Ці варта гаварыць пра «жаночую літаратуру» як асобную плынь у беларускім літаратурным працэсе? Гэтае пытанне абмяркоўвалася падчас дыскусіі пра беларускую жаночую літаратуру на Hučna Fest, які адбыўся ў Варшаве 29 чэрвеня. Мы занатавалі, што думае на гэты конт лаўрэатка сёлетняй прэміі імя Ежы Гедройця Ганна Кандрацюк.
Ганна Кандрацюк
«Гэта ўсё дзеля падтрымкі»
Калі ва ўсім цывілізаваным свеце ёсць жаночая літаратура, то ў нас таксама павінна быць. Зараз усе пісьменнікі пішуць пад інтэлект, пад душу жанчыны. Чытацкі рынак — гэта ў асноўным жанчыны. Гэта звязана з тым, што жанчыны ў наш час лепш адукаваныя, дзейнічаюць у інстытуцыях, якія папулярызуюць літаратуру. Жаночыя суполкі і гэты трэнд, жаночая літаратура, найбольш патрэбныя тады, калі пачатковец хоча выдаць кніжку. Падтрымка — бясцэнная. Жанчыны павінны трымацца разам.
Я ў сваёй творчасці заглыбляюся ў этнічную культуру. Там відаць заўсёды жаночы свет і мужчынскі свет. Жаночы свет — гэта падтрымка, узаемная дапамога. Мы ведаем, якім цяжкім было жыццё ў мінулым. І жанчыны — яны аб’ядноўваліся, яны шукалі дапамогі адна ў адной. Нельга гэта губляць. Сёння гэта набыло іншую форму. Мы гаворым пра фемінізм, пра жаночыя суполкі, пра жаночы напрамак у мастацтве. Гэта ўсё дзеля падтрымкі.
Дыскусія пра жаночую літаратуру на Hučna Fest у Варшаве 29 чэрвеня 2024 г.
«Трэба ствараць ахоўную культуру»
Падтрымка патрэбная, каб жанчына заставалася творчай цягам усяго жыцця, не страціла таленту. Я бачу, што гэта вельмі часта здараецца. Спачатку выбух, слава, а пасля гэта ўсё можа знікнуць. Вельмі істотна сустракацца, гаварыць, падтрымліваць адна адну, каб не страціць таленту.
Шмат жанчын вельмі добра пачынала, але раптам перастала пісаць. Трэба ствараць ахоўную культуру, культуру быцця, каб гэты талент не згас.
Мы маем даволі моцны патрыярхат. Я паходжу з такога свету, дзе мужчыны пры сустрэчы не падаюць жанчынам рукі, вітаюцца толькі між сабой. Жанчыны павінны сваім талентам, сілай даказваць, што маюць свой голас, сваё ўяўленне пра добрае і злое.
Ад нас, жанчын, таксама залежыць выхаванне людзей. Тое, як пасля людзі сябе паводзяць у жыцці — гэта роля ў першую чаргу маці, жаночага свету. Прынамсі так у нас, у этнічнай культуры беларусаў Падляшша.
Чытаць таксама: Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы, запісаныя падляскай беларускай
Пішучы сваю кнігу «У прысценку старога лесу», я знайшла асяродак сапраўднай жаноцкасці і фемінізму ў Беларусі, у Белавежскай пушчы. Месца называвецца Грушка. Ёсць павер’е, што калі хтосьці не можа знайсці сабе пары ці ажаніцца, то мусіць ехаць да грушкі, злажыць паклон святому дрэву, памаліцца. Ці калі хтосьці не можа нарадзіць дзіцяці, то вядома — да грушкі.
Урочышча Грушка ў Камянецкім раёне. Святое дрэва і аброчныя крыжы пад ім. 2018 г.
