Францішак Аляхновіч. «У кіпцюрох ГПУ» — новае відэа на канале Андрэя Хадановіча

Францішак Аляхновіч — беларускі драматург і літаратар. Яго аповесць «У кіцюрах ГПУ», што ўбачыла свет яшчэ ў 1943 годзе, — адзін з першых літаратурных твораў, дзе быў апісаны досвед вязня сталінскага лагера. Новае відэа пра пісьменніка, апярэдзіўшага Шаламава і Салжаніцына.


«...Дык навошта я гэта ўсё пiшу? Можа, й ня трэба ўжо аб гэтым пiсаць, калi ўсе ўжо добра пазналiся на бальшавiкох?

Дай Божа, каб усе. Але яшчэ ня ўсе. Як сыфiлiтычныя сьпiрохэты ў варганiзьме, гэтак залазiць ў душы паганая бальшавiцкая атрута. Няхай мае словы, словы „попутчiка“, аздараўляюць гэтых бедных духам людзей. Няхай вучацца на маiм прыкладзе. Бо нi Тарашкевiч, нi Рак-Мiхайлоўскi, нi Гаўрылкiн, нi Дварчанiн — ды й ня пералiчыш iх усiх, нiчога вам ня скажуць. Адны з гэтых няшчасных, неразумных гнiюць ўжо ў зямлi, iншыя — у концлягерах або вастрогах.

Мне пашанцавала. Я шчэ жыву. Я на волi. Я магу яшчэ трымаць пяро ў руцэ. Ад свайго вызваленьня, восем год назад, я не пакiдаю пiсаць i гаварыць аб найстрашнейшым ворагу чалавецтва — аб бальшавiзьме. Мне калiсь ня верылi. Казалi, што гэта паэтыцкая выдумка. Хлусьня. Цяпер паверыце».

Відэа пра складаную біяграфію Францішка Аляхновіча апублікавана на Youtube-канале Андрэя Хадановіча.