Павал Казанэцкі, старшыня фонда «Усходнееўрапейскі дэмакратычны цэнтр» — варшавяк. Прычым варшавяк рэдкі. Гэта значыць, сапраўдны, карэнны. Бо і ягоныя бацькі, і ягоныя дзяды не прыехалі ў сталіцу з правінцыі. Яны тут нарадзіліся. Такіх карэнных гараджан у любым мегаполісе вельмі мала. А ў Варшаве, улічваючы яе трагічны лёс, асабліва мала.
Ён гісторык па адукацыі. Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт. Ён нічым, ні сваяцтвам, ні глебай не звязаны з Беларуссю. Але ягоная беларуская мова нашмат лепшая за мову шматлікіх намінальных беларусаў. І не таму, што Павал шмат гадоў працаваў у Беларусі. Тут нешта большае. Бо ў Беларусі ён персона «нон грата» ўжо шмат гадоў. А мова не забываецца. Мы гутарым з Паўлам пра тое, «як усё пачыналася». Пра вялікую эпоху перамен ва Усходняй Еўропе.
Павал Казанэцкі. Фота Аляксандры Шэпелевіч, reform.news
Я быў чалавекам, які зусім не ведаў расейскай мовы. У нашым ліцэі заняткі расейскай мовы былі абавязковымі, і мы пранцыпова на іх не хадзілі. Увесь ліцэй ігнараваў заняткі расейскай мовы. Памятаю адну настаўніцу расейскай. Яна была карэннай расіянкай. Яна, каб хоць неяк заахвоціць вучняў, прыносіла запісы песень Уладзіміра Высоцкага. І дзякуючы Высоцкаму часам прыходзілі.
Гэта ліцэй імя Іаахіма Лялевеля. Наш ліцэй быў радыкальна апазіцыйны, у якім дырэктаркай была, да вайсковага становішча, Ганна Радзівіл, і вельмі шмат настаўнікаў мелі шляхецкае паходжанне. Настаўніца, якая вучыла мяне лацінскай мове, была з Нарбутаў. Наш ліцэй у 1981 годзе падтрымаў забастоўку ў Вышэйшай пажарнай школе. Іх школа належала да Міністэрства ўнутраных спраў. І адным з патрабаванняў студэнтаў было, каб школа падпарадкоўвалася іншаму міністэрству. На тую школу сядаў верталёт. Былі дэсант, штурм. І такім чынам тую забастоўку «зачысцілі». А наш ліцэй быў побач з гэтай школай. І на кухні нашага ліцэя гатавалася ежа для бастуючых студэнтаў. За гэта мой ліцэй зазнаў рэпрэсіі. Дырэктарка і некалькі настаўнікаў былі звольненыя. Дырэктарам і намеснікам былі прызначаныя маёр і капітан Службы бяспекі. Ліцэй перасялілі ў іншы будынак. Каб нас ізаляваць ад гэтай Пажарнай школы.
А першая акцыя, якую я заспеў у ліцэі — гэта збор подпісаў пад віншавальным лістом да Леха Валенсы з Нобелеўскай прэміяй. Кожны месяц, 13 чысла, на вялікай перамене мы ладзілі ціхія перапынкі. На гэтых ціхіх перапынках мы прыходзілі адзетыя ў чорнае на знак жалобы. З-за ваеннага становішча. І такія акцыі адбываліся ў большасці варшаўскіх ліцэяў да канца 80-х гадоў.
Мы таксама мелі сваю падпольную бібліятэку. І я быў сувязным у гэтай бібліятэцы. Мы маглі ўвесь час пазычаць «самвыдат» і чытаць яго. Было вельмі шмат розных кніжак — і мастацкіх, і гістарычных. Гэта было крута. І практычна ўвесь наш клас гэтым карыстаўся. Напрыканцы маёй ліцэйскай вучобы прыйшла «адліга». І ў 1986 годзе пані дырэктарка пагадзілася вярнуць насценную ліцэйскую газету, якую адмянілі ў студзені 1981-га. І ў першым жа выпуску адноўленай насценгазеты з’явіўся артыкул, які быў перакладам з «Таймс», наконт таго, дзе размешчаныя ядзерныя боегалоўкі Саюзу і Штатаў. І ў той жа дзень газета была знятая і больш ніколі не дазволеная.
