Тэатр вулічнага мастацтва «Вір» існуе з 2015 года. Паспелі шмат паездзіць і па краіне, і за мяжой, але пасля жніўня 2020-га, як распавядае ў інтэрв’ю Budzma.org рэжысёрка тэатра Ганна Карчэўская, «мы абвесцілі культпратэст — адмовіліся выступаць на ўсіх мерапрыемствах, звязаных хоць якім чынам з дзяржавай».
Ганна Карчэўская
Апошнім часам актораў з тэатра «Вір» можна заўважыць на розных вулічных імпрэзах у Вільні і не толькі. Ладзяць і спектаклі, і вогненныя прадстаўленні. Што стала апошнім штуршком для пераезду за мяжу, якім чынам атрымалася адрадзіць тэатр у Літве, а таксама пра падрыхтоўку да прэм’еры ў Вільні, распавяла Ганна Карчэўская.
— Выступалі на дваравых канцэртах і ўсё. То-бок гісторыя нашых афіцыйных выступаў у Беларусі скончылася летам 2020 года, хаця мы заставаліся ў краіне яшчэ амаль два гады, — гаворыць Ганна. — «Вір» заўсёды быў хобі-тэатрам. Першы час існавалі пры Цэнтры дадатковай адукацыі «Кантакт», дзе я працавала педагогам. Сабраліся дарослыя людзі, якія мелі пэўны досвед у нейкіх іншых тэатральных праектах. Пагаварылі, зразумелі, што хочам рабіць такі праект — сярэднявечны вулічны тэатр, вандроўны. Знайшлі месца ў гэтым цэнтры дадатковай адукацыі. А потым здарыўся канцэрт ля Опернага тэатра на 100 год БНР, у якім удзельнічалі і мы. Мая кіраўніца Алена Ліпень заявіла, што нам нельга там выступаць. Быў вельмі вялікі скандал, так, нават у тыя амаль «ліберальныя» часы.
Выступленне вулічнага тэатра «Вір» на святочным канцэрце «БНР-100» у Мінску. Фота: tass.ru
Я спрабавала тлумачыць, што гэта выходны дзень, не мой працоўны дзень, што акторы «Віру» — людзі дарослыя і могуць выступаць, дзе захочуць, што гэта — афіцыйна дазволены канцэрт у гонар стагоддзя БНР. Але мне кажуць: вы там выступаеце — ты звальняешся з ЦДА. Я яшчэ крыху там паспрабавала пазмагацца, дазмагалася да таго, што яны не знайшлі афіцыйнай прычыны, па якой мяне можна звольніць. Але месяц пасля гэтага быў такі напружаны, што я вырашыла лепш звольніцца — быў вельмі вялікі ціск, асабліва з боку дырэктаркі, якая потым яшчэ праславілася і падчас выбараў 2020 года.
— То-бок тэатр аказаўся на вуліцы?
— Ведаеце, тады мы зразумелі, што гэта нават добра — такі пінок, пасля якога ты ўжо не залежыш ад нейкіх афіцыйных устаноў. Мы проста знайшлі памяшканне на заводзе «Гарызонт». Арандавалі там залю, побач нейкія фотастудыі, музычныя, танцавальныя, капаэйра, «Пясочніца». Там была вельмі файная атмасфера, вялікая канцэнтрацыя творчых людзей. Шкада, што зараз гэтага там ужо няма, думаю.
І мы зразумелі, што вось ён — добры бок любой падзеі. Мы зразумелі, што можам самі ўсё рабіць і не залежыць ад нейкіх чыноўнікаў. І атрымалася файна.
— Хобі-тэатр не прадугледжвае прыбытку?
— Крышачку зарабляць атрымлівалася. Так, гэта было заўсёды хобі, але, напрыклад, нас звалі выступаць на дзіцячую чыгунку ў Мінску, у іх там узімку два тыдні на паляне калядна-навагоднія імпрэзы для дзяцей — і мы там нейкія грошыкі атрымлівалі. Ці ехалі ў Ашмяны на свята Гукання вясны, нам аплочвалі дарогу і прапаноўвалі маленькі ганарарчык, карацей, ездзілі па лакальных фэстах. Вельмі любілі выступаць у Браславе на «Мячы Брачыслава», але апошні раз, калі яшчэ былі ў Беларусі, ужо адмовіліся ад удзелу. Так, было сумна, але мы пастанавілі сабе пасля 2020-га не ўдзельнічаць у мерапрыемствах, звязаных з дзяржавай, а там ужо з фэстам Віцебскі аблвыканкам стаў працаваць. Спадзяюся, наша рашэнне зразумелі арганізатары фэсту ў Браславе, бо іх асабіста мы вельмі любім.