«Важная справа ў гэтым працэсе — ахвяра, уласная дарога»
Сёння людзі практыкуюць, што звоняць па інтэрнэце, а ўсё ж такі вельмі важная справа ў гэтым працэсе — ахвяра, уласная дарога. Мусіць чалавек сам да гэтага дайсці. Я паказваю, як жанчыны стварылі гэтае месца. Жанчыны яго збудавалі. Дзяўчынка, якая падчас буры засталася ў самоце сярод разбеглага статку, спалохалася, што не вернецца ў вёску, бо там людзі яе заб’юць. Яна была сіратой. Вось пад грушкай паказалася ёй Божая Маці. Гэтая дзяўчынка, Параска Паўлючук, была ў дадатак сляпая. Пасля гэтай сустрэчы яна вярнулася ў вёску са статкам і да яе вярнуўся зрок.
Царква ва ўрочышчы Грушка ў Камянецкім раёне. 2018 г.
Параска вывучылася і паехала ў Амерыку. Там яна працавала і дасылала людзям грошы на пабудову царкоўкі (на месцы з’яўлення Божай Маці — рэд. Budzma.org ). Але не толькі. У 1915 г. было бежанства, што людзі былі вымушаны выехаць у глыб Расіі. І калі яны вярталіся праз пяць-восем гадоў на сваю радзіму, то там вёскі былі зарослыя. Старажылы гаварылі, што яны вярнуліся на голы камень. І гэтая Параска, якая была ў Амерыцы, яна дасылала дары для сваіх людзей.
Аброчныя крыжы ва ўрочышчы Грушка ў Камянецкім раёне. 2018 г.
Культ грушкі і пратэст супраць знішчэння
Культ ужо да Айчыннай вайны набыў такую вядомасць, што нават у нас на Падляшшы ўсе ведалі, бо іх матулі насілі (ахвяры — рэд. Budzma.org) пад грушку, бо, вядома, здароўе заўсёды трэба. У 1960-я — 1970-я гг. камуністы хацелі знішчыць гэта месца. Яны зрэзалі грушу, разбурылі капліцу. Але супраць таго выйшлі калгасніцы, жанчыны. Яны падалі пад бульдозеры, засланялі ўласным целам гэта месца, плакалі. А пасля тыя людзі, якія прымалі ўдзел у разбурэнні, былі выключаныя з грамадства. Пра іх ужо не гаварылі як пра нармальных людзей. Хаця, як памятаем, быў такі час, ваяўнічага камунізму.
Стужкі-ахвяры на галінках святой грушкі ў Камянецкім раёне. 2018 г.
Месца для жанчын
Дрэва тры разы адрасло, і сёння туды прыязджаюць не толькі жанчыны з наваколля, але нават і з Віцебшчыны, з Гомельшчыны. Хто едзе ў Белавежскую пушчу, заязджае і пад грушку. І там людзі паводзяць сябе асабліва: ідуць на святы плац, стаіць царкоўка, дзверы адчыненыя, а яны ідуць — і найперш цалуюць дрэва. Вешаюць там стужкі, ручнікі, кідаюць ахвяры. Гэта месца — для жанчын, жаночыя справы, звязаныя з выхаваннем дзяцей, з пладавітасцю. Я некалькі разоў бачыла, як мужчыны падвозілі жонак пад грушку. Жонка ішла з дачкой, з кветкамі, вельмі ўсхваляваныя. А мужчына сядзеў сабе ў машыне са смартфонам і чакаў, пакуль яны адбудуць гэты рытуал.
Аброчныя крыжы ва ўрочышчы Грушка ў Камянецкім раёне. 2018 г.
Я не ездзіла ў грушку, каб знайсці сабе пару, але, думаю, што грушка дапамагла мне напісаць гэтую кніжку («У прысценку старога лесу» — рэд. Budzma.org), якая патрэбная нашым людзям. Гэта праяўляецца ў тым, што калі я прыязджаю на нейкую сустрэчу ў Пушчу, мне там робяць прэзентацыі, якія нагадваюць вяселле: са спевамі, віном і танцамі. Так што быць літаратаркай-жанчынай, адкрываць такія месцы — гэта файны досвед і шчасце.
Галінкі святой грушкі ў Камянецкім раёне. 2018 г.
Цалкам дыскусію пра беларускую жаночую літаратуру можна паглядзець тут.
Фота аўтаркі
Алена Ляшкевіч, budzma.org