Павал Казанэцкі. Фота з ягонай старонкі ў Фэйсбуку
У майго зацікаўлення Беларуссю было некалькі фактараў. Першае адкрыццё было ў час майго навучання ў ліцэі. Зацікавіўся я тым, што ў часы Рэчы Паспалітай абодвух народаў паміж палякамі і літоўцамі была згода, а потым, ад 1918-га па 1938 год Польшча і Літва былі ў стане вайны. І калі я пачаў высвятляць, што ж там былі за адносіны, зразумеў, што яшчэ паміж гэтымі літоўцамі і палякамі былі нейкія беларусы. Што за беларусы такія? Адкуль яны ўзяліся? Для вучня ліцэя гэта было ўвогуле новае слова. Зусім незразумелае. Сярэдні паляк ведаў пра літоўцаў, з якімі калісьці жылі ў адной дзяржаве. Ведаў пра Украіну, Валынь, пра канфлікты з тымі страшнымі ўкраінцамі. Але пра ніякіх беларусаў мы нічога практычна не чулі.
І тут, у 1987 годзе, на апошнім ліцэйскім годзе, мы з сябрамі вырашылі паехаць на Падляшша. Мы ездзілі некалькі гадоў па позных рэгіёнах Польшчы, па якіх не было ніякай турыстычнай інфармацыі. І тут першае адкрыццё. У кнігарні мы неяк знайшлі кніжку нейкага Сакрата Яновіча. «Białoruś, Białoruś...» Аказваецца, тут ёсць нейкія беларусы! І мы вырашылі іх пашукаць. Паехалі ў Гарадок. Там пайшлі ў праваслаўную царкву. Знайшлі бацюшку. І бацюшка нам: «Беларусы? Тут няма ніякіх беларусаў. Тут ёсць толькі праваслаўныя. Але калі вы хочаце пабачыць сапраўднага беларуса, то паедзьце ў Крынкі. Там ёсць пісьменнік Сакрат Яновіч!». Вось так дарога закальцавалася.
Мы правялі з Сакратам Яновічам амаль усю ноч. Перасоўваючы ў нашых дыскусіях мяжу ад Нарвы да Смаленска. Мы ўбачылі, што рэальны беларус існуе. Яго можна нават памацаць. Ён — вельмі цікавы суразмоўца! Такім чынам пачалася мая прыгода з Беларуссю.
У тым жа годзе я паступіў ва Універсітэт. І ўвосень прачытаў аб’яву, што ў лістападе адбудзецца сустрэча з Сакратам Яновічам. Сустрэчу арганізаваў БАС. Беларускае Аб’яднанне Студэнтаў. І на гэтай імпрэзе я пазнаёміўся з Яўгенам Вапам, з Алегам Латышонкам, з Міколам Ваўранюком. Я пачаў такім чынам уваходзіць у беларускае студэнцкае асяроддзе. Гэта будучыя лідары беларускага руху на Беласточчыне, а таксама калегі па прафесіі. На кнігах Алега Латышонка я пазней вучыўся. А яшчэ на той сустрэчы я пазнаёміўся з палякамі, якія таксама цікавіліся гісторыяй народаў, якія насялялі Рэч Паспалітую.
Для тых людзей было важна шукаць кантакты з прадэмакратычнымі, дысідэнцкімі асяродкамі ў савецкай прасторы. Я натрапіў на групу людзей, звязаных з часопісам «Międzymorze», з таварыствам «Pomost». Мэтай таварыства была супольная праца дэмакратычна настроеных людзей з колішняга абшару Рэчы Паспалітай. Было шмат сустрэчаў, размоваў. І пра Украіну, і пра Літву, і пра Латвію. І аказалася, што ў гэтай групе ёсць асобы, якія займаліся гісторыяй Украіны, асобы, якія цікавіліся гісторыяй Літвы і вывучалі літоўскую мову. Але ніхто не займаўся Беларуссю. І такім чынам усе гэтыя фактары паўплывалі, што я вырашыў — гэта мой лёс.