Але жыць з хобі-тэатра, канечне, немагчыма. У кожнага з нас была свая праца. Хаця тады мы і ў Германіі выступалі, у Фінляндыі, у эстонскі Пярну штогод ездзілі на Ганзейскія дні. Зараз, праўда, трохгадовы бан беларусаў там.
— Што за бан?
— Тры гады Эстонія не працуе з беларусамі ў культурнай сферы — ад пачатку вайны ва Украіне. Нам нават арганізатар напісаў: я вас вельмі люблю, мы заўсёды вас чакалі, нам вас вельмі не хапае, але... Карацей, яны не маюць права працаваць пакуль з беларусамі. Праўда, вось нядаўна напісаў ізноў нам, што спадзяецца наступным годам пабачыць «Вір» на Ганзейскіх днях. Шмат дзе былі, шмат дзе выступалі. І ў Мінску пачыналі мы з Форуму вулічных тэатраў — вельмі файныя людзі яго рабілі, у наступных іх праектах таксама выступалі пастаянна. Зараз усе гэтыя файныя ініцыятывы ды праекты накрыліся, на жаль. Вось зараз глядзіш навіны, а я падпісаная на ўсе навіны беларускія — бо сачу, што там з культурай, сумую па Беларусі, чытаеш-чытаеш усё гэта, спрабуеш у сябе ўвабраць — і разумееш, што там так мала ўсяго засталося. Прынамсі, публічнага.
А вось здавалася ж... Калі сярод гэтага культурніцкага асяроддзя ўвесь час: вось яно, нешта змяняецца, нейкая сучаснасць, стаўленне іншае пачалося, што мы можам і гэта, і гэта, і гэта. Ну вось нават калі мы сталі незалежным тэатрам, то гэта не азначала — нелегальным, усё роўна нас з задавальненнем запрашалі ў тым ліку і на імпрэзы, арганізаваныя дзяржаўнымі культурніцкімі ўстановамі. Самі нас знаходзілі, самі рады былі, што на беларускай мове свае імпрэзы мы ладзім. А што зараз — куды гэта знікла і на колькі знікла?
І такое пакаленне з’явілася, крэатыўнае, свабоднае, цікавае і цікаўнае.
Мала таго, што з’ехала вельмі шмат іх, але ж нехта ж і застаўся. А час зараз вельмі хутка нясецца. І ўсё, што магло выліцца для Беларусі з гэтага творчага, крэатыўнага, можа і згубіцца недзе і неяк.
— Што стала апошнім штуршком да ад’езду?
— Ад 2020-га мы не выступалі, але ўсё роўна хадзілі два разы на тыдзень на рэпетыцыі, рабілі відэа, фота, рыхтавалі новую праграму, бо было спадзяванне на добрае, надзея была, і мы стараліся сваю справу не закідваць. Потым частка людзей кажа, што збіраюцца ў Польшчу, частка — у іншыя краіны. Мы з мужам хацелі заставацца ў Беларусі, але пачатак вайны зусім пагоршыў усё. Я згубіла чарговую працу з-за сваёй нязгоды з тым, што адбываецца, мужу ягоная фірма прапанавала рэлакейт. Мы пагаварылі з усімі нашымі і зразумелі, што ўсе таксама збіраюцца кудысьці з’язджаць, бо небяспечна. І якраз адна крыніца паведаміла нам, што ў дачыненні да тэатра збіраюцца «правесці праверку», ну мы ж ужо ўсе разумеем, чым сканчаюцца такія «праверкі». Таму зараз лакацыя актораў — Уроцлаў, Катавіцы, Вільня, адна акторка ў Францыі.
Але праз некаторы час мы вырашылі, што дарослыя людзі — нават у розных краінах — могуць нешта прыдумаць у такой сітуацыі. Пачалі з рэпетыцый анлайн, працягвалі трэніравацца, а ў жніўні 2022 года мы паехалі ў Фінляндыю. Нам прапанавалі зрабіць фаер-шоу на тэму дэмакратыі. Так, разумею, што гучыць дзіўна. Для нас гэта быў выклік, канечне (смяецца). Але арганізатарам спадабалася тое, што мы, падумаўшы, прапанавалі — і мы добра выступілі ў Турку. І так зразумелі, што — хоць мы раскіданыя па розных краінах — мы можам ізноў нешта разам рабіць.
