«Гэты цяжкі час, безумоўна, міне, проста таму, што ўсё мінае. Перажываць яго няпроста: нас гэтаму не вучылі. Нейкія рэцэпты выпрацоўваюцца сам насам, для кожнага — свой, але ёсць і агульныя», — піша ў сваім фэйсбуку Ганна Севярынец.
Ганна Севярынец, facebook
Маленькія крокі ў паўсядзённасці, якія дапамагаюць трымацць жыццё ў пэўных межах. Сямейныя рытуалы, сямейныя і сяброўскія святы, нейкая спакойная завядзёнка, якая была раней і будзе далей.
Салідарнасць і дапамога. Нягучная, спакойная, не гістэрычная, праз сілу, а такая, якая ў радасць: падарунак, кветкі, добрае слоўца, грошы, ліст. Усё такое цяпер каштуе вельмі дорага.
Назапашванне ўражанняў і думак. Усё, што мы атрымаем ад гэтага часу, пойдзе з намі далей і стане альбо грунтам, альбо багнай, у залежнасці ад інтэрпрэтацыі і выкарыстання. Цяпер вельмі важна сфармуляваць для сябе простыя, але пэўныя крытэры дабра і зла: усё відавочна, амаль без адценняў, і гэта той скарб, які мы, дзеці эпохі пастмадэрну, у якім нібыта не было добрага і злога, а былі адныя толькі варыянты, панясем у новы час — час, дзе закон і мараль адновяць сваё значэнне не на словах, а на справах. Беларусь. Яе гісторыя і культура, мастацтва і навука, лёсы людзей і заканамернасці развіцця. Гэтым будзем мацавацца і з гэтым рушыць наперад, без гэтага загінем.
Любоў. Няма нічога важнейшага за яе. Гэта тое, што мы абавязаны даць дзецям, родным, блізкім ад першай да апошняй хвіліны.
Як паміраў тата, мы не маглі быць побач і не маглі нават размаўляць з ім. Сястрычка і мама бегалі штодзень у бальніцу і перадавалі яму хатнія смачнюшкі, хаця ён і не еў асабліва. У перадачку клалі запісачкі для яго са словамі любові. Я такога рабіць не магла, таму проста тэлефанавала кожны дзень на пост і прасіла перадаць толькі: «Скажыце яму, што я яго люблю». Не ведаю, ці перадавалі. Хочаца верыць. Нічога іншага сказаць у апошнія дні ўжо немагчыма, любыя словы — мітусня і лухта, але гэтае — абавязкова, ад першага і да апошняга дня, варта казаць сваім блізкім, бо так табе самому потым жыць прасцей. Любоў блізкіх — той адзіна важны рэсурс, з якога ўсё расце і без якога ўсё памірае.
Трымаемся, дарагія суайчыннікі тут і там. Усё гэта скончыцца, а новае пачнецца. Так бывае заўсёды.