Павал Казанэцкі атрымлівае ўзнагароду ад Аб'яднанага пераходнага кабінету «За плённую працу на карысць Беларусі», 2023 г. Фота з Фэйсбука Паўла Казанэцкага
Гэта быў канец камунізму. Ізноў пачаліся забастоўкі, як студэнцкія, так і рабочыя. Пасля ваеннага становішча людзі зноў пачалі выходзіць на вуліцы. Таксама пачаў выходзіць на вуліцы незалежны кнігавыдавецкі рух, з якім я быў звязаны. Мы з сябрам мелі кропку, якая прадавала незалежную літаратуру. Напачатку мы прадавалі кнігі ва Універсітэце, але пасля вырашылі прадаваць іх перад касцёлам Станіслава Косткі. Гэта было нешта новае. Бо мы выходзілі за межы Alma Mater. Я быў на той час дзеячам Сацыялістычнай партыі, якая была ў падполлі. І мяне арыштавалі на партыйным сходзе на прыватнай кватэры. І з таго моманту SB пачала мяне «пасвіць». Яны лічылі, што мяне можна зламаць. Што я падпішу дамову аб супрацоўніцтве. Прычым гэта не былі нейкія катаванні. Гэта быў здзек. Яны мяне спакушалі дадатковымі карткамі на мяса. Камедыя! Але боязь у мяне была. Гэта ж першы такі досвед! Але з падпольнай літаратуры я ведаў, што галоўнае —— нічога не падпісваць. Гэтага і трымаўся.
Але яны пачалі здзекавацца такім чынам. Я кожны дзень ездзіў з велічэзным заплечнікам, поўным кніжак, якімі пасля гандляваў на тэрыторыі Універсітэту. А гэтыя мудакі рабілі мне сочку ад дома да аўтобуса. І я напачатку так быў напалоханы! Я, памятаю, так імчаў, з гэтым заплечнікам да прыпынку! Так залятаў у той аўтобус! Напружваючы ўсе сілы, цягнучы гэтую гару, каб яны мяне не злавілі! Яны мусілі так смяяцца! Пэўна, шмат я тады прыносіў ім вясёлых хвілін. Камедыя!
Напрыканцы 87 году адбылася студэнцкая дэманстрацыя на вуліцах Варшавы. Многія мае сябры, якіх я ведаў яшчэ па ліцэі, былі затрыманыя. У тым ліку Павел Піскорскі, адзін з заснавальнікаў Кангрэса Ліберальна-дэмакратычанага, з якога пазней вырасла Грамадзянская платформа. І які пазней стаў мэрам Варшавы.
Ад гэтых пратэстаў і арыштаў актыўнасць ва Універсітэце ўзрастала. Са многімі сваімі калегамі па ліцэі я быў адным са стваральнікаў незалежнай студэнцкай асацыяцыі Niezależne Zrzeszenie Studentów. Вакол гэтай арганізацыі беларускія і ўкраінскія студэнты пачалі ствараць свае незалежныя суполкі. Студэнтаў-беларусаў і студэнтаў-украінцаў. Тады паўстаў БАС.
У 1988 годзе адбылася забастоўка студэнтаў па ўсёй Польшчы. У тым ліку і ў Варшаўскім Універсітэце. Адным з патрабаванняў было — рэгістрацыя незалежнай студэнцай асацыяцыі, якая легальна дзейнічала да ваеннага становішча. І БАС тады першы раз сябе праявіў. Яны вывесілі свае плакаты ў падтрымку забастоўкі. Яны ўжо, дарэчы, выдавалі свой часопіс «Сустрэчы». Напачатку звязаны з афіцыйнай Асацыяцыяй польскіх студэнтаў (Zrzeszenie Studentów Polskich). Але вельмі хутка, у 1988 годзе яны вырашылі быць незалежнымі ад афіцыйнай арганізацыі. І я тады дапамагаў Міколу Ваўранюку знайсці «падпольную» друкарню, у якой выйшаў першы незалежны нумар «Сустрэчаў».
