Адным з першых «цыбулізацыю» Беларусі апісаў нямецкі заолаг. Уцёкшы ад маскоўскага рабалепства, ён адкрыў тут іншую цывілізацыю

20.07.2026 Гісторыя

Рухаючыся з расійскай глыбінкі да еўрапейскіх межаў, даследчык Ёган Генрых Блазіус зафіксаваў, як усеагульная апатыя насельніцтва глыбіннай Расіі раптам разбіваецца аб нябачную сцяну. За ёй пачынаўся свет хударлявых людзей у белых шапках, манументальнага барока і вірлівых гарадкоў — край, які катэгарычна адмаўляўся злівацца з метраполіяй, піша «Наша Ніва».

Blazius-01.jpg
Нямецкі заолаг Ёган Генрых Блазіус на фоне цэнтра Віцебска пачатку ХІХ стагоддзя (паводле малюнка Юзафа Пешкі). Менавіта такія манументальныя барочныя храмы ўразілі даследчыка сваім еўрапейскім абліччам. Калаж «Нашай Нівы».

Восенню 1841 года трыццацігадовы нямецкі заолаг Ёган Генрых Блазіус, прафесар Калегіума Каралінума ў Браўншвайгу, разам са сваім сябрам, геолагам графам Аляксандрам Кайзерлінгам, завяршаў вялікую навуковую экспедыцыю. Іх шлях пралягаў праз самыя глухія куткі еўрапейскай часткі Расійскай Імперыі. У сваёй фундаментальнай двухтомнай працы «Падарожжа па Еўрапейскай Расіі ў 1840 і 1841 гадах» Блазіус скрупулёзна фіксаваў усё: ад ледавіковых валуноў і відаў кажаноў да нораву мясцовых паліцмайстраў.

Але перш чым трапіць на беларускія землі, нямецкі навуковец сутыкнуўся з выхадцамі з гэтага краю далёка на поўначы, сярод снягоў і маразоў.

Даследуючы геалогію ў ваколіцах Волагды, Тоцьмы і Вялікага Усцюга, Блазіус заўважыў, што сярод флегматычных маскоўскіх сялян і карумпаваных правінцыйных чыноўнікаў перыядычна сустракаліся людзі зусім іншага кшталту, адукацыі і манер. Гэта былі ўдзельнікі вызвольнага паўстання 1830—1831 гадоў, высланыя сюды пасля яго разгрому.

Прафесар адзначае, што ў гэтых глухіх гарадах «патрыётам з апошняга паўстання» было прызначана месца для прымусовага пражывання. Навуковец з відавочнай сімпатыяй і спачуваннем апісвае эліту колішняй Рэчы Паспалітай, якая апынулася ў ледзяной пастцы.

blazius-02.png
Тытульны аркуш другога тома працы Ёгана Генрыха Блазіуса, які мае назву «Падарожжа на поўдзень».

Паводле ягоных назіранняў, выгнаннікі жылі вельмі ціха і максімальна ізалявана, баючыся нават лішнім словам ці жэстам наклікаць на сябе яшчэ большы гнеў уладаў або прыцягнуць увагу мясцовай паліцыі, гатовай прычапіцца да любой дробязі.

Гэтая сустрэча выклікала ў свядомасці еўрапейца глыбокі дысананс. Ён бачыў людзей высокай еўрапейскай культуры, якія былі аддадзеныя на літасць сістэмы, дзе ўсё вырашаў памер хабару і грубая сіла.

Блазіус пакідаў расійскую поўнач з цяжкім пачуццём. У сваіх дзённіках ён неаднаразова скардзіцца на татальную аднастайнасць маскоўскіх земляў і пастаяннае вымагальніцтва з боку дробных чыноўнікаў і паліцыі, якія, паводле яго слоў, ператварылі дзяржаўную службу ў інструмент адкрытага рабаўніцтва падарожнікаў.

Рухаючыся на поўдзень, у бок Кіева, нямецкі даследчык маральна рыхтаваўся да працягу гэтай бясконцай нуды. Неўзабаве ён быў вымушаны ўзяцца за аловак, каб занатаваць зусім іншы свет, які пабачыў там, дзе некалі прасціралася Вялікае Княства Літоўскае.

