Незалежны фотаархіў VEHA, які займаецца архіўнай беларускай фатаграфіяй, збірае матэрыялы для праекта «Руіны Беларусі».
«Я думаю, шмат хто чуў, прынамсі краем вуха, аб ініцыятыве Veha Archive, якая займаецца зборам беларускай вернакулярнай фатаграфіі. У іх ужо было некалькі паспяховых праектаў, якія суправаджаліся публікацыяй прыгожых прафесійных фотаальбомаў. Напрыклад, «Дзявочы вечар», прысвечаны беларускім вяселлям ці «Апошні фотаздымак», прысвечаны пахаванням. Зараз яны збіраюць матэрыялы для праекта «Руіны Беларусі», і сутыкнуліся з нечаканай праблемай. Руін у Беларусі аграмадная колькасць, як і іхных фотак, але ж недастаткова здымкаў, зробленых звычайнымі людзьмі падчас падарожжаў ці нейкіх звычайных урачыстасцяў. Такіх здымкаў, каб там былі жывыя чалавечыя твары і эмоцыі. А менавіта яны і ёсць тым, што цяпер у пошуку», — напісаў Сцяпан Стурэйка на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Адсканаваныя фотаздымкі ў добрай якасці (мін. 2500 px) з подпісам: «Год? Месца? Каму належыць архіў?» неабходна даслаць на пошту archive.veha@gmail.com
«Руіны Беларусі» — калекцыя, якая распавядае аб лёсе нашых камяніц. У свой час усе будовы Беларусі былі пад пагрозай знішчэння — войны, нядбайнасць, дзяржаўны гвалт руйнавалі замкі і касцёлы, ратушы і цэрквы, сінагогі і хаты. Мноства іх знікла без следу на зямлі, але засталося на фотаздымках.
Ёсць і выратаваныя, яны ствараюць нашае асяроддзе, увасабляюць гісторыю даўніны. Іншыя працягваюць разбурацца і патрабуюць нашай дапамогі, каб не знікнуць канчаткова. На фотаздымках мы бачым і людзей, да гэтых камяніц датычных.
Адны фатаграфуюцца на тле руін, бо хочуць дакрануцца да высакароднай даўніны ці захаваць памяць аб мілых мясцінах, а другія здзекуюцца са зруйнаваных гарадоў, куды прыйшлі як акупанты. Так фотаздымкі распавядаюць нам і пра крохкасць свету, дзе ўчорашні непахісны мур ляжыць пад нагамі, але і пра трываласць памяці, калі праз забыццё і занядбанне людзі вяртаюцца да камянёў сваёй Радзімы», — напісана на сайце Veha Archive.
Праект Veha ўжо больш за пяць гадоў збірае старыя здымкі. Гэта публічны адкрыты лічбавы фотаархіў, які мае на мэце стварыць альтэрнатыўны механізм захавання фрагментаў беларускай гісторыі — «той нябачнай гісторыі, якая рэдка трапляе ў падручнікі». На сённяшні дзень больш за 2 000 чалавек даслалі Veha фатаграфіі для пяці тэматычных калекцый.