Ганна Севярынец: Дажыць да нармальнага жыцця

Вядомая настаўніца і пісьменніца Ганна Севярынец размясціла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кранальны допіс пра ўмовы жыцця ў сучаснай Беларусі.


272809093_4946690392060593_8564686202049328838_n.jpg

Тут унутры, канешне, вельмі цяжка. І не таму, што кожную раніцу прачынаешся да свету і не засынаеш болей, бо не хочацца, каб цябе выцягвалі з пасцелі, калі раптам прыйдуць. Да гэтага насамрэч прызвычайваешся і дасынаеш днём, тым больш што на працу-та хадзіць не трэба, можна і паспаць, тое на тое і выйшла.

Цяжка ад нейкага татальнага абясцэньвання нармальнай чалавечай стваральнай энергіі. Усё заменена эрзацамі. Усё навокал нейкае пластыкавае: музеі, адукацыя, гісторыя, каштоўнасці. Прычым адчуваецца, што ўсё навокал, чым заменена культура — часовае, зробленае на каленцы, хутка, не на гады, а вось на сёння. Але зроблена масава.

Мне тут днямі спатрэбілася знайсці якую-небудзь карцінку на тэму «Беларусь». А там ўжо нешта парабілася з выдачай вынікаў — калі не ўключаць ВПН, выдаецца суцэльны жах. Перасталі таксама выдавацца спасылкі на фоты з заблакаваных сайтаў, дык ілюстратыўнага матэрыялу нармальнага зараз у сеціве знутры так проста не знойдзеш.

Цяпер асабліва разумееш, колькі ўсяго рабілася тут людзьмі, якія цяпер закатаныя пад асфальт. І раней было зразумела, а цяпер і зусім навідавоку.

І калі ты жывеш проста нармальным жыццём — працягваеш чытаць, што хочаш, думаць, як хочаш, рабіць, як хочаш — памножанае на «як можаш» — то ўжо і сам памылкова ўспрымаеш гэта як нейкі подзвіг. Як пазіцыю.

А гэта проста нармальнае чалавечае жыццё.

У тэлеграм-канале адной экалагічнай ініцыятывы паглядзела ролік пра дом, які забяспечвае сябе вадой і энергіяй, перапрацоўваючы дождж і сонца. Так там усё прыгожа прадумана, фільтры, рэзервуары, трубачкі і трубы, усё такое разумна зробленае. Проста людзі, проста жывуць і проста ствараюць.

Так хочацца проста дажыць не да феерверкаў і нават ужо не да шампанскага — проста да нармальнага жыцця.