Аднак перш чым пачаць разглядаць твары мясцовых жыхароў і вывучаць іх звычаі, нямецкаму прафесару давялося ў літаральным сэнсе змагацца за выжыванне на імперскіх трактах.

Беларуская бездараж

Перасякаючы межы сучаснай Усходняй Беларусі, Блазіус з цікавасцю фіксуе змены ландшафту: ледавіковыя валуны, даліны Заходняй Дзвіны і Дняпра, з’яўленне новых відаў дрэў. А яшчэ замежнік на ўласнай скуры адчуў, што такое знакамітыя расійскія дарогі падчас восеньскай непагадзі.

Імперскія тракты, пракладзеныя загадам зверху без уліку рэльефу, ператвараліся ў суцэльныя балоты. Блазіус згадвае «бяздонныя дарогі» і «глыбокую вулічную гразь», у якой экіпажы гразлі па самыя восі. Калі ж падарожнікам даводзілася перасякаць рэкі, пачынаўся сапраўдны атракцыён на выжыванне.

Асабліва яскрава прафесар апісвае пераправу праз раку Каспля ў Суражы (сучасная Віцебская вобласць). Тут функцыянаваў «плывучы мост», пабудаваны з вертыкальна забітых ствалоў і пакладзеных папярок дошак. Паводле слоў Блазіуса, гэтая канструкцыя «больш плавала пад вадой, чым над ёй».

«З кожным нашым крокам папярочныя бярвёны апускаліся пад ваду, і мы мусілі скакаць з дошкі на дошку ў самых недарэчных позах, каб дарэмна не ісці вышэй за шчыкалаткі ў вірлівай плыні па мосце, які знаходзіўся якраз пад вадой, — піша заолаг. — Сяляне ж і яўрэі разважалі проста: бярвёны там ёсць, — і ішлі напрасткі [праз ваду]».

Чаму беларусы — «белыя»?

blazius-03.png
Этнаграфічная замалёўка «Weißrussen» (беларусы) з кнігі Ёгана Блазіуса. Навуковец звярнуў асобную ўвагу на характэрныя бела-шэрыя шапкі мясцовых жыхароў, якія рэзка кантраставалі з маскоўскімі аблавухамі. Выява: «Reise im Europäischen Rußland», 1844.

Перасякаючы межы беларускіх зямель, Блазіус адразу заўважае, як змяняецца не толькі ландшафт, але і самі людзі. Як прафесійны заолаг, ён меў вока, натрэніраванае на фіксацыю драбнюткіх анатамічных дэталяў, таму ягоныя этнаграфічныя назіранні за знешнасцю мясцовых жыхароў маюць асаблівую каштоўнасць.

Ён адзначае, што антрапалагічны тып кардынальна адрозніваецца ад суседзяў. У сваіх нататках Блазіус фіксуе, што сярод мясцовага насельніцтва пераважаюць зусім іншыя рысы: калі маскавітам уласцівыя больш круглявыя формы, то тут даследчык бачыць выцягнутыя твары, высокія насы з гарбінкай («hohe und gebogene Nasen») і больш хударлявы целасклад.

Але больш за анатамічныя асаблівасці нямецкага прафесара ўразіў гардэроб. Яшчэ знаходзячыся на памежжы з Масковіяй, ён звяртае ўвагу на дзіўны кантраст: мясцовыя мужчыны насілі спецыфічныя галаўныя ўборы, якія раней нідзе яму не сустракаліся.

«Мужчыны носяць пераважна завостраныя або звужаныя дагары бела-шэрыя валяныя шапкі са слаба адагнутымі або прылеглымі палямі, якіх унутры Расіі не пабачыш», — піша Блазіус на старонках сваёй кнігі.

Навуковец нават робіць нечаканую выснову, спрабуючы па-дылетанцку патлумачыць паходжанне самой назвы беларускага народа. Ён лічыў, што менавіта гэты характэрны светлы галаўны ўбор, які рэзка адрозніваў мясцовых ад суседзяў-велікарусаў з іх «чорнымі і чатырохвугольнымі футравымі шапкамі», і даў імя цэламу этнасу:

«...і якія [белыя шапкі], магчыма, і прынеслі жыхарам назву беларусаў (Weißrussen), што інакш нічым асаблівым не абгрунтавана».

