Імпрэза традыцыйнай культуры Чарнобыльшчыны “Кветка палын”

palyn_head

Фолк-спатканне (пілотны фестываль) традыцыйнай культуры Чарнобыльшчыны “Кветка палын” адбудзецца 3 траўня ў будынку Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру ІВВ (праспект газеты “Праўда”, 11). Фестываль будзе ладзіцца пры падтрымцы міжнароднага адукацыйнага цэнтру IBB і агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Як паведамляюць арганізатары фестывалю, яго галоўныя сэнс і мэта — культуралагічнае ўсведамленне чарнобыльскай трагедыі. “Гэта падзея дашчэнту знішчыла фізічным спосабам некранутую тысячагоддзямі рэгіянальную культуру. Людзей, якія жылі, моцна павязаныя між сабой традыцыйным культурным ладам, разарвалі і раскідалі па свеце. Ім давалі, узамен на палескія хаты, сучасныя дамы і катэджы, іх лячылі ў сучасных медыцынскіх установах. Лячылі цела, але не душу. Гэта факт: лад і традыцыя, якія былі калісьці, ужо ніколі не вернуцца такімі ж на забруджаныя землі”, — кажуць арганізатары фестывалю.

У 2009 годзе “Кветка палын” ладзіцца ўпершыню. У сувязі з гэтым падчас мерапрыемства яго ініцыятары і ўдзельнікі плануюць абмеркаваць арганізацыйныя і ідэйныя моманты фестывалю. Асаблівая ўвага будзе аддадзеная правядзенню фестывалю ў 2011 годзе — да 25-годдзя Чарнобыльскай катастрофы.

У фестывалі “Кветка палын” возьмуць удзел фальклорныя гурты з Украіны і Беларусі: “Дрэва” (Украіна), “Страла” (Украіна), “Гуда” (Беларусь), “Ветах” (Беларусь), “Ліцьвіны” (Беларусь), “Рада” (Беларусь).

Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца прыватныя асобы, грамадскія і дзяржаўныя арганізацыі, камерцыйныя структуры — усе тыя, хто імкнецца падтрымаць народныя традыцыі і жадае дапамагчы ахвярам чарнобыльскай катастрофы.

Дадатковыя звесткі можна атрымаць на сайце www.folk.by, а таксама ў арганізатараў.

Кіраўнік праекту — Васіль Грынь +375 29 6318569 (электронная пошта hryn@anitex.by)

Тэгі: