не рызыкнуў.
Чытайце яшчэ: Хто смяецца апошнім, альбо Новая хваля беларускай поп-музыкі
З рока ўсяго многа
Калі праз 300 год мяне б спыталі: «Што робяць беларускія музыкі?», я б упэўнена адказаў: «Усё так жа валяць фолк-метал/метал/рок». Гурт Adarvirog не з’яўляецца выключэннем, працягваючы добрую традыцыю і без таго моцнай метал-сцэны Беларусі. Рэліз пад назвай Jurate да вашай увагі, паганцы!
На сёння the end, але мы не развітваемся назаўжды. Любіце і слухайце беларускую музыку, падтрымлівайце артыстаў і чакайце наступны выпуск «Гітары Мулявіна». Будзьма!
Хатні Томпсан, budzma.org