Безумоўна, з пункту гледжання сучаснай этымалогіі і гісторыі паходжання назвы «Белая Русь», гэтая здагадка нямецкага прафесара выглядае наіўнай. Але сам факт, што для заезджага еўрапейца беларусы былі візуальна адметныя на фоне велікарусаў, варты ўвагі.

«Цыбулізацыя» барока

blazius-04.png
Уніяцкая царква ў Віцебску. Выява: «Reise im Europäischen Rußland», 1844.

У Віцебску, Оршы і Магілёве нямецкі прафесар фіксуе, што тутэйшая архітэктура і сама арганізацыя гарадской прасторы не маюць нічога супольнага з убачаным ім раней у Масковіі. Гэта былі тыповыя еўрапейскія паселішчы, дзе над жылой забудовай дамінавалі манументальныя мураваныя храмы.

Блазіус з цікавасцю разглядае ўніяцкія і каталіцкія касцёлы, збудаваныя ў стылі барока (які ён пераважна называе вынікам «езуіцкага ўплыву»), дакладна адзначаючы іх галоўную візуальную адметнасць ад маскоўскіх цэркваў: наяўнасць дзвюх вежаў па баках ад галоўнага партала і багацце барочных упрыгажэнняў на франтонах.

blazius-05.png
Архібіскупская (Спаская) царква ў Магілёве. Нямецкі прафесар быў уражаны манументальнасцю мясцовых мураваных храмаў, якія ўзвышаліся над забудовай і нагадвалі пра часы Вялікага Княства Літоўскага. Выява: «Reise im Europäischen Rußland», 1844.

Захапляючыся веліччу гэтай архітэктуры, даследчык спрабуе патлумачыць нямецкаму чытачу яе паходжанне і складаны гістарычны лёс самога краю. Будучы пратэстантам, Блазіус глядзіць на рэлігійныя канфлікты мінулага без лішніх сімпатый да любога з бакоў. Разважаючы пра часы Рэчы Паспалітай і з’яўленне каталіцкіх ордэнаў, ён піша:

«Але ўжо з сярэдзіны XVI стагоддзя мы бачым, як лацінскія манахі тэрарызуюць старажытнарускую Літву [altrussische Lithauen], лічачы яе сваёй законнай уласнасцю, і выкідваюць з хат і цэркваў у Віцебску абразы...»

Пад «старажытнарускай Літвой» аўтар, натуральнае мае на ўвазе Вялікае Княства Літоўскае, якое аб’яднала значную частку старажытнарускіх земляў. Для немца нават усходняя Беларусь усё яшчэ заставалася той даўняй Літвой, а яе памежнымі слупамі — тыя самыя помнікі барока.

Аднак у 1840 годзе Блазіус становіцца сведкам таго, як новая ўлада спрабуе асіміляваць гэты край. Навуковец назірае, як на старыя каталіцкія і ўніяцкія базілікі пачынаюць штучна насаджваць элементы маскоўскага дойлідства.

Блазіус адкрыта кпіць з таго, як на заходнія барочныя вежы наляпляюцца «цыбулепадобныя купалы» (Zwiebelkuppeln), каб такім чынам храмы былі «русіфікаваныя» (russifizirt). Гэтая архітэктурная эклектыка, калі на вытанчаны еўрапейскі падмурак гвалтоўна ставіўся маскоўскі купал, здавалася яму безгустоўнай і недарэчнай.

blazius-06.png
Сабор Святога Язэпа ў Магілёве. Выява: «Reise im Europäischen Rußland», 1844.

Шклоўскі Вавілон

Калі ў маскоўскіх губернях нямецкага прафесара прыгнятала татальная апатыя мясцовых жыхароў, якія без загаду зверху ці ўмяшання паліцыі звычайна не выяўлялі ніякай ініцыятывы, то ў беларускіх землях ён трапляе ў эпіцэнтр камерцыйнай ліхаманкі.

Галоўнымі рухавікамі гэтай эканомікі былі яўрэі. Навуковец здзіўляецца таму, як яны манапалізавалі літаральна ўсе сферы абслугоўвання і лагістыкі. У адрозненне ад расійскіх сялян, якія баяліся адарвацца ад сваёй зямлі, мясцовыя яўрэі трымалі корчмы, кіравалі паштовымі станцыямі, працавалі рамізнікамі і браліся за любую працу, што магла прынесці хоць нейкі прыбытак.