І прапанавалі Беларускаму музею ў Вільні свой выступ на Каляды ў агульную праграму. Музей дапамог прыезду нашых калег з Уроцлава і Катавіцаў на выступ — усё атрымалася!
— Былі добрыя водгукі на ваш выступ на літоўскім фэсце ў Кярнаве.
— О так, нас вельмі прынялі крута ў Кярнаве летась, і сам фэст быў юбілейны — з пашыранай праграмай на чатыры дні. Нам спачатку падказалі, што тут ёсць вялікі фэст у гэтым старажытным мястэчку (Кярнаве ці Кернаў — старажытны горад, зараз тут месціцца гістарычна-археалагічны комплекс, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У Кернаве, мяркуецца, размяшчалася рэзідэнцыя вялікага князя літоўскага Трайдзеня і першапачаткова вялікага князя Гедзіміна — Budzma.org). І што да гэтага фэсту «Вір» вельмі падыходзіць са сваім народным сярэднявечным фарматам. Арганізатары таксама намі зацікавіліся. Прымалі вельмі файна, у нас нават з’явіліся прыхільнікі, якія цягам чатырохдзённага фэсту штодзень прыходзілі менавіта на нас. Карацей, мы спадабаліся арганізатарам, нам спадабаўся фестываль, сёлета будзем там ізноў.
Да таго ж, падчас фэсту ў Кярнаве мы перазнаёміліся з усімі літоўскімі рыцарскімі клубамі, у выніку нас яшчэ на кастрычнік запрасілі на фестываль на Бастэі віленскай абарончай сцяны.
— Стасункі з літоўскімі рыцарскімі клубамі і іншымі суполкамі аматараў гісторыі не пацярпелі падчас кампаніі барацьбы з літвінізмам?
— У нас не было ніякіх непаразуменняў, ніводнага разу. Таксама чытаю гэта ўсё, і вельмі сумна чуць пра гэтыя дзіўныя штукі. У беларусаў заўжды былі добрасуседскія, сяброўскія стасункі з літоўцамі. Мне ўвогуле здаецца, што гэта нейкая надуманая, раздзьмутая, прыцягнутая штучна тэма. Наадварот, мы часта чуем падзякі ад літоўскай публікі на ўсё, што мы робім, расказваем і паказваем.
Дзе ваююць з літвіністамі? У чатах ды ў навінавых стужках. Ну а вось мы з вамі зараз размаўляем падчас рэпетыцыі беларускага тэатра ў панадворку жылых дамоў — усе чуюць, што мы гаворым па-беларуску, але ні разу да нас тут не падышлі і не прапанавалі ехаць дадому і там сваю беларускасць паказваць.
На вуліцах горада спрабуеш гаварыць па-літоўску — і літоўцы дапамагаюць, а потым цікавяцца, адкуль ты, і вельмі адразу прыязна, калі чуюць, што з Беларусі. І нас падтрымліваюць. А вось у гэтых чатах існуе нейкая іншая Вільня — і дзякуй Богу, што я ў яе не трапляю.
Ганна Карчэўская
— Вы ж вядзеце яшчэ тэатральны гурток?
— Дзесьці пад мінулую восень у мяне сталі пытацца: ты ж педагог, можа, і тут будзеш весці гурток? Спачатку адмаўлялася, бо яшчэ быў — як у шмат каго — дэпрэсіўны настрой пасля вымушанага ад’езду, але знаёмыя, якіх тут ужо вельмі шмат, казалі: давай, атрымаецца. Ну і я прапанавала Беларускаму музею. Вырашылі паспрабаваць. Спачатку ўключылі ў склад Беларускай школкі пры музеі, але потым гурток стаў як асобная адзінка — пачалі прыходзіць людзі, і не толькі дзеткі, а і дарослыя. Пачалі працу ў кастрычніку 2023-га, так, гэта цяжкавата, гэта з нуля, гэта не тыя падрыхтаваныя ўжо артысты, з якімі працавалі ў Беларусі, але — з кастрычніка да красавіка — яны ўжо столькі ўсяго засвоілі, былі два выступы — на Каляды і на Суседскім фэсце.
І людзі мне кажуць, што іх нашыя заняткі таксама выцягваюць з гэтай эмігранцкай ямы, бо на нешта такое пераключаешся, акрамя выжывання, бо знайшлося месца, дзе можна адпачыць, перазагрузіцца. І я таксама адчула нейкі ўздым.
Хаця гэта не мая асноўная праца, увогуле я ў Вільні працую ў дзіцячым садочку.
