У рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org Лявон Вольскі піша пра свой акустычны тур па гарадах Еўропы і дзеліцца ўражаннямі ад людзей, выступаў, гарадоў і нават выбараў у Аўстрыі.
"Мы едзем". Малюнак Лявона Вольскага
Нібыта канец верасьня, але вельмі цёпла. +26. Мы едзем на Захад. Машына загружаная музычнымі прыладамі і мэрчам. Наперадзе — шмат кілямэтраў і дзён, але гэта не ўкладаецца ў галаве. Здаецца, мы выяжджаем на тыдзень, і ўвесь час паўсюль будзе такое сонечнае цёплае надвор’е.
Пару месяцаў таму жонка (яна ж мэнэджэрка) Яна прапанавала: «Чаму б нам ня зьезьдзіць у акустычны тур? Я магла б дамовіцца з арганізатарамі ў розных гарадах». «Добра, паехалі», — азваўся я. І вось неяк незаўважна для мяне высьветлілася, што ўсё дамоўлена, арганізавана, і назаўтра трэба выяжджаць.
І мы едзем.
Лявон Вольскі ў Вене
Вена
Мы мінаем Польшчу ды Чэхію і прыяжджаем у першы горад туру — Вену. І яна сустракае нас прахалодаю. Накропвае дробны дожджык, але гэта нават прыемна пасьля працяглага варшаўскага лета. Я мушу выступаць у кавярні, якой валодае колішні менчук, і тут вечарамі сьпяваюць караоке. Камусьці гэта не падабаецца — маўляў, што гэта за караоке-бар, дзе падпітыя асобы гарлаюць усякую нізкапробную папсу, у такое мейсца мы ня пойдзем. Але я пра гэта нічога ня ведаю, я хвалююся перад выступам і прымацоўваю свой мікрафон да мяйсцовай стойкі. Я заўсёды хвалююся перад выступам, але ў гэтым выпадку мне яшчэ выпала роля гукарэжысэра — трэба самому накруціць на пульце гук гітары і голасу. Урэшце я даю рады (гэта ня новы досьвед, такое здаралася й раней), і бар паступова запаўняецца людзьмі.
Арганізатар Міхась — мастак, архітэктар і мадэльер — не дае ніякіх прагнозаў наконт колькасьці наведнікаў канцэрту. Маўляў, колькі не праводзіў — увесь час было па-рознаму. Калісьці пятнаццаць чалавек, а калісьці і пяцьдзесят.
Я, як заўсёды, баюся, што будзе пятнаццаць, але народ ідзе ды йдзе, і неўзабаве ўжо не хапае крэслаў, і хтосьці слухае канцэрт, седзячы за барнай стойкай, а хтосьці — стоячы ў праходзе.
Акустычны канцэрт — гэта нагода паразмаўляць з публікай, пажартаваць, паадказваць на пытаньні, засьпяваць разам. Гэта цеплыня і жывыя зносіны.
Я пытаюся: якую песьню з майго шматсьпеўнага ды шматпраектнага рэпэртуару вы хацелі б пачуць? І нечакана хтосьці кажа: «Краіну Крывавых Дажджоў»!
Гэтую песьню я апошнім разам граў у 2009-м ды яшчэ й на раялі! І (нават сам зьдзівіўся) я выконваю гэты старажытны твор без ніводнае памылкі. Але нават каб памыліўся — нічога страшнага, на акустычным канцэрце гэта дазваляецца. Забыўся на словы — нехта з публікі падкажа. Пераблытаў гармонію — пасьмяяўся разам з гледачамі. У гэтым і галоўная асалода акустыкі — у нязмушаным дыялёгу бязь межаў ды бар’ераў.
Братыслава
А назаўтра мы едзем у Братыславу. Гэта зусім недалёка ад Вены — меней за сто кілямэтраў. У Братыславе я граў у далёкім 2006 годзе са сваім тагачасным гуртом. Нас тады запрасілі на Дзень Незалежнасьці, і мы выступалі пры помніку славацкім партызанам — тыповым узоры сацыялістычнага манумэнтальнага мастацтва. Горад з тых далёкіх часоў моцна зьмяніўся, але помнік застаўся на сваім мейсцы, і я настальгічна сфоткаўся на ягоным тле.