Блазіуса моцна ўражвае гэты парадокс: сярод крайняй беднасці, разарванай вопраткі і непралазнай гразі небрукаваных вуліц віравала неймаверная, амаль еўрапейская жыццёвая энергія і прадпрымальнасць.

Квінтэсенцыяй стаў Шклоў, які нямецкі падарожнік называе проста «яўрэйскім горадам» (Judenstadt). Калі экіпаж Блазіуса позна ўвечары прыбыў у шклоўскі заезны двор, змораныя холадам і бездаражжу навукоўцы спадзяваліся на ціхі адпачынак. Аднак іх пакой імгненна ператварыўся ў тое, што прафесар параўнаў з галубятняй.

Дзверы не зачыняліся ні на хвіліну: адзін гандляр прынёс гарачую, печаную ў попеле бульбу, другі прапаноўваў сакавітыя мясцовыя грушы, трэці прадаваў абаранкі. Калі ж немцы, спадзеючыся адкупіцца ад назойлівага сервісу, набылі ўсе гэтыя прысмакі, на парозе з’явіліся новыя камерсанты — гэтым разам ужо з латарэйнымі білетамі. Даследчыкам давялося літаральна выставіць гэты натоўп за дзверы, каб нарэшце паспаць.

Блазіуса цешыць і тое, што мясцовыя гандляры размаўляюць з ім і паміж сабой на ідышы, які немец успрымае як сапсаваную нямецкую мову. Прафесар адзначае, што мясцовыя жыхары, відаць, адчуваюць сябе «блізкімі да германскага сэрца», і з задавальненнем фіксуе ў дзённіку знаёмыя словы: «Stub» (пакой) ці «Mauer» (мур).

Прэч з паліцэйскай дзяржавы

Перасякаючы землі колішняга Вялікага Княства Літоўскага, Блазіус набліжаўся да межаў Еўропы. Фінальным акордам падарожжа стаў інцыдэнт у горадзе Шаўлі тады яшчэ Віленскай губерні (Ковенскую губерню створаць толькі ў 1842 годзе; цяпер гэта Літва), дзе нямецкі прафесар сутыкнуўся з найгоршымі праявамі расійскай паліцэйскай і бюракратычнай сістэмы.

Прыбыўшы на мясцовую паштовую станцыю, Блазіус выявіў, што з яго экіпажа знікла каштоўная капялюшная каробка. Ён звярнуўся да мясцовага паліцмайстра, спадзеючыся на хуткае расследаванне і пошук рэчаў.

Паліцмайстар, не маючы ані доказаў, ані жадання разбірацца ў справе, хутка знайшоў «вінаватага» — рамізніка, які вёз навукоўцаў. Афіцэр загадаў распрануць селяніна і падрыхтаваць бізуны. Калі Блазіус, шакаваны такім дзікунскім падыходам, паспрабаваў умяшацца, паліцмайстар здзіўлена спытаў: ці не хоча паважаны пан, каб лупцаванне працягвалася, пакуль вінаваты не прызнаецца?

Блазіус зразумеў, што паліцмайстар не шукае праўды, а збіццё было дэманстрацыяй улады перад замежнікам, а, магчыма, і помстай за тое, што еўрапеец не здагадаўся даць хабар перад пачаткам «справы». Блазіус катэгарычна адмовіўся ўдзельнічаць у гэтым гвалце і заявіў, што адмаўляецца ад далейшага пошуку сваіх рэчаў, бо не жадае, каб чалавека катавалі без суда і доказаў.

Гэта выклікала ў паліцмайстра яшчэ большае падазрэнне і раздражненне. Чыноўнік знайшоў новую зачэпку — пашпарт даследчыка. Высветлілася, што дакумент Блазіуса быў выпісаны з Пецярбурга да прускага Тыльзіта, а не далей у Еўропу. На гэтай абсурднай падставе паліцмайстар заявіў, што падарожнік не мае права ехаць далей і атрымліваць паштовых коней. Прафесару давялося наймаць прыватныя экіпажы, каб уцячы з царства беззаконня і самачынства.