З нагоды гадавіны нараджэння 9 сакавіка грамадскага дзеяча, драматурга і пісьменніка Францішка Аляхновіча «Будзьма!» вырашыла успомніць жыццё і дзейнасць дзеяча беларускага руху, якога таксама называюць бацькам сучаснай беларускай драматургіі і тэатральнай крытыкі.
Пілсудскі і Дзяржынскі
Аляхновіч нарадзіўся ў Вільні ў сям’і са збяднелага шляхецкага роду. Спачатку малады чалавек навучаўся ў Віленскай гімназіі і Віленскай хіміка-тэхнічнай школе. Адметна, што ў той жа гімназіі вучыліся Фелікс Дзяржынскі і Юзаф Пілсудскі. Пазней, у 19-гадовым узросце, Аляхновіч нелегальна, пад чужымі дакументамі, трапіў у Польшчу, каб атрымаць тэатральную адукацыю. Там ён стаў вольным слухачом Кракаўскага ўніверсітэта. А праз год пераехаў у Варшаву, дзе паступіў у Драматычную школу пры Музычным таварыстве. Пасля працы ў польскім вандроўным тэатры (у якасці акцёра) Аляхновіч вярнуўся ў Вільню, дзе працаваў рэпарцёрам мясцовай газеты, а пазней і сам пачаў выдаваць гумарыстычны польскамоўны часопіс.
У Вільні ён зблізіўся з дзеячамі беларускага нацыянальнага руху, а ў 1910 годзе паставіў першы беларускамоўны спектакль у Вільні. Пэўна, з 1916 года пачынаецца асабліва актыўны перыяд тэатральнай дзейнасці Аляхновіча. Так, ён арганізуе Беларускую драматычную дружыну і рэгулярна ставіць шэраг беларускіх спектакляў.
Дырэктар тэатра і палітвязень
Вайна, рэвалюцыя, падзел Беларусі і палітычныя пературбацыі прымусілі Аляхновіча жыць і працаваць на два гарады. У Мінску гэта фармаванне трупы і падрыхтоўка пастановак, праца дырэктарам Беларускага савецкага тэатра (1918 г.), кіраўніцтва Мінскім гарадскім тэатрам (з якога паўстаў БДТ-1, а пазней — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). У Вільні — супраца з беларускімі і польскімі газетамі і часопісамі, выданне часопіса «Беларускае жыццё» (1919 г.), праца над п’есамі, вершамі і апавяданнямі, праца рэдактарам газеты «Беларускі звон» (1921–1923 гг.).
У 1926 годзе Аляхновіч нарэшце атрымлівае магчымасць пераехаць на сталае жыхарства ў савецкую частку Беларусі. Тут ён атрымаў пасаду літаратурнага кіраўніка БДТ-ІІ у Віцебску, а неўзабаве — і грамадзянства БССР.
Францішак Аляхновіч, суфлёр на Салаўках
Актыўнае развіццё нацыянальнай культуры, стварэнне новых беларускіх устаноў (тэатры, часопісы, навуковыя ўстановы і г. д.), поспехі беларускай справы ў той ці іншы перыяд спакусілі многіх дзеячаў беларускага руху прыехаць у савецкую дзяржаву, дзе яны ў хуткім часе сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій. Так, праз год пасля атрымання грамадзянства Аляхновіч быў арыштаваны за нібыта шпіянаж на карысць Польшчы і асуджаны да 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах. Толькі ў 1933 годзе савецкія ўлады абмянялі Польшчы Францішка Аляхновіча на іншага буйнога дзеяча беларускай культуры і палітвязня, Браніслава Тарашкевіча (якога ўжо праз некалькі гадоў савецкія ўлады арыштавалі і расстралялі).
Забойства
Пасля вызвалення Аляхновіч спрабуе працягнуць у Вільні тэатральную дзейнасць. Нягледзячы на пагрозу жыццю спачатку з савецкай, а пазней — з нямецкай акупацыяй Літвы, ён працягвае займацца беларускай справай: піша тэксты, працуе рэдактарам газеты «Беларускі голас», становіцца чальцом Цэнтральнага камітэта Беларускай незалежніцкай партыі і ўзначальвае яе Віленскі камітэт. У 1944 годзе Францішак Аляхновіч быў застрэлены ў сваёй кватэры ў Вільні. Паводле розных версій, да яго забойства маглі быць датычныя як польскі (Армія краёвая), так і нямецкі або савецкі бок (савецкія партызаны).
Пэўна, самым знакамітым ягоным творам, які заставаўся найбольш вядомым ва ўсім свеце і пасля яго смерці, быў «У капцюрох ГПУ» — першы твор у сусветнай літаратуры, які расказвае пра сталінскія карныя службы і лагеры і катаванні ў іх. Тэкст Аляхновіча быў перакладзены на многія мовы, у прыватнасці на польскую, украінскую, рускую, італьянскую, партугальскую (друкаваўся нават у Бразіліі).
Кірыл Стаселька, budzma.by