Студэнцкія хваляванні супадалі па часе з забастоўкамі рабочых, якія ў чэрвені 1988 году былі жорстка разагнаныя ўладамі. Міліцыя нават заходзіла на тэрыторыю некаторых фабрык. Самая паказальная акцыя была на металургічным камбінаце Huta Katowice. Там проста танкамі ламалі браму. Пачынаўся калапс уладаў. З аднаго боку, яны не маглі кантраляваць сітуацыю. З другога боку, напружанне вулічных акцый пачало ўзрастаць. У 89-м годзе забастоўкі вяртаюцца па ўсёй Польшчы. Адным з вынікаў гэтай сітуацыі, яшчэ да Круглага стала, стала рэгістрацыя розных грамадскіх арганізацыяў. Былі легалізаваныя і БАС, і «Pomost», і Niezależne Zrzeszenie Studentów. Мы пачалі больш адкрыта дзейнічаць па-за межамі Універсітэта.
— Мне заўжды здавалася, што Польшча — самая антысавецкая краіна ў савецкім блоку. Польскі камунізм выглядаў таксама натуральна, як сталінская высотка пасярод Варшавы. Дзякуй богу, яны яе пабудавалі не на месцы Каралеўскага замка. Гэта было б зусім сімвалічна. Але няўжо пасля ўсяго таго драматычнага шляху, які прайшла Польшча пасля вайны, у краіне яшчэ заставаліся сімпатызанты сацыялізму і генерала Ярузэльскага? Кажучы сённяшнімі словамі, ці былі ў той Польшчы свае «ябацькі»?
— Асабіста мне не трэба далёка шукаць. Мая бабуля да канца жыцця верыла Камуністычнай партыі. Яна ніколі не была камуністкай, але верыла, што Камунізм — гэта добрая сістэма. Лічыла «Салідарнасць» варожай арганізацыяй. І я не думаю, што мой дом быў адзіным домам, дзе адбываліся сямейныя канфлікты. І гэта Варшава! А калі ўзяць правінцыю, то не думаю, што «Салідарнасць» была больш папулярная за афіцыйныя ўлады. У правінцыі быў большы ўплыў афіцыйнай улады. Не скажу кампартыі. Бо партыя была скампраметаваная паўсюль. Яна была скампраметаваная нават у вачах саміх камуністаў. А ў нас жа яшчэ была «шматпартыйнасць»! Была сялянская партыя і Дэмакратычная партыя! І для некаторых людзей гэта было вельмі важна, што яны мелі партыйны статус, але ўсё ж такі не ў камуністычнай партыі.
— Адназначная. Для мяне тут ніколі не было ніякай дыскусіі. Я ўвогуле быў праціўнікам Круглага стала. Падчас першых выбараў я раздаваў улёткі байкоту Круглага стала і выбараў. Я ў свой час выдаваў падпольныя маркі антыярузэльскія, хадзіў на маніфестацыі пад дом Ярузэльскага. З глыбокім перакананнем, што ён павінен быць павешаным, а не быць на пасадзе прэзідэнта. Сёння я, вядома, не настолькі радыкальны, як тады. Разумею, што Круглы стол — гэта быў неблагі выхад з той сітуацыі.
