Хто не марыць стаць паспяховым у сваёй прафесіі? Бадай што кожны больш-менш амбіцыйны чалавек. Асабліва, калі яго праца патрабуе вялікіх высілкаў, грошай і адказнасці. А таксама цесна звязаная з творчасцю. Вось, напрыклад, як здымкі кіно.
На жаль, беларускі кінематограф пасля дзесяцігоддзяў заняпаду і эксплуатацыі з боку дзяржавы не можа зараз пахваліцца міжнароднымі зоркамі А-класа. Але ў іншых краінах сустракаюцца кінематаграфісты беларускага паходжання, нашчадкі экспатаў і эмігрантаў у некалькіх пакаленнях, якія паспелі дамагчыся значных поспехаў у амерыканскай кінаіндустрыі.
Мы адабралі 9 персон, пра якіх вам зараз і распавядзем.
Луіс Барт Майер
Крыніца: www.josephmartinegan.com
Адлік пачнем з пачатку мінулага стагоддзя, калі Галівуд толькі з’явіўся. Калі капнуць глыбей, высветліцца, што да яго стварэння спрычыніліся і нашыя землякі.
Так, адным з яго айцоў-заснавальнікаў можна назваць Луіса Барта Майера — знакамітага, асабліва для першай паловы ХХ стагоддзя, кінапрадзюсара, стваральніка кінастудыі Metro-Goldwyn-Mayer і Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук, чальцы якой выдаюць зараз кожны год прэмію «Оскар».
Трапіў у ЗША Луіс менавіта з тэрыторіі Беларусі, якая на той момант уваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Нарадзіўся будучы кінематаграфіст, па розных бібліяграфічных крыніцах, ці то ў 1884, ці то ў 1885 годзе у мінчукоў Якава Меіра и Сары Мельцэр. Жыла сям’я заможна, але з-за сталых габрэйскіх пагромаў вырашыла эміграваць у Штаты. Тут народжаны Лазар Меір фактычна стаў новым чалавекам — змяніў імя на Луіса Майера і пачаў рабіць свае першыя крокі ў кінабізнесе, якія прывялі яго даволі хутка на алімп славы.
Кірк і Майкл Дугласы
Таксама ў Фабрыцы мрой збудавала сваю кар’еру і сямейства Дуглас: Кірк і Майкл.
Крыніца: wikipedia.org
Кірк Дуглас, зорка «залатой эры» Галівуда, які літаральна два гады таму памёр ва ўзросце 103 год, сыграў галоўныя ролі ў фільмах знакамітага рэжысёра Стэнлі Кубрыка «Сцяжыны славы» і «Спартак», а таксама спрадусаваў больш за 30 стужак.
Крыніца: vokrug.tv
Яго сын Майкл, больш знаёмы сучаснаму гледачу, зрабіў круцейшую за свайго бацьку кар’еру. Майкла можна пабачыць у галоўных ролях у такіх культавых стужках, як «Асноўны інстынкт», «Раман з камянём», «Гульня» і г. д. За сваю працу Майкл атрымаў дзве прэміі «Оскар», шэсць статуэтак прэміі «Залаты глобус» і ва ўзросце 78 год працягвае здымацца ў блакбастарах студыі Marvel і Disney — cерыі пра «Чалавека-мураша».
Сямейнае дрэва Дугласаў мае вельмі складаную гісторыю паходжання, якая закранае розныя краіны, але ёсць тут адчувальныя сляды з Беларусі. Так, бацькі Кірка — Гершл Даніелавіч і Брыяна Санглель — былі эмігрантамі з гарадка Чавусы Магілёўскай вобласці. Адтуль яны з’ехалі ў ЗША ў 1910 годзе ў пошуках лепшай долі.