Братыслава, Дом культуры
Выключнасьць Братыславы ў тым, што тамтэйшыя маладыя беларусы сябруюць з украінцамі. Разам праводзяць акцыі, імпрэзы.
Канцэрт у Братыславе, 28.09.2024, клюб Pod Lampou
З гледачамі, канцэрт у Братыславе
Разам сьпяваюць, разам сьвяткуюць і адзначаюць памятныя даты. І на мой канцэрт у культавай кавярні «Пад лямпай» сабраліся і беларусы, і ўкраінцы. Трэба зазначыць, што нашыя браты-ўкраінцы — вельмі гарачая публіка, і ўвесь канцэрт прайшоў звышэмацыйна. Гэтым разам разынкаю было выкананьне дуэтам з арганізатаркай Вікай песьні «Болек і Лёлек» пра двух польскіх шпіёнаў з «Народнага Альбому».
Дуэт на канцэрце ў Братыславе, песьня “Болек і Лёлек”
Украінскія гледачы з Харкава і Данецка, Братыслава
Як я ўжо казаў, Братыслава зьмянілася. Цяпер тут шмат кавярняў, рэстарацыяў, бараў і буцікоў усялякіх гатункаў. Чыста, стары горад амаль увесь адрэстаўраваны. Па вуліцах гойсаюць натоўпы іншаземных турыстаў, гучаць розныя мовы... Быццам бы ўсё добра. Але на афішных тумбах — заклікі далучацца да культурнага страйку, які рэгулярна, штотыдзень, праходзіць у цэнтры гораду. І, як нам сказалі арганізатары канцэрту, людзі зьбіраюцца. І пратэстуюць. І паліцыя нікога не разганяе, а, наадварот, ахоўвае акцыю.
Плякат “Культурны страйк” у Братыславе
І я прыгадваю Менск 1990-х, калі ў цэнтры людзі арганізоўвалі пратэсныя пікеты, і тады таксама нікога не разганялі, не пакавалі ў аўтазак і не засуджвалі потым на гады. Але празь дзесяцігоддзі ўсё карэнным чынам зьмянілася. Спадзяюся, Славаччына ня будзе пераймаць гэты перадавы беларускі досьвед. Вельмі спадзяюся.
Ізноў Вена
А мы вяртаемся ў Вену. Каб паглядзець з гары на горад. Акурат там, на агляднай гары, у гэты час адбывалася касьцюмаванае шоў — граў польскі духавы аркестар, езьдзілі на сваіх конях ваяўнічыя крылатыя ўланы.
Выгляд на Вену з вышыні
Удзельнік касьцюмаванага шоў у Вене
Некалі, у 1683 годзе аб’яднаныя польска-літоўскія войскі, якія ўзначальваў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Сабескі, уратавалі Вену, дый, бадай, і ўсю Эўропу ад асманаў. Так мы і атрымлівалі асалоду ад панарамы гораду — пад гукі польскіх гімнаў і маршаў і пошчак капытоў.
А потым спусьціліся ў горад і ахунуліся ў неўміручую авангардную архітэктуру Хундэртвасэра і клясычную, велічную, імпэрскую — гарадзкога цэнтру. І на тле ўсяго гэтага хараства прыйшла навіна, што — цэнтрвыбаркам падлічыў! — выбары ў парлямэнт выйграла аўстрыйская правапапулісцкая партыя. Лідар якой абяцаў «разабрацца зь мігрантамі» і аднавіць сяброўства з Расеяй, каб зноў былі танныя газ і нафта, і тады зажывем! Лідары партыі зіхцелі радаснымі ўсьмешкамі ў аб’ектывы камэраў, а мы выехалі ў наступны горад туру — Мюнхэн.
(Працяг будзе).
Лявон Вольскі, Budzma.org
Фотаздымкі з асабістага архіву Лявона Вольскага