Беларуская неаготыка ёсць выдатным адбіткам гісторыі пра амбіцыі фундатараў, майстэрства архітэктараў і жаданне ўзняць храм так высока, каб ён злучаў зямлю з небам. Вострыя вежы, стральчатыя вокны і ажурныя дэталі зрабілі неагатычныя касцёлы аднымі з самых пазнавальных помнікаў беларускай сакральнай архітэктуры.
Мы выбралі пяць святыняў, якія асабліва ўражваюць сваёй прыгажосцю і характарам.

Касцёл у Гервятах. Фота: holiday.by
Гервяты — невялічкая вёска ў Астравецкім раёне Гарадзеншчыны, галоўным турыстычным магнітам якой, бясспрэчна, з’яўляецца Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — адзін з архітэктурных сімвалаў неаготыкі ў Беларусі. Касцёл узведзены ў 1899–1903 гадах паводле праекта віленскага архітэктара Аляксея Полазава. Вышыня галоўнай вежы сягае больш за 60 метраў, што робіць храм адным з найвышэйшых у Беларусі.

Выгляд касцёла з вышыні. Фоты: be.wikipedia.org
Унутры храма нефы перакрытыя масіўнымі крыжовымі скляпеннямі на стральчатых падпружных арках. Калоны маюць складаную прафіліроўку і нагадваюць гурты калон старажытных гатычных сабораў. У алтары зберагліся фрагменты каляровых вітражоў.

Інтэр’ер храма ў Гервятах. Фота: be.wikipedia.org
Перад храмам стаяць некалькі драўляных крыжоў з багатай разьбой. Вакол храма разбіты маляўнічы ландшафтны парк з рэдкімі дэкаратыўнымі раслінамі і фігурамі апосталаў, за каторым дбаюць парафіяне.

Парк са скульптурамі вакол касцёла. Фота: holiday.by
Касцёл часта параўноўваюць з заходнееўрапейскімі катэдрамі. Нездарма яго называюць «беларускім Нотр-Дамам». Касцёл узвышаецца над маляўнічай далінай ракі Лошы, ствараючы амаль казачны краявід.
Пра Рэплю ведаюць значна менш, чым пра Гервяты ці Ліпнішкі. І менавіта ў гэтым яе асаблівая прывабнасць. Невялікі касцёл, які ўзвышаецца над навакольнымі палямі, выглядае як ідэальны прыклад правінцыйнай неаготыкі.

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Рэплі. Фота: be.wikipedia.org
Тутэйшы Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў закладзены тут у 1902 г. Першы храм быў закладзены яшчэ ў XVII стагоддзі, але ў канцы XIX стагоддзя стала відавочна, што старажытная святыня ўжо не можа змясціць усіх сваіх вернікаў.

Касцёл у міжваенны час. Фота: be.wikipedia.org
Архітэктар Іван Плотнікаў у 1900 годзе склаў праект двухвежавай неагатычнай святыні з цэглы, але праект не задаволіў парафіян, бо касцёл прызналі замалым. Дойлід перарабіў праект, памеры касцёла былі павялічаныя, і ў 1902 годзе пачалося будаўніцтва новай велічнай святыні. У 1908 годзе будаўніцтва новага мураванага касцёла завяршылася.
Падчас Першай сусветнай вайны касцёл быў пашкоджаны, але ў міжваенны час яго аднавілі. Пры касцёле дзейнічалі парафіяльная школа і шпіталь. Статус помніка архітэктуры храм атрымаў толькі ў 1990-я гады.

Скульптура Дзевы Марыі каля касцёла. Фота: poshyk.info
Тут няма грандыёзных памераў, затое ёсць гармонія прапорцый. Востраканцовыя вокны, стройная вежа і лаканічны дэкор ствараюць вобраз, які ўражвае. Калі ўважліва прыгледзецца да сцен, то можна ўбачыць адбіткі далоняў на шматлікіх цаглінах.