Але трэба памятаць усю гісторыю Ярузэльскага. Гэта чалавек, які вывеў войскі супраць забастоўшчыкаў у 1970 годзе. Тады загінула каля трохсот чалавек. Трэба памятаць, што ён быў адказны за ваеннае становішча ў 1981 годзе. І я лічу, што лепш бы не польскія войскі выступалі супраць польскага народа. Хай бы ўвайшла савецкая армія. Гэта б стварала адназначную палітычную сітуацыю. А так... Мы гэта называлі акупацыяй, а частка народу лічыла — не, гэта не так, ён нам выратаваў жыццё. І нашыя «ябацькі» мелі добрае аўпраўданне гэтаму рэжыму і Ярузэльскаму.
Павал Казанэцкі. Фота з Фэйсбука
Мой шлях у Беларусь пачаўся з Незалежнай Асацыяцыі Студэнтаў. Яны атрымалі грант ад амерыканскага Інстытуту на карысць дэмакратыі ва Усходняй Еўропе. Ідэя гранта была ў падтрымцы моладзевых і студэнцкіх рухаў у савецкіх рэспубліках. Мэтай былі Эстонія, Латвія, Літва, Беларусь і Украіна. І тут мае сябры пазванілі мне і паведамілі, што «вось, ёсьць такі грант, але мы нічога там не разумеем. Можа, ты паедзеш на Усход?». Гэта быў пералом 1990 і 1991 гадоў. Гэты званок прагучаў перад штурмам савецкімі войскамі вільнюскай тэлевежы. Я ў той час працаваў чорнарабочым у Бельгіі. Зарабляў грошы на сваю будучыню, як нармальны польскі студэнт. Але калі я ўбачыў па тэлевізіі тое, што адбывалася ў Літве, я вырашыў — усё, еду. Дагэтуль я ніколі не быў на тэрыторыі Савецкага Саюза. Мы паехалі ў Вільню.
Наймацнейшае ўражанне на паляка, які выхаваны на паэзіі Міцкевіча, на крэсовых успамінах — гэта, вядома, сама Вільня. Гэта было наймацнейшае, велічэзнае перажыванне. Я заўсёды пасля любіў ездзіць у Вільню, але той першы раз — гэта шок.
Мы пешкі пайшлі на Росы. Па калена ў снезе. Уся Вільня была заваленая снегам, як у ХІХ стагоддзі. Тое, пра што я чытаў кніжках, яно раптам ажыло. Базыльянскія муры, «Дзяды»! Я тады, вядома, не ведаў пра братоў Луцкевічаў, а думаў толькі пра «Дзяды», пра Міцкевіча і філаматаў, якія сядзелі ў той вязніцы. Вельмі сентыментальная была паездка.
Тады яшчэ стаялі барыкады каля парламента. Вельмі цікавыя былі кантакты з літоўскімі студэнтамі.
Мы тады адчулі, што гэта людзі родныя нам па духу. Мы жылі тады канцом камунізму. Тое, чаго мы хацелі, здзяйснялася на нашых вачах.
Мы пазней паехалі ў Рыгу і Талін. І там былі тыя ж самыя пачуцці. Там, у Вільні, нехта здабыў для мяне тэлефон аднаго беларускага студэнта, актывіста ЗБС. Я яму патэлефанаваў і такім чынам дамовіўся аб прыездзе ў Менск.
Якія яшчэ ўражанні ад Вільні? Тое, што нам, палякам, кідалася ў вочы адразу. Гэта беднасць. Беднасць, якую мы ніколі не бачылі і не адчувалі. Старушкі, якія прасілі міласціну на вуліцы. Людзі, апранутыя настолькі кепска...
У Польшчы ўжо ў 70-я гады на рынках было адзенне з Турцыі. Нават памятаю такую аб’яву. «Прадам афганскія кажухі». І тэлефон расейскага пасольства. Кажухі былі даступным таварам. Людзі прывозілі адзенне з Захаду, з сэканд-хэндаў. Не забывай, палякі маглі выязджаць на Захад. Улады ж хацелі пазбавіцца ўсіх незадаволеных. І была вельмі вялікая эміграцыя. Бо людзі страчвалі надзею на перамены.