Пол Рад
Крыніца: thecrimson.com
Дарэчы, у супергераічным блакбастары «Чалавек-мураш» Майкл Дуглас грае сумесна з акцёрам і комікам Полам Радам, у якога таксама знайшліся карані з-пад Гомельшчыны. Аб гэтым зорка Галівуда распавёў расійскаму часопісу «Свет фантастыкі» ў 2018 годзе, падчас размовы з нагоды выхаду ў кінатэатры стужкі «Чалавек-мураш і Аса»:
«Шкада, што я не ведаю больш, усё ж сапраўднае прозвішча майго бацькі — Рудніцкі. Нядаўна я зняўся ў тэлешоу, прысвечаным пошукам сваіх каранёў, і там даведаўся, што бацькі майго бацькі родам з вёскі Холмеч у Гомельскай вобласці Беларусі, а майго прадзеда прызвалі на службу ў рускую армію 1 лістапада 1895 года. Але гэта ўсё, што я ведаю. Хацелася б большага, асабліва ў такія моманты, як зараз», — прызнаўся Пол.
Ліза Кудроў
Крыніца: popsugar.com
Ідзем далей. Ці бачылі ці хаця б чулі вы пра камедыйны серыял «Сябры», адзін з самых папулярных амерыканскіх сіткомаў другой паловы 90-х — першай паловы нулявых? Пэўна, што так. У ім шасцёра маладзёнаў з Нью-Ёрка жывуць у дзвюх суседніх кватэрах і бавяць час у кавярні «Central Perk».
Ну дык вось, там адну з галоўных роляў — дзіўнаватай спявачкі Фібі Буфэ — сыграла амаль што наша зямлячка Ліза Кудроў. За гэту прарыўную ролю акцёрка і камедыянтка атрымала прэмію «Эмі» і дзве ўзнагароды Гільдыі акцёраў ЗША. Пасля гэтага Кудроў вельмі шмат здымалася ў паспяховых камедыях: «Аналізуй тое», «Аналізуй гэтае», «Супрацьлегласці сексу», «Гатэль для сабак», а зараз скончыла працаваць у серыяле «Касмічныя сілы» на стрымінгу Netflix.
Продкі Лізы па бацькоўскай лініі эмігравалі ў Штаты з Беларусі: дзед прыехаў з Магілёва, а бабуля жыла ў весцы Ілля Вілейскага раёна. Каб даведацца пра іх лёс, у 2008 годзе актрыса вырашылася на вялікае падарожжа. Яна пабывала не толькі ў Мінску, але і Маладзечне, а таксама ў самой Іллі, дзе здымала дакументальны фільм пра сваю сям’ю.
Вось што сама Ліза пісала пра гэта:
«Мая бабуля з’ехала з Беларусі ў 1921 годзе. Калі мне было каля сямі гадоў, я спытала яе, адкуль яна родам. Яна расказала, што нарадзілася ў Іллі Вілейскай губерні. Я адразу ж пацікавілася: чаму яна не з’ездзіць на радзіму і не наведае сваю сям’ю? Яна стала плакаць... Аказваецца, яе маці — Меру Мардуховіч, сясцёр, братоў і іх дзяцей расстралялі ў 1942 годзе. Каб высветліць, як менавіта яны памерлі, і аддаць даніну павагі сваім сваякам, я і накіравалася ў Беларусь. Ілля аказалася такой, якой я яе сабе ўяўляла па апісаннях бабулі: невялікай, але прыгожай вёсачкай».
Харысан Форд
Крыніца: en.wikipedia.org
З Мінска цягнецца радавод акцёра і прадзюсара Харысана Форда, які стаў сусветна знакамітым дзякуючы ролям Хана Сола ў кінафраншызе «Зорныя войны» і археолага-авантурыста Індыяны Джонса ў аднайменнай серыі фільмаў.
Яго бабуля Ганна Ліўшыц і дзядуля Гары Нідэльман у 1906–1907 гадах пераехалі з Мінска ў Нью-Ёрк, раён Бруклін, дзе і пабраліся шлюбам.
Есць цікавая гісторыя, што на пачатку двухтысячных акцёр, рыхтуючыся да здымак ваеннай драмы пра падводную лодку «К-19», прыязджаў у Расію і Беларусь, каб пагутарыць з падводнікамі, у тым ліку нашым суайчыннікам Іванам Кулаковым.
Менавіта тады акцёр, не афішуючы свой візіт, пабываў у Мінску. З сабой ён узяў здымак 100-гадовай даўніны, на якім яго бабуля Ганна была сфатаграфавана на вуліцы Захар’еўскай каля кандытарскай. Акцёр спрабаваў знайсці гэты дом, але, на жаль, ні вуліца, ні дом пасля вайны не захаваліся.