Таксама кожны чацвер перад рэпетыцыяй тэатра (19.00 — 20.00) у Беларускім доме я вяду народныя танцы (беларускія, літоўскія, латышскія, эстонскія) для ўсіх жадаючых.
Бачыце, працуем, развіваемся, рыхтуемся да сезону, у тым ліку і да таго фэсту ў Кернаве. Нашыя, што ў Польшчы, таксама, спадзяюся, будуць тут, збяромся ўсім вялікім складам.
— Якім вялікім?
— Зараз у нас тут дзесяць чалавек, яшчэ двое прыедуць з Польшчы. У Беларусі нас было ад шасці да васьмі чалавек, пэўны час — дванаццаць. І вось зараз ізноў — дванаццаць. Людзі зараз вельмі розныя ў нас — ёсць студэнтка, ёсць некалькі айцішнікаў, педагог, дзеці. І неяк усе разам займаюцца, і ім цікава — і гэта класна.
— Апошнім часам шмат хто задаецца пытаннем пра існаванне беларускай культуры па-за Беларуссю. Ці магчыма нейкі час ці ўвогуле немагчыма гаварыць пра паўнавартаснае існаванне беларускага культурніцкага асяроддзя ў выгнанні. Што думаеце на гэты конт?
— А я не ведаю. У мяне не было асабістага досведу доўгай адсутнасці па-за краінай. Асабіста мае мары — я хачу вярнуцца дадому. Вельмі хачу. Я не ведаю, колькі год я буду жыць у Вільні ці ў іншым горадзе іншай краіны. Частка людзей з нашага тэатра таксама хочуць вярнуцца. Канечне, пакуль я адчуваю ўсё часовым — я часова жыву ў Вільні, я часова тут працую з людзьмі ў гуртку, у тэатры, часова працую тут у садочку. Мара — вярнуцца, але як атрымаецца, больш дакладна пра гэта гаварыць цяжка.
Што да нас, то ў «Віры» заўсёды была такая канцэпцыя, што мы прапануем гледачу беларускую культуру. І ўсё, што мы робім, гэта звязана з беларускай культурай. Нашы ўсе спектаклі звязаныя нейкім чынам з Беларуссю — паданні, легенды.
Спектаклі аўтарскія, але мы іх прыдумляем на аснове таго, што пайшло з Беларусі. З падачы аднаго з гледачоў мы свае спектаклі яшчэ называем філасофскімі казкамі. Напэўна, сапраўды гэта назва падыходзіць.
Спектаклі да 30 хвілін. Ну і яшчэ часам выступленні ў фармаце вандроўных скамарохаў, якія проста паказваюць свае ўменні публіцы на святах. То-бок робім і складаныя пастаноўкі, і чыста забаўляльныя выступы. Зараз рыхтуем прэм’еру інтэрактыўнага спектакля «Юр’я і Цмок».
— Калі прэм’ера?
— Вельмі спадзяемся, што будзе ў Вільні ў траўні на «Ноч музеяў». Сюжэт старадаўні, пра Юр’ю, пра Цмока, пра супрацьстаянне. Па старажытнай песні, па паданні. Але і сучасны таксама. Як у песні той: «Жыў люты цмок, штодня збіраў з людзей аброк». Шчыра кажучы, мы рабілі ўжо гэты спектакль у Беларусі ў 2017-м. Там было тады нашмат больш магчымасцяў зрабіць рэквізіт, пашыць строі і г. д., бо тут у нас магчымасці абмежаваныя. Гэта і людзі з нуля — нашмат больш часу ідзе на падрыхтоўку, ды і інструменты, каб зрабіць рэквізіт, засталіся ў Беларусі, цяжка знайсці майстэрні. Але вось нядаўна знайшлі каворкінг-майстэрню. А тады ў Мінску мы нават запісалі прафесійна гэты спектакль у студыі.
Плануем сёлета паказаць гэты спектакль у той жа Кярнаве — 5-7 ліпеня.
— Набор навучэнцаў да сябе працягваеце?
— Зараз будзе цяжка навічкам уліцца, а з верасня, хутчэй за ўсё, будзем запрашаць жадаючых на заняткі. Тэатр жа ў нас не зусім просценькі, бо мы займаемся не толькі акторскім майстэрствам, сцэнічнымі нейкімі рухамі — мы ходзім на хадулях, мы робім акрабатыку, жангляванне, да фаер-шоу ў Вільні на занятках яшчэ не дайшлі, але можа ўлетку пачнем.
З верасня можна пісаць нам тут.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Чытайце яшчэ: «Каб яны пачулі нашыя галасы». Як у Варшаве працуе беларуская тэатральная студыя «Купалінка»