У Вільні адкрываецца фотавыстава, прысвечаная гендарнай гісторыі старавераў Віцебшчыны

З 10 лістапада па 5 сьнежня 2024 году ў Беларускім музэі ў Вільні адбудзецца фотавыстава «Даўнія прыбышы: гендарнае вымярэньне стараверскай культуры Паўночнай Беларусі», паведамляецца на старонцы музея ў Фэйсбук. Выстава — вынік этналягічных экспэдыцыяў, прадпрынятых Уладзіславам Івановым з 2002 па 2015 гады па сучаснай Віцебшчыне.


«Daŭnija prybyšy: hiendarnaje vymiareńnie staravierskaj kuĺtury Paŭnočnaj Bielarusi»

Гендарнае вымярэньне культуры беларускага стараверства (на прыкладзе старавераў-папоўцаў і беспапоўцаў Віцебшчыны) дагэтуль выяўляе часта закрытыя або малазразумелыя бакі гэтай культуры і дэманструе не толькі багатую гісторыю стараверства Беларусі ў цэлым, але таксама пасьпяховыя спэцыфічныя інтэграцыйныя мадэлі ва ўмовах як новай радзімы, так і зьменлівых, мала спрыяльных захаваньню традыцыйных каштоўнасьцяў сьвету.

Гендарная гісторыя старавераў Віцебшчыны ўключае розныя мадэлі: ад кансэрватыўнай папоўскай стараверскай мадэлі ўзаемаадносінаў мужчынаў і жанчынаў да адкрытай і досыць прагрэсіўнай беспапоўскай стараверскай мадэлі, якая падразумявае між іншым такі фэномэн, як «жаночае духоўнае лідарства».

На выставе апрача гендарнага вымярэньня ўвага скіроўваецца таксама на такі важны аспэкт, як этналёгія і гісторыя (э)міграцыі, выгнаньня, бо ў свой час стараверы зьведалі досьвед выгнаньня, эміграцыі і скрозь час дэманструюць цікавыя мадэлі адаптацыі да новых, часам складаных умоваў жыцьця.

У 2014 годзе фотавыстава «Віцебскія стараверы: даўнія прыбышы» У. Іванова пры інфармацыйнай падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» прайшла ў Віцебску.

Fotavystava «Viciebskija staraviery: daŭnija prybyšy»

У лютым-сакавіку 2025 году выстава «Даўнія прыбышы: гендарнае вымярэньне стараверскай культуры Паўночнай Беларусі» таксама пройдзе ў сьценах ЭГУ.

Аўтар фота і навуковы куратар выставы: др. Уладзіслаў Іваноў, Цэнтар гендарных дасьледаваньняў ЭГУ (Вільня) і выдавецтва «Скарына» (Лёндан).

Адкрыццё выставы: 10.11 а 17.00 па адрасе: Вільня, Vilniaus g. 20.