16 верасня ў 12:00 пад Мінскам стартуе дзявяты фестываль «Камяніца», хэдлайнерамі якога будуць Onuka (Украіна), Theodor Bastard (Расія), Shuma (Беларусь). Генеральны партнёр мерапрыемства – ААТ «Банк БелВЭБ».
Музычная праграма
Музычную праграму фестывалю ў 12:00 распачне малая сцэна, прысвечаная аўтэнтычнаму беларускаму фальклору. Першым выступіць ансамбль «Рада», далей Патрыцыя Свіціна, «Мярэжа», «Горынь». Малая сцэна скончыць працу ў 17:30.
Галоўная сцэна адчыніцца ў 13:00 выступам фолк-гурта «Варган». Працягнуць праграму «Нагуаль», The Doox (Украіна), Shaman Jungle. Пасля гэтага найдыйдзе чарга хэдлайнераў: Theodor Bastard (Расія), Onuka (Украіна) ды Shuma (Беларусь). Выступы завершацца ў 22:00.
Акрамя гэтага аматараў аўтэнтычнага фальклору ў 15:00 у царкве чакае канцэрт «Аўтэнтычныя спевы Палесся», у якім возьмуць удзел два ансамблі сапраўдных бабуль з поўдня Беларусі. Наймалодшай удзельніцы програмы 63 гады, найстарэйшай – 80 год.
А ў 18:00 на галоўнай сцэне адбудзецца адзін з галоўных момантаў фестывалю. Разам з праектам «Спеўны сход» і вакалістам Vuraj Сяргеем Доўгушавым усе прысутныя заспяваюць некалькі традыцыйных беларускіх песень.
Кірмаш і забавы
Фестывальны кірмаш пачне працу ў 12:00. У ім возьмуць удзел больш за 50 народных майстроў, якія ствараюць рэчы уласнымі рукамі. Гледачоў чакаюць майстар-класы ад ганчароў, кавалёў, ткачоў, а таксама шмат кропак з гатовай прадукцыяй.
У 12:00 пачнуць сваю працу і забаўляльныя пляцоўкі. Сярод іх народныя гульні (лапта, рыбак, пекар, пальчатка), народныя танцы, а таксама скаладром, лучны і арбалетны цір, тралей, катанне на квадрацыклахі конях, авіападарожжа над музеем на мотадэльтаплане.
Для дзяцей створана адмысловая праграма: майстар-класы па пляценні з саломы, лепцы з гліны, маляванні, а таксама шоў мыльных бурбалак, гульні з саломай, кантактны заапарк, тэлескопы і інш.
Падчас фестывалю будуць працаваць выставы «Традыцыйныя музычныя інструменты», «Вясельныя строі маладога і маладой». Таксама можна будзе пазнаёміцца з творчасцю экспазіцыі мастакоў Васіля Пішкуна, Ганны Сілівончык, Алеся Шатэрніка.
Харчаванне
Фестывальнае харчаванне ў традыцыях беларускай кухні забяспечаць каля 10 выяздных кропак ад сталічных рэстарацый «Камяніца», «Грай», «Агінскі», а таксама працуючая на тэрыторыі музея «Беларуская карчма». У апошняй таксама можна будзе набыць піва і хатнія наліўкі.
Як даехаць
Фестываль адбудзецца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо (4 км ад МКАД за аўтарынкам «Малінаўка»). Аўтамабільная паркоўка знаходзіцца за межамі музея, веласіпедная – на фестывальнай пляцоўцы.
Даехаць да музея можна таксама на аўтобусах ад мятро «Малінаўка», якія будуць курсіраваць з інтэрвалам 5-10 хвілін. У 11:45 пачнуць працу бясплатныя фестывальныя аўтобусы, у 12.10 – дадатковыя прыгарадныя (кошт квітка – 0,75 руб). Апошні зваротны рэйс з Музея народнай архітэктуры і побыту ў бок Мінска адпраўляецца ў 23:00 – праз гадзіну пасля заканчэння фестывалю.
Квіткі
У папярэднім продажы: дарослыя – 10 рублёў, студэнты – 7 рублёў, школьнікі – 5 рублёў. Набыць можна праз сайты і касы Bycard.by, SMSbilet.by, Kassy.by.
Продаж на пляцоўцы: дарослыя – 15 рублёў, студэнты – 8 рублёў, школьнікі – 5 рублёў. Дашкольнікі праходзяць бясплатна.
Інфалінія: (029) 363 76 85, (017) 209 41 63.