І яшчэ адно ўражанне — калі мы запрасілі пятнаццаць чалавек у самы дарагі рэстаран Вільні, «Stikliai». Мы за такую вялікую кампанію, не адмаўляючыся ні ад алкаголю, ні ад ежы, заплацілі сто дваццаць даляраў. Разам з чорнай і чырвонай ікрой! Якую я каштаваў другі раз у жыцці. Першы раз здабыла мая цётка ў нейкім сакрэтным магазіне для партыйнай наменклатуры. Гэта быў шок! Што такое магчыма ўвогуле! Такіх цэн у Польшчы не было даўно. У Польшчы самы цяжкі час з ежай быў канец сямідзясятых, пачатак васьмідзясятых гадоў. Уся ежа тады ехала ў Маскву. У тым ліку на Алімпіяду.
Адной з прычынаў забастовак 1980 года было тое, што на польскіх фабрыках польская вяндліна пакавалася ў бляшанкі, на якіх было напісана «Сделано в СССР». І для польскіх работнікаў, якія гэта рабілі — гэта быў шок. «Мы — не СССР!». Нават хадзілі чуткі, што людзі спынялі цягнікі з прадуктамі, якія ехалі ў Савецкі Саюз.
Мінск, 90-я гады. Крыніца: blisch.by
Асабліва шчыльна я пазнаёміўся з савецкім Менскам 8 сакавіка 1992 году. Я ўжо быў у варшаўскіх колах вядомы як чалавек, які навязаў кантакты з Беларуссю. І Ян Маліцкі, заснавальнік Studium Europy Wschodniej у Варшаўскім Універсітэце, мяне паслаў з місіяй запрашэння на сваю першую Усходнюю канферэнцыю незалежных беларускіх навукоўцаў. І я тады вазіў запрашэнні да Вячаслава Вярэніча, да Юрыя Хадыкі, да Міхаіла Ткачова.
І тады ў мяне здарылася сапраўднае сутыкненне з савецкай рэчаіснасцю. Першае ўражанне — вакзал. Я выходжу з цягніка. Падымаюся па эскалатары, які не працаваў, наверх. Для мяне было неразумелым — навошта рабіць эскалатары, якія не працуюць? Ну, добра. Я заходжу ў пачакальню. І там стаіць такі жахлівы смурод, ад якога мне становіцца млосна. Гэта быў букет з двух водараў. Нямытых целаў і нейкай жахлівай хіміі, якой савецкія прыбіральшчыцы рабілі дэзынфекцыю. Гэта было нешта горшае за хлорку. Гэты пах стаяў на працягу 90-х гадоў ва ўсіх гатэлях. Што гэта была за дрэнь? І калі я бачу ў гатэлях папяровую стужку з надпісам «Дезинфицировано», мне становіцца кепска. Бо адразу паўстаюць успаміны пра 90-я і тую хімію.
8 сакавіка! Вісяць чырвоныя сцягі на ўсіх вуліцах. А ўжо Беларусь незалежная. Для нас, палякаў, гэта было камуністычнае свята, якое мы ўвогуле не святкавалі. А ўсё польскае святкаванне адбывалася ў партыйных камітэтах, дзе раздавалі па гваздзіку кожнай жанчыне ад рабочага калектыву. І ўсё гэта скончылася годзе ў 85-м.
І вось я прыязджаю ў Акадэмію навук. А там вахцёр! У форме! Як пры таварышы Сталіне! «Хто такі? Куды? Да каго?». Звоніць наверх. Адчыняецца ліфт. Выходзіць ужо вясёленькі прафесар Вярэніч і кажа: «Справы пасля. А цяпер паедзем наверх, у нас празднік!». Ну, празнік дык празнік. Я, такі недасведчаны студэнт, еду наверх.
Заходжу ў кабінет пана прафесара. І там сядзяць тры мажныя цёткі, ужо вельмі «пад шафэ». Стол накрыты газетай. На газеце — самагонка, хлеб і сала. І ўсё. Так я адкрыў для сябе, што такое «празнік у Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь». Настолькі сціплага стала не было нават у нашых студэнцкіх інтэрнатах.