Сляды далоняў на цэгле. Фота: poshyk.info
Ці то наўмысна, ці то выпадкова хтосьці проста паспяшаўся, дастаючы неастылую цэглу, тым самым увекавечыўшы свае сляды ў гісторыі касцёла.
Інтэр’ер храма вельмі прыгожы. Асаблівую цікавасць выклікаюць разьбяныя неагатычныя амбон і канфесіяналы. Падлога выкладзена прыгожымі керамічнымі пліткамі. У касцёле размяшчаецца дзейны старажытны барокавы арган.

Інтэр’ер касцёла. Фота: be.wikipedia.org
Касцельны ўчастак абнесены агароджай з бутавага каменю, галоўны ўваход пазначаны трохпралётнай брамай з чырвонай цэглы. У паўднёвую лінію агароджы ўмуравана двухпакаёвая неагатычная косніца з чырвонай цэглы і буту.
Брама і косніца ля касцёла. Фоты: poshyk.info
У Рэплі варта таксама звярнуць увагу на капліцу на тутэйшых могілках. Яна належыць роду Гласераў-Залютыньскіх, якія мелі сядзібу ў суседняй вёсцы Духаўляны. На пачатку ХХ ст. да алтарнай сцяны капліцы з чырвонай цэглы дабудавалі крыты сход у крыпту, бакавыя сцены якога таксама мелі нішы для пахаванняў.

Капліца. Фота: be.wikipedia.org
У гады савецкай улады капліца была разрабаваная і пакінута ў руінах, ейнае адраджэнне пачалося толькі ў 1990-я гады. Праведзены кансервацыйныя работы — над ратондай адноўлены бетонны спічак 1930-х гадоў, заменены дах, устаўленыя вокны.

Касцёл у Відзах. Фоты: be.wikipedia.org
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, ці Траецкі касцёл, у Відзах — адзін з самых манументальных храмаў Віцебшчыны. Ягоныя велічэзныя вежы дамінуюць над мястэчкам і бачныя здалёк. Храм будаваўся ў 1909–1914 гадах паводле праекта Вацлава Міхневіча і вядомы яшчэ як «Траецкі», але ў сувязі з тым, што цяпер у храме праводзіць службы парафія Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, у шэрагу крыніц храм таксама згадваецца пад імем «храм Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі».

Касцельны шчыт. Фота: be.wikipedia.org
Неўзабаве пасля ўзвядзення касцёла пачалася Першая сусветная вайна. Будынак храма моцна пацярпеў ад агню расейскай артылерыі. Вежы яго выкарыстоўваліся ў якасці назіральнага пункту, для ўстаноўкі кулямётаў, размяшчэння снайпераў. Пасля вайны храм адрамантавалі і ў памяць пра ваенныя падзеі ў сцены ўмуравалі снарадныя галоўкі. На жаль, першапачатковае аздабленне храма і арган не захаваліся.

Інтэр’ер касцёла. Фота: be.wikipedia.org
Траецкі касцёл нагадвае вялікія катэдры Цэнтральнай Еўропы. Асабліва ўражвае галоўны фасад з дзвюма магутнымі вежамі. Вышыня шпіляў сягае 59 метраў, што ставіць відзынскі касцёл на другое месца пасля гярвяцкага паводле вышыні ў Беларусі.
У вёсцы Іказнь на Браслаўшчыне стаіць адначасна строгі і вытанчаны касцёл Святога Мікалая, які мае асаблівую атмасферу. Размешчаны каля азёрнага краявіду, храм глядзіцца казачна.

