Вольга Гапеева і Віктар Сямашка выдалі "Сьпеўнік багоўкі" – летні альбом для дзяцей і дарослых

У альбоме 24 кампазіцыі агульнай працягласцю 40 хв. Музычнае вырашэнне атрымалі вершы з анталогіі нерыфмаванае паэзіі для дзяцей, якую ўклала і праілюстравала Вольга Гапеева.
spieunik-bahouki.png

Яна ж пераклала на беларускую мову творы шматлікіх аўтараў розных эпох і куткоў свету ад Скандынавіі да Новае Зеландыі, ад абедзвюх Амерык да Ірану, Індыі і Японіі. Да прыкладу, тры нумары ў «сьпеўніку» інспіраваныя паэзіяй Заро Ўайл, былой танцоркі, якая піша па-ангельску ў Францыі ды мае беларускае паходжанне. Спяваюцца словы нямецкага дадаіста і пачынальніка «гукавой паэзіі» Хʼюга Байля, прадстаўніка «чорнае паэзіі» з Кубы Нікаласа Гільена, загучэла «Аліва» Фэдэрыка Гарсіі Лоркі ды шмат іншых адметных вершаў.

«Вольга падала ідэю заняцца гэтым матэрыялам летась падчас фэсту Pradmova ў Варшаве. Спачатку я зусім не ўяўляў, што можа атрымацца. Але паступова ўвайшоў у ролю дзіўнаватага дзіцячага барда з маленькай гітаркай. Далучыў вакальны квартэт з самога сябе таксама. То бок, вырашыў зрабіць усё па-хатняму, аскетычна і лаканічна, але вынаходліва, каб у кожнай песні мелася свая цікавостка, і каб яны звязваліся міжсобку», — гэтак Віктар Сямашка апісвае працэс.

spieunik-bahouki-02.png

«Альбом атрымаўся вельмі разнастайным, дзе спалучыліся лірычнае і бунтарскае, іранічнае і ўдумлівае. Я вельмі ўдзячная Віктару, які пагадзіўся на гэтую авантуру. Як можна праспяваць хайку або танка, і, увогуле, нерыфмаваныя вершы? Гэта выпрабаванне яшчэ тое! Мне хацелася, каб у дзяцей (і дарослых) была мажлівасць і ў музычным плане мець нешта эксперыментальнае і авангарднае, з элементамі какафоніі і джазу, што пашырала б іхны музычны гарызонт», — дзеліцца ўражаннямі Вольга Гапеева адразу па першым праслухоўванні.

Са «Сьпеўнікам багоўкі» можна пазнаёміцца на платформе Soundcloud.

Першую беларускую анталогію нерыфмаванае паэзіі для дзяцей можна набыць праз сайт выдаўца Skarynapress.com