Дзмітрый Еляшкевіч
Крыніца: kimoitv.com
Добрую кар’еру сабе збудаваў мінчук Дзмітрый Еляшкевіч, працаваўшы з акцёрам і прадзюсарам Джонні Ноксвілам над франшызай рэаліці-шоу «Дзівакі». Яна пачыналася спачатку як серыял на тэлеканале MTV, дзе акцёры рабілі небяспечныя і вельмі смешныя трукі, а потым выйшла на вялікія экраны ў выглядзе камерцыйна паспяховых фільмаў: «Дзівакі», «Дурні», «Дзівакі 3D», «Невыносны дзед», "Дзівакі назаўжды«.Сам Зміцер выступаў там як акцёр і аператар серыяла і першых стужак.
З Беларусі кінематаграфіст Еляшкевіч з’ехаў яшчэ ў юнацтве. Яго сям’я апынулася ў раёне Бруклін горада Нью-Ёрк. Там Дзмітрый працаваў у часопісе «Вялікі брат», з якога трапіў на тэлебачанне, а потым у кінаіндустрыю.
Пра родны горад кінематаграфіст дагэтуль не забывае. Пару гадоў таму ён прыязджаў у Мінск, дзе на тусовачнай вуліцы Зыбіцкай выступіў з дыджэй-сэтам.
Даша Някрасава
Крыніца: graziamagazine.com
Таксама ў Мінску, у 1991 годзе, нарадзілася Даша Някрасава, маладая амерыканская медыйшчыца і кінематаграфістка.
Дзяўчына здымалася ў вялікіх серыялах «Містэр Робат» і «Спадкаемцы», стварыла падкаст Red Scare пра агляд культуры з фемінісцкіх пазіцый, а таксама спрабуе свае сілы ў рэжысуры. Два гады таму Дар’я зняла трылер «The Scary of Sixty-One» пра фінансіста і секс-злачынцу Джэфры Эпштэйна. Стужка ў 2020 годзе атрымала ўзнагароду за лепшы дэбютны паўнаметражны фільм на Берлінскім кінафестывалі.
Бацькі Дар’і таксама аказаліся людзьмі з творчага асяроддзя. У Беларусі яны працавалі прафесійнымі акрабатамі і ў сярэдзіне 90-х з’ехалі у ЗША — у горад казіно і забаў Лас-Вегас, штат Невада, дзе знайшлі сабе сталую працу.
Арсеній Хачатуран
Крыніца: kinopoisk.ru
Яшчэ пра аднаго маладога і таленавітага мінчука стала вядома гэтым летам, падчас правядзення Венецыянскага кінафестывалю. Там паказалі стужку «Цалкам і напоўніцу» італьянскага рэжысёра Лукі Гуаданіньа, дзе высветлілася цікавая дэталь — яе аператарам з’яўляецца беларус Арсеній Хачатуран.
Хлопцу цяпер 29 гадоў, і родам ён з Мінска. Яго бацькі ў 1990-я эмігравалі ў ЗША, і зараз Арсеній жыве і працуе ў Нью-Ёрку. Там ён засвоіў прафесію фільммэйкера і зняў дзясятак кароткаметражных стужак. Праца над «Цалкам і напоўніцу» — не першы знакавы фільм Хачатурана. Два гады таму ён здымаў франка-грузінскі фільм «Пачатак» рэжысёра Дэі Кулумбегашвілі, і праекту ўдалося ўвайсці ў афіцыйны адбор Канскага фестывалю, атрымаць чатыры прызы на Міжнародным кінафестывалі ў Сан-Себасцьяне і галоўны прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Трыесце. Дзякуючы гэтаму Арсенія заўважыла каманда Гуаданіньа, з якім ён і пачаў супрацоўнічаць.
Карціна «Цалкам і напоўніцу» — гэта гісторыя пра двух маладых канібалаў, якія вандруюць па Цэнтральнай Амерыцы. Праект патрапіў у асноўны конкурс Венецыянскага фестывалю і прэтэндаваў на галоўную ўзнагароду конкурсу, але так нічога і не атрымаў.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org