«Людзьмі звацца» — што ж не так з беларускім крэда?

19.05.2025
«Пайшоў і прагаласаваў! Упершыню мой голас сапраўды будзе падлічаны,» — чытаю ў сторыз сябра. Гучыць як мара мільёнаў, праўда? Каб не апошняя фраза: «Дзякуй табе, Польшча!». Размова пра польскія выбары. Дык, можа... а якая розніца дзе наш голас будзе падлічаны, дзе — «людзьмі звацца»?

Alieś Kirkievič
Алесь  Кіркевіч. Фота з асабістага архіва

Нічога кепскага ў тым, каб галасаваць у Польшчы, вядома, няма. Ты ж шануеш краіну, дзе аказаўся. Тым больш, не па сваёй волі. Разам з тым, дык можа ...гэта і ёсць максімум патрабаванняў беларусаў да Сусвету? Зарабляць, галасаваць, адкладаць грошы і не баяцца грукату ў дзверы. Нармальнасць, пра якую ўсе мы марылі. Але дзе тут Беларусь? 

Бо на практыцы той самай запаветнай «краінай для жыцця» можа стаць любая нармальная краіна. Без розніцы, на якой мове там гавораць, які там герб і сцяг. Абжывёмся. Вывучым. І дзяцей навучым. А Беларусі тут няма, бо для жыцця яна не прыдатная.

Vybary ŭ Poĺščy

Пра што беларусы могуць гаварыць бясконца?

Давайце зараз адматаем трошкі назад, у купалавы часы, калі і быў напісаны праграмны верш «А хто там ідзе?», які сканчаецца словамі «людзьмі звацца». Гэта часы першай рэвалюцыі ў Расійскай імперыі 1905-1907 гадоў. Час, калі народ упершыню захацеў краіну для жыцця, а не для цара.

Верш геніяльны сваёй лаканічнасцю. Некалькі радкоў даюць псіхалагічны партрэт беларуса. Што там людзі нясуць? Сваю крыўду. Куды нясуць? На цэлы свет. Што абудзіла беларусаў ад сну? Бяда, гора. Урэшце, чаго беларусы хочуць? Людзьмі звацца. 

Васіль_Шаранговіч._Ілюстрацыя_да_верша_А_хто_там_ідзе_.jpg
Васіль Шаранговіч. Ілюстрацыя да верша "А хто там ідзе?"

Гэты набор траўмаў і патрабаванняў беларусы нясуць «на худых плячах» больш за 100 гадоў.

Крыўда — адзіная тэма, на якую беларусы могуць гаварыць бясконца. Гэта наогул адзіная ўніверсальная тэма для размовы. Ад дробязяў, хто каго падмануў і што скраў, да маштабных падзей: Вайна, Чарнобыль, а зараз яшчэ і 2020-ты год. Яно ўсё і робіць нас супольнасцю аднаго лёсу.

Дзе менавіта «людзьмі звацца»?

Siarhiej Cichanoŭski na sustrečy ŭ Hrodnie, 2020 h.
Сяргей Ціханоўскі на сустрэчы ў Гродне, 2020 г. Фота TUT.BY

А зараз, давайце перакінем масток у пераломны 2020-ты. Згадайце, з чаго пачынаў палітычную кар’еру Сяргей Ціханоўскі? Даў людзям выказацца. Ездзіў з мікрафонам і слухаў. А гаварылі людзі. Таму, уласна, яму і непатрэбная была палітычная праграма. Праграмай быў калектыўны боль, які агучвалі фермеры, пенсіянеры, рабочыя. Само права выказацца «на цэлы свет» стала мэтай.

І ведаеце што? Гэтая мэта была дасягнутая. Беларусы выказаліся? Выказаліся. Хоць і заплацілі за гэта дарагі кошт. А вось ужо наступны пункт праграмы, «людзьмі звацца» — не быў выкананы. Можна сказаць, што опцыя эміграцыі стала пасткай для рэвалюцыі. 

Аказалася, што людзьмі звацца можна таксама ў Польшчы, Літве, Нямеччыне ці ЗША. Момант пра тое ДЗЕ менавіта звацца не быў прапісаны. «Краіна для жыцця» ў гэтай казцы — зусім не абавязкова краіна-Беларусь.

Калектыўны беларус — сялянская стыхія 

Як жа так атрымалася? Вельмі проста. Колькі заўгодна мы можам лічыць сябе нашчадкамі Радзівілаў, але калектыўны беларус — гэта сялянская стыхія. Нашы крыўды і болькі — спадчына прыгону. Што ў часы Купалы, што зараз. Альфа і амега — гэта крыўда й патрэба яе выказаць. Прычым, без разумення, а што ж там далей, калі ўжо выкажашся?

Штуршок, каб выказацца — «бяда, гора». У сітуацыі 2020-га, такім горам стаў паморак — кавід. Людзі загаварылі, выйшлі на вясковы бальшак, схадзілі нават да панскага палацу, але ўжо на наступны крок ніхто не наважыўся. Урэшце, чаго найбольш баяцца ў вёсцы? Пажару. 

Пажар, чытай вайна ці рэвалюцыя, надалей застаецца найбольшай беларускай фобіяй.

А яшчэ згадайце, на якім моманце пратэст зламаўся. Памятаеце? На забастоўцы. Бо для сялянскай душы не працаваць нейкі працяглы час — гэта канец свету. Атрымаўся парадокс: зачыніліся прыватныя кавярні, а трамваі з аўтобусамі надалей хадзілі па сваіх маршрутах. 

Нават сітуацыю з вымушанай эміграцыяй беларусы перажываюць стаічна: таксама, як іхныя продкі перажывалі перасяленне з вёскі ў горад у машэраўскія часы. Цяжка, але што паробіш. Урэшце, калі там прасцей людзьмі звацца, то можна і «дзякуй» сказаць.

«Людзьмі звацца». А што, не людзі?..

Пра што гэтая гісторыя? Усё, чым мы займаемся ў гістарычнай рэтраспектыве апошніх 120 гадоў, гэта «крыўдатэрапія». Выказаліся — пайшлі далей на працу. Бо як яшчэ? «Людзьмі звацца». А што, не людзі? Хто тады? Урэшце, звацца ці быць людзьмі? Нават максіма «мы не быдла» збудаваная на адмаўленні, а значыць, ёсць і адваротная опцыя... Урэшце, «краіна для жыцця» — гучыць як стэрыльная канструкцыя, без геаграфічнай і нацыянальнай прывязкі.

Нам яшчэ далёка да Беларусі як супольнага праекта, які цалкам выбудаваны па нашых правілах. Але шлях да Беларусі ляжыць праз Беларусь. Праз нацыянальнае. Праз гонар. Праз тое месца, дзе ты гаспадар, галоўны, а значыць — навязваеш сваю волю іншым, а не пераказваеш свае болькі. Пытанне: ці мы да гэтага гатовыя?

 

Алесь Кіркевіч, Budzma.org