Яшчэ з шэрагу культурных шокаў — акуратна парэзаная газета ў туалеце. Бо быў татальны дэфіцыт туалетнай паперы. І кошыкі, запоўненыя выкарыстанай той газетай. І гэта я бачыў у прыватных кватэрах. Людзі яшчэ так жылі. Я такога сабе не ўяўляў!
Мінск, 90-я гады. Крыніца: blisch.by
Але аднойчы я трапіў на Камароўку, і там здарыўся іншага плану катарсіс. Там я з вялікім здзіўленнем пабачыў, які можа быць выбар усходняй садавіны. У Польшчы ўсходняя садавіна практычна была недаступная. У нас першымі, пасля камуністычнага дэфіцыту, з’явіліся бананы. І бананы былі даступныя паўсюль. Але тут я пабачыў кавуны, дыні. Дыня — гэта быў люксус у Польшчы. Я дыню ведаў па Бельгіі, дзе я працаваў. Але ў Польшчы яна не была даступная. А тут яны агромністыя! Проста з Узбекістана. Бяры і еш!
Яшчэ ў Менску для мяне шокам сталі пяцілітровыя слоікі з сокам. У Польшчы тады быў дэфіцыт соку, а тут гэты сок каштаваў нейкія капейкі! І я мог узяць адразу пяць літраў яблычнага соку і выпіць усё, буль-буль-буль, за раз! Яшчэ я адкрыў для сябе глазіраваныя сыркі. М-м-м, гэта быў такі люкс! Мы такога ў Польшчы ніколі не мелі. Мы ўвогуле не ведалі, што такое можна рабіць.
Што яшчэ? Вядома, таксісты, якія гандлявалі алкаголем. Памятаю, на нейкай імпрэзе не хапіла гарэлкі, і мы выйшлі на вуліцу, спынілі таксі, і ён прывёз цэлую скрыню. Гэта таксама быў новы культурны досвед.
Я не памятаю сваіх уражанняў ад праспекта Скарыны, але памятаю плошчу Незалежнасці. Гэтая агромністая пустка была для мяне квінтэсэнцыяй савецкасці.
Увогуле Менск быў сумны, страшны. Неверагодную тугу наводзілі гарадскія ўскраінныя кольцы, дзе няма ні машын, ні людзей. Як на плошчы Бангалор. Велічэзныя пустыя прасторы. І ты адзін стаіш на гэтай сумнай, бязлюднай планеце.
Але тое, што прыемна ўразіла. Наколькі былі дзіўныя мае ўражанні ад савецкай Акадэміі навук, настолькі мяне здзівіла моладзь. З «Задзіночання беларускіх студэнтаў», з «Выбранецкіх шыхтоў», з «Чырвонага жонду».
Я знайшоў маладых людзей, якія цікавяцца тым жа самым, што і я. Якія гавораць і мараць пра тое самае, што і я. Што камуністычная партыя павінна быць здэлегалізаваная. Якія мараць пра люстрацыю і дэкамунізацыю. Якія думаюць пра нацыянальную ідэю і жывуць гісторыяй Рэчы Паспалітай. У мяне было глыбокае пачуццё адзінства з гэтымі людзьмі. Што мы вылеплены з той самай гліны! Гэта было вельмі прыемнае адчуцце. І, паколькі асяроддзе гэтае было беларускамоўнае, тады я вырашыў, што мушу вывучыць беларускую мову. Пачаў набіраць лексічны запас, пачаў чытаць кніжкі, і пайшло-паехала. Я нават не заўважыў, калі я свабодна пачаў гаварыць.
Неяк Сакрат Яновіч падарыў мне кніжку з такім надпісам. «На памяць таму, хто знайшоў сваіх еўрапейскіх індзейцаў». Адкуль ён ведаў, што я ў дзяцінстве быў захоплены індзейцамі? Але ж, сапраўды, знайшоў!
Размаўляў Зміцер Бартосік, Budzma.org