Касцёл Святога Мікалая ў Іказні. Фота: planeta.belarus.by
На месцы сённяшняга касцёла было некалькі драўляных храмаў, адзін з іх быў узведзены паводле фундацыйнай граматы выдатнага дзяржаўнага дзеяча, канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, выдадзенай 16 ліпеня 1593 года. Храм пабудавалі ў цэнтры мястэчка, каля рынкавага пляцу. Але драўляныя будынкі знішчаліся ў XVII ст. — ад пажару ў 1800 г., у час французскага нашэсця ў 1812 г. Нарэшце ў 1906 г. быў атрыманы дазвол на ўзвядзенне мураванага касцёла. 17 верасня 1912 г. будаўніцтва храма завяршылася.

Касцёл Святога Мікалая ў Іказні. Фота: be.wikipedia.org
Вакол храма ўзведзеная агароджа з бутавага каменю. На тутэйшым цвінтары знаходзіцца валун з надпісам святару Міхалу Буклярэвічу і яго сястры Эміліі. Ён быў ініцыятарам узвядзення мураванага касцёла, а ў 1919 годзе стаў адным з арганізатараў сялянскага паўстання супраць бальшавіцкае ўлады. Пры задушэнні паўстання святара і ягоную сястру расстралялі. У 1940-я гг. помнік на магіле знішчылі, але ў кастрычніку 1995 г. ён быў адноўлены.
На старой дарозе паміж Ашмянамі і Смаргонню вандроўнік напаткае вельмі прыгожы сілуэт. Над вёскай Жупраны ўздымаюцца вострыя абрысы неагатычнага касцёла святых Пятра і Паўла.

Петрапаўлаўскі касцёл у Жупранах. Фота: poshyk.info
Мястэчка Жупраны вядома перш за ўсё праз пахаванне тут класіка беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя Францішка Багушэвіча, помнік катораму месціцца ў цэнтры мястэчка.

Помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах. Фота: poshyk.info
А крыху далей, на мясцовых могілках побач з касцёлам, знаходзіцца ягоная магіла.

Магіла Багушэвіча каля касцёла. Фота: be.wikipedia.org
Касцёл у Жупранах будаваўся ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Фундатарам храма выступіў граф Адам Гутэн-Чапскі. Будаўніцтва ішло няпроста: не ставала сродкаў, а пасля паўстання 1863 года работы былі часова прыпыненыя. Аднак дзякуючы намаганням парафіян і сям’і Чапскіх у 1875 годзе велічны будынак з чырвонай цэглы адчыніў свае дзверы для вернікаў.
Памятная дошка Францішку Багушэвічу ў касцёле. Фота: poshyk.info
Касцёл не выглядае велічным у маштабах велізарных еўрапейскіх катэдраў, але менавіта гэтая ягоная камернасць робіць храм асабліва арганічным у тутэйшым краявідзе.

Выгляд на касцёл з тыльнага боку. Фота: be.wikipedia.org
Нядаўна ў касцёле была праведзена рэтаўрацыя. Напачатку фотаздымкі касцёла пасля рэстаўрацыі выклікалі пытанні праз нібыта штучны белы колер, які пачаў дамінаваць унутры, і знішчэнне каштоўных фрэсак. Але ксёндз Петрапаўлаўскага касцёла патлумачыў: рэстаўратары вывучалі ранейшы выгляд касцёла і рэстаўравалі паводле старога выгляду. Рэстаўратары зрабілі зандажы на сценах касцёла і на яго скляпеннях, то бок яны здымалі верхні пласт пакрыцця і вывучалі, што пад ім.
Было адшукана некалькі фарбаў, але першапачатковы колер быў падобны да белага. Пра тое, што касцёл першапачаткова быў белы, сведчыць таксама і запіс у інвентарнай кнізе. Паводле ксяндза, ніякіх фрэсак на скляпеннях касцёла пры зандажах спецыялісты не знайшлі.
З улікам атрыманых звестак, было прынята рашэнне закансерваваць алтар і пафарбаваць яго ў белы колер.

Выгляд знутры касцёла пасля рэстаўрацыі. Фота: тг-канал «Спадчына»
Ю. К., Budzma.org