«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповяд пойдзе пра навукоўца Барыса Галёркіна.
Барыс Рыгоравіч Галёркін (4 сакавіка 1871 г. — 17 ліпеня 1945 г.)
Б.Галёркін — вучоны ў галіне тэорыі пругкасці. Акадэмік АН СССР (1935 г., з 1928 г. — член-карэспандэнт), член Акадэміі архітэктуры СССР, інжынер-генерал-лейтэнат (1942). Прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта і прафесар Інстытута шляхоў зносін (Пецярбург). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1942).
Барыс Галёркін нарадзіўся ў вёсцы Прудок Лепельскага павета (цяпер Лепельскі раён Віцебскай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у двухгадовым вучылішчы ў Полацку, з дванацацці гадоў пачаў працаваць. Самастойна прайшоў курс гімназіі і ў 1893 годзе здаў экстэрнам экзамен па курсе рэальнага вучылішча ў Мінску. У 1899 годзе паспяхова скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут і працаваў да 1903 года ў Харкаве на Паравозабудаўнічым механічным заводзе. Браў удзел у рэвалюцыйным руху Расіі, за што ў 1906 годзе быў асуджаны на паўтара года турэмнага зняволення. З 1909 года выкладаў у Пецярбургскім політэхнічным інстытуце, з 1920 года — прафесар Петраградскага ўніверсітэта, прафесар Інстытута шляхоў зносін. У 1939–1945 гадах — дырэктар Інстытута механікі АН СССР.
Навуковыя даследаванні Б.Галёркін праводзіў у галіне будаўнічай механікі, вылічальнай матэматыкі, тэорыі пругкасці матэрыялаў. У 1913–1915 гадах распрацаваў праект металічнага будынка-кацельні электрычнай станцыі ў Пецярбургу. Гэты будынак быў першым у Расіі буйным металічным прамысловым аб’ектам з вялікімі нагрузкамі і адным з лепшых інжынерных збудаванняў у Еўропе таго часу.
Распрацаваў эфектыўныя метады дакладнага і набліжанага інтэгравання ўраўненняў тэорыі пругкасці. Прапанаваў метад пошуку прыбліжанага рашэння аператарных ураўненняў у выглядзе канчатковай лінейнай камбінацыі элементаў зададзенай лінейнай незалежнай сістэмы. Гэты метад атрымаў шырокае распаўсюджванне ў задачах тэорыі пругкасці, у варыяцыйным вылічэнні, матэматычнай фізіцы і тэхніцы пры рашэнні краявых задач. Адзін са стваральнікаў тэорыі згібу пласцінак. Даследаваў уплыў формы пласцінак на размеркаванне дзеючых на яе сіл (ціску), вывучаў эфект размеркавання лакальнага ціску, уплыў пругкасці апорнага контуру, паклаў пачатак даследаванням тэрмічных напружанняў.
Прапанаваў (1930) выгляд рашэння ўраўнення пругкай раўнавагі, якое ўтрымлівае тры бігарманічныя функцыі, што дазволіла рашыць многія важныя прасторавыя задачы тэорыі пругкасці. Распрацаваў матэматычную тэорыю цыліндрычных абалонак і прапанаваў прыбліжанае рашэнне для такіх абалонак пры адвольнай нагрузцы і любых апорах, што дазволіла разлічыць трубаправоды пад адвольнай нагрузкай.
Б.Галёркін — аўтар больш як 80 грунтоўных навуковых прац, якія пасля смерці вучонага былі выдадзены ў кнізе «Збор твораў» (1952). Яго працы садзейнічалі дастасаванню сучасных метадаў матэматычнага аналізу ў даследаванні работы збудаванняў, канструкцый і машын.
За распрацоўку матэматычнай тэорыі цыліндрычных абалонак яму была прысуджана Сталінская прэмія. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна. З’ўляецца аўтарам шэрагу інжынерных праектаў. Быў кансультантам пры праектаванні і будаўніцтве такіх буйных электрастанцый, як Днепрагэс, Волхаўгэс, Дзорагэс, цеплаэлектрастанцый «Чырвоны Кастрычнік», «Дуброўская» і іншых. У час Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў уваходзіў у кола буйнейшых вучоных Ленінграда, якія арганізоўвалі абарону горада і краіны.